Сельгаскааператыў «Клясціцы» – адзін з перадавых у раёне вытворцаў жывёлагадоўчай прадукцыі. Так, за 11 месяцаў 2010 года ў гаспадарцы атрымана 15 тысяч 556 кілаграмаў малака, што на 14,8 працэнта больш мінулагодняга.
Прадукцыйнасць кожнай буронкі таксама павялічылася на 291 кілаграм і склала 3 тысячы 472 кілаграмы малака. Падобнаму росту садзейнічала не толькі павелічэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы (сёлета яно ўзрасло з 460 да 490), але і рэканструкцыя, мадэрнізацыя цэнтральнай малочнатаварнай фермы.
– Адзін малакаблок на комплексе быў устаноўлены ў 2006 годзе падчас будаўніцтва аграгарадка, – адзначае заатэхнік Ева Машарская. – А для таго, каб запусціць малакаправод цалкам, не хапала другога халадзільніка. Сёлета ў пачатку снежня абсталяванне набылі і распачалі яго ўстаноўку. Справа засталася за малым – дапрацаваць дробязі. Думаю, у новым годзе мы назаўсёды адмовімся ад бідонаў і ручной працы, што, у сваю чаргу, стане закладам росту вытворчасці і атрымання малака гатунку «Экстра».
А цяпер на ферме ў самым разгары зімовыя ацёлы.Таму штодня тут надойваюць 3 тысячы 730 кілаграмаў малака, прытым толькі вышэйшага гатунку і з высокай тлустасцю 3,9 працэнта. Прыклад у рабоце паказваюць вопытныя аператары машыннага даення Людміла Пакатава і Надзея Кудзінава ( На здымку) , якія дасягнулі мяжы адпаведна ў 4 055 і 3 928 кілаграмаў на адну карову. Прырост відавочны, бо да мінулагодняга ён складае 55 і 1399 кілаграмаў.
На дарошчванні цялят (пасля 21 дня жыцця) паспяхова працуе Наталья Мелдэрс ( на здымку). Яна пільна сочыць за станам здароўя і патрэбамі сваіх падапечных, каб яны былі не толькі сытымі, але і знаходзіліся ў спрыяльных умовах. Штодзённыя прывагі па яе групе ў параўнанні з 11 месяцамі 2009 года павялічыліся на 100 грамаў і склалі 439 грамаў.

Дарэчы, цялят на ферме таксама стала на 43 галавы больш: калі летасьналічвалася 468, сёлета– 511.
Яшчэ адным з фактараў паспяховай зімоўкі жывёлы заатэхнік лічыць дастатковы запас кармоў, якіх у 2010 годзе назапашана 28,5 цэнтнера на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы. Таму праблем з “ежай” на ферме няма. Кожная дойная карова атрымлівае
штодзённы збалансаваны рацыён з 40 кілаграмаў сенажу, 1,5 – сена,2 – канцэнтратаў.
Па ўсім бачна, жывёлаводы фермы не збіраюцца перадаваць эстафету першынства, якую яны ўпэўнена ўтрымліваюць у раёне напрацягу года. І хаця пакуль не абыходзіцца без праблем рознага кшталту, прадукцыйнасць іх падапечных працягвае ўпэўнена расці. Кожная буронка дае ў сярэднім 7, 6 літра малака, што на 1, 2 больш, чым летась.