4 чэрвеня раённая газета адзначае свой 85-гадовы юбілей. Многа гэта ці не? Па чалавечых мерках – узрост салiдны, для газеты – час росквіту, сталасці і мудрасці.
Не адно пакаленне журналістаў і чытачоў змянілася за 85 гадоў. Большая палова жыцця выдання прыйшлася на дваццатае стагоддзе – багатае на падзеі і змены ў краiне. Усе яны адлюстраваны ў газеце, якая ўдзельнічала ў фарміраванні савецкай улады і будаўніцтве сацыялізму, камунізму.
Не спыніла сваёй дзейнасці «раёнка» і тады, калі пачалася вайна. Наадварот, яна вяшчала з перадавой. Пісала, у першую чаргу, пра становішча на фронце, распавядала пра людзей, якія не шкадавалі намаганняў, каб перамагчы фашызм.
«Раёнка» праводзiла расонцаў на фронт і сустракала пераможцаў. Франтавы нумар 1943 года і сёння захоўваецца ў музеі баявой садружнасці.
У ваенны час рэдакцыю ўзначальвалі галоўныя рэдактары Курлевіч, Бельскі.
Змяняліся час, людзі, раён. Разам з краінай газета пераходзiла ў эпоху ўзлётаў і падзенняў, калі адбылiся змены ў сацыяльнай сістэме і крах ідэалаў і ілюзій. Калі паглядзець на пажоўклыя ад часу старыя нумары, можна ўбачыць, як яны ганьбілі на сваіх старонках прыхільнікаў рэлігіі. Сёння мы з гонарам і любоўю распавядаем пра аднаўленне хрысціянскіх цэркваў і адраджэнне праваслаўя.
Першы нумар «раёнкі» быў апублікаваны 4 чэрвеня 1932 года пад назвай «Калектывіст Расоншчыны». На жаль, ён не захаваўся ні ў адным з архіваў.
Змянялася і перыядычнасць выдання. Газета выходзіла і тры, і два разы на тыдзень. Сёння толькі адзін раз, але ў іншым фармаце – 12 старонак.
За восем з паловай дзесяцігоддзяў у газеце змяніўся не адзін рэдактар. Кожны з іх імкнууся захаваць і памножыць ужо створаныя традыцыі, зрабіць публікацыі цікавымі настолькі, каб яны сталі самымі любімымі і папулярнымі сярод расонцау. У 60 -х «раёнкай» кіраваў Уладзімір Сімуроў, у 70 -х Генадзь Шэршнеў.
За гэты час газета мяняла назвы: «Сацыялістычная праца», «Камуністычны шлях», «Голас Расоншчыны».
З 1973 да 2005 года рэдактарам быў таленавіты і мудры лідэр Люцыян Галаўня. Ен пакінуў добры след у памяці тых, каму давялося працаваць з ім.
Таленавітыя, адданыя сваёй справе людзі стваралі газету. На жаль, многіх ужо няма ў жывых – Рыгор Прудоўскі, Генадзь Шэршнеў, Віктар Буракоў... З тымі, хто і сёння ў страі, мы падтрымліваем цесную сувязь. Гэта Аліна Прудоўская, Мікалай Рабіза, Валянціна Скоп, Ніна і Аляксей Герасімавы, Ганна і Яўген Падрэзы, Валянціна Руба... Пайшоўшы на заслужаны адпачынак, яны яшчэ ў думках з рэдакцыяй, па-ранейшаму хвалююцца за сваю родную газету, уважліва перачытваюць яе, расказваюць, на што звярнуць увагу, якія ёсць слабыя і моцныя бакі.
З 2005 года на працягу 7 гадоў рэдакцыю газеты ўзначальвала Маргарыта Аляксеева, якая працуе і зараз.
Сённяшні калектыў – гэта творчыя, таленавітыя людзі: Алёна Барадулькіна, Таццяна Лапаціна, Ірына Гарэлікава, аператар электроннага набору і вёрсткі Алена Яршова, карэктар Ганна Матукоўская, галоўны бухгалтар Таццяна Ганчарова, вадзіцель Віктар Бадуноў. Разам мы імкнёмся не расчараваць чытача, зацікавіць. Выпуск газеты – працаёмкі і напружаны працэс. Што б ні адбылося вакол, незалежна ад таго, якія «буры бушавалі» ўнутры або па-за рэдакцыйнымі сценамі, газета павінна выйсці своечасова. Яна заўсёды знаходзіцца ў цэнтры падзей, гэта як сэрца раёна, выданне жыве, пульсуе, радуецца, хварэе, суперажывае.
У калектыва рэдакцыі шмат цікавых ідэй і задумак. Спадзяюся, мы зможам іх рэалізаваць. Бо наперадзе ў газеты доўгі шлях і новыя юбілеі. Галоўнае, каб яна заўсёды заставалася запатрабаванай жыхарамі раёна. Бо газета жыве, пакуль яна патрэбна людзям.