
Сёмы па ліку фестываль агра-і экатурызму “Заборскі фэст”, дзякуючы якому Расоншчыну ведаюць нават за межамі рэспублікі, прайшоў у мінулую суботу на цэнтральнай пляцоўцы аднаго з самых прыгожых мястэчак раёна. І хаця ён не меў такога размаху, як у папярэднія гады, але ўсё роўна стаў сапраўдным святам для заборцаў і гасцей вёскі.
Пры ўваходзе на цэнтральную фестывальную пляцоўку кожны мог стаць сапраўдным удзельнікам свята, атрымаўшы ад спецыялістаў аддзела ідэалагічнай работы Расонскага райвыканкама сімвалічныя значкі з лагатыпам “Заборскі фэст” і праграму фестывалю.
Турыстычныя маршруты раёна прадставілі начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Тадэвуш Пальчэўскі, супрацоўнікі фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Сярод самых цікавых – “Блакітныя каралі Расон”, “Воднымі дарогамі па гісторыі Расоншчыны”, “Зямля нашых продкаў”, “База адпачынку “Межна”, “ Нашы заказнікі”, “Дарогамі легенд”.

Убачылі ўдзельнікі і госці фестывалю прэзентацыю сельскіх сядзіб – галоўных “віноўнікаў” свята. На жаль, сёлета іх сабралася няшмат, а з тых, хто прадстаўляў сябе і свой турыстычны прадукт, разбаўлены блюдамі нацыянальнай кухні і ўсялякімі “разынкамі”, лепшай была прызнана “Мара рыбака” Ірыны і Мікалая Казловых. Акрамя стэнда з карыснай інфармацыяй па дзвюх аграсядзібах у Забор’і і Бухаве, гаспадары ў цікавай форме дзяліліся метадамі і прыёмамі работы, прапаноўвалі ўсім жадаючым паласавацца асноўным блюдам “Мары рыбака” – рыбай у розных варыяцыях.
Годна прарэкламавалі свае сядзібы Аляксандр і Вера Кролы, Вольга і Генадзь Картавенкі.
Па традыцыі з дзесяці гадзін раніцы “запрацаваў” і кірмаш рамёстваў. Сёлета да непаўторных вырабаў майстроў Дома рамёстваў, настаўніка Заборскай школы Віктара Карнеева далучыліся спецыялісты Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Сліж, Сяргей Суліменка і Алеся Савіцкая на чале з дырэктарам Ганнай Ясінскай. На прапанаваныя ўмельцамі работы можна было не толькі любавацца невядома колькі часу, а і абавязкова хацелася штосьці набыць. Дрэвы шчасця, мяшэчкі жаданняў, драўляныя алоўкі-сувеніры з гумарыстычнымі надпісамі, самаробныя лялькі, пано і іншае– усё з немудрагелістых падручных ці прыродных матэрыялаў, зробленае з густам і фантазіяй. Ад названай выставы-продажу ніхто не пайшоў з пустымі рукамі – таму спрыяла і бяспройгрышная латарэя, арганізаваная супрацоўнікамі ТЦ САН. Кірамашу-продажу самабытнага каларыту надавала выступленне дзіцячага ўзорнага фальклорнага калектыву “Нежачкі”. Жвавыя, з запалам, іх спеўкі і пляскі расфарбавалі пачатак свята ў нацыянальны колер і ўзнялі настрой прысутных з першых хвілін фэсту.
Як звычайна, парадавалі стравамі на любы густ і вырабамі рук сваіх майстроў, гурткоўцаў Дамы культуры пасёлка Міжкалгасбуда, Янкавіч, Сяляўшчыны, Клясціц, Краснаполля. Чаго толькі не было на гэтых гасцінных “падвор’ях”: выпечка, цудоўныя стравы беларускай кухні, наліўкі, хатнія сыры, мёд.

І ўсёй гэтай смакатой мог пачаставацца любы жадаючы! Акрамя таго, кваском і шашлыком парадаваў гасцей фэсту гандаль райпа,які быў прадстаўлены пяццю палаткамі. З забаў для дзяцей і дарослых – катанне на кані ў сядле і на павозцы, арганізаванае Аляксандрам Кролам і Наталляй Шылінай. Шмат было жадаючых сфатаграфавацца з раставымі лялькамі раённага Дома культуры. Кот Матроскін, дзіснэеўская Міні, Баніфацый, Монцік забаўлялі малых цэлы фэстаўскі дзень.
Урачыстае ж адкрыццё “Заборскага фэсту” па традыцыі адбылося на перасоўнай эстрадзе, прадастаўленай аддзелам культуры райвыканкама.
Вядучая канцэртнай праграмы “Ад расонскіх палёў”

Ларыса Власава словы ўдзячнасці выказала ўсім, хто сабраўся на гасціннай заборскай зямлі, каб паўдзельнічаць ці папрысутнічаць на свяце, якое ведаюць нават за межамі нашай краіны. Дадала, што менавіта гэта вёска, якая згубілася сярод бяскрайніх густых лясоў і караляў блакітных, як неба, азёр, так вабіць да сябе гараджан.
Безумоўна, першае слова ўзяў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Шубскі. Глава раёна падзякаваў гасцінную заборскую зямлю і прыклаўся вуснамі да духмянага караваю – выніку працы мазолістых рук хлебаробаў.
Па выніках конкурсу на лепшую аграсядзібу, умельцаў Горада майстроў, сельскіх Дамоў культуры намеснік старшыні райвыканкама Віктар Юрашкевіч, начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму Тадэвуш Пальчэўскі, начальнік аддзела культуры райвыканкама Святлана Волкава ўзнагароджвалі і віншавалі пераможцаў – аграсядзібу “Мара рыбака”, ТЦ САН і Сяляўшчынскі СДК.

Для ўсіх прысутных на свяце спявалі і танцавалі народныя калектывы “Крыніца”, “Свяціца”, таксама “Вечарына”, “Спадчына” і ўзорны калектыў “Нежачкі”.
У той час, як на галоўнай сцэне распачаўся эстрадны канцэрт з удзелам калектываў “Надзея”, “Вясёлка”, “Модус” і артыстаў РДК, у інфармацыйным экацэнтры за круглым сталом гаспадары сядзіб, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Юрашкевіч, дырэктар прыродаахоўнай установы “Эка-Росы” Анатоль Малышаў, старшыня Краснапольскага сельскага Савета Сяргей Пачкоўскі абмяркоўвалі праблемы развіцця сельскага турызму на тэрыторыі нашага раёна і далейшыя перспектывы фестывалю агра-і экатурызму на заборскай зямлі, адзначыўшы, што свята страціла ранейшыя маштабы і папулярнасць.

“Што будзем рабіць далей? Ад чаго адштурхоўвацца? Хто возьме на сябе ролю арганізатара і каардынатара мерапрыемства ў будучым?” – гэтыя пытанні сталі дамінантнымі ў дыспуце гаспадароў сядзіб і прадстаўнікоў мясцовай улады. Кожны ўдзельнік круглага стала меў магчымасць падзяліцца сваімі думкамі, расказаць пра набалелае, прапанаваць варыянты далейшага развіцця. Вынікам абмену меркаваннямі стала прапанова не прамаруджваць час, больш актыўна выступаць з ініцыятывамі і знайсці аптымальную кропку ўзаемаразумення і падтрымкі. Гутарка атрымалася змястоўнай, жвавай і карыснай для ўсіх, хто зацікаўлены ў далейшым развіцці аграэкатурызму ў нашым раёне.