
У першы дзень лета ў многіх краінах свету адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Святкуецца ён і ў Беларусі. Нездарма гавораць, што дзеці наша будучыня, кветкі жыцця. Менавіта да такіх “кветачак” я завітала ў дзіцячы сад №1 райцэнтра.
У групе “Вяночак”, дзе выхавацелем з’яўляецца Вольга Леанідаўна Кавалёнак, кожны дзень для двух дзесяткаў 4-5-годак праходзіць весела і насычана. Раніца тут пачынаецца з традыцыйнай усмешкі і прывітання з любай Леанідаўнай, а заканчваецца спадзяваннем на новую, такую ж цёплую сустрэчу.
Аказваецца, дзіцячы сад можа быць месцам, дзе кожнае дзіця не толькі адчувае сябе камфортна, але і раскрывае свае здольнасці, развівае таленты. Давайце пазнаёмімся з некаторымі захопленымі выхаванцамі Вольгі Леанідаўны і запытаем у педагога пра тое, як у яе атрымоўваецца стаць, без перабольшвання, другой маці для сваіх гарэзаў.
Па словах Вольгі Леанідаўны, усе яе выхаванцы бязмежна таленавітыя, здольныя і вельмі разумныя. Новыя веды яны схопліваюць з налёту і імкнуцца рабіць усё, што прапануе выхавацель, прычым найлепшым чынам.
Сама педагог хвалявалася, калі прымала першую ў сваім жыцці групу маленькіх дзяцей два гады таму. “Да дэкрэтнага адпачынку я працавала на падмене, а вось цяпер мне даверылі групу, дзе я з’яўляюся асноўным выхавацелем. Вялікая адказнасць, але і падвоены інтарэс, бо ты разумееш: гэтыя малыя ад цябе пойдуць у школу. Іх многаму трэба навучыць, паказаць дзетвары і яе бацькам патэнцыял кожнага, а галоўнае, зрабіць так, каб яны не палохаліся вялікага калектыву і яго законаў”, – кажа малады педагог. І ў яе гэта выдатна атрымліваецца.
Па словах метадыстаў аддзела адукацыі, а таксама па меркаванні кіраўніцтва садзіка з Вольгі Леанідаўны вырасце сапраўдны прафесіянал. Яна ўмее пабудаваць добрыя адносіны не толькі ў дзіцячым калектыве, але і з бацькамі. Апошнія яе лепшыя памочнікі па любым пытанні, пачынаючы ад выхаваўчага працэсу і заканчваючы праблемамі арганізацыйнымі.
Дзякуючы такому шчыльнаму кантакту і ўзаемаразуменню, дзецям хочацца хадзіць у сад, а бацькі са спакойным сэрцам перадаюць сваіх маленькіх любімцаў пад пяшчотную апеку Вольгі Леанідаўны. Сама маці дваіх дзяцей, яна разумее перажыванні і страхі дарослых і імкнецца пераадолець старыя стэрыятыпы, што ў дзіцячым садзе малому горш, чым дома з маці.
“Канешне, вельмі добра, калі ў маці ёсць магчымасць самой выхоўваць дзіця, бо няма нічога больш каштоўнага, чым бацькоўская любоў. А калі маці ў дэкрэце імкнецца зрабіць жыццё малога насычаным, поўным разнастайных падзей, калі яны займаюцца развіваючымі гульнямі, ходзяць у госці ў сад, то праблем таксама няма. Але для паходу ў садзік таксама ёсць станоўчыя падставы.
Напрыклад, дзеткі хутчэй пачынаюць размаўляць, асвойваюць асабістую гігіену і ўвогуле становяцца больш самастойнымі, без праблем ідуць на кантакт з аднагодкамі і незнаёмымі дарослымі.

Я ўжо не кажу, наколькі яскрава раскрываюцца іх таленты!” – дзеліцца Вольга Леанідаўна.
Напрыклад, у 5-гадовай Яначкі Гернат выхавацель адразу ўбачыла схільнасці да выяўленчага мастацтва. Яна так добра падбірае колеры, настолькі акуратна наносіць фарбы і імкнецца ўнесці ў кожнае заданне сваю ідэю, што бачна – калі дзяўчынцы заняцца гэтай справай сур’ёзна, то ёсць шанцы стаць сапраўдным мастаком, дызайнерам ці архітэктарам. А Кірыл Мурашка?
Гэты хлопчык так яскрава ўмее пераўвасабляцца, спяваць, расказваць вершы і розныя гісторыі, што бацькам трэба абавязкова аддаваць яго ў драматычны гурток. Яначка Курак выдатна танчыць, і, нягледзячы на яе актыўны і непаседлівы характар, дзяўчынка так канцэнтруецца на музыцы і рухах танца, што ў яе можа скласціся прафесійная танцавальная кар’ера. “Кожнае дзіця таленавітае па-свойму.
Я вельмі спадзяюся, што ўсе яны стануць добрымі людзьмі, выбяруць любімую прафесію і будуць з цеплынёй успамінаць сваё дзяцінства і час, які прайшоў у дзіцячым садзе,” – з пяшчотай кажа педагог.