
Лес, шум ветру ў кронах дрэў, спеў птушак, пах дыму, бурлівы кацялок з вячэрай і старыя добрыя песні ля вогнішча. Мала хто адмовіцца ад такога адпачынку, а некаторыя ператварылі яго ў від спорту і змагаюцца за званне лепшых турыстаў у раёне.
16-17 ліпеня. Традыцыйна на гэтую дату выпадае разгар летняга сезона і, суадносна, пары, калі бераг возера Волаба на Заборшчыне прымае ўдзельнікаў чарговага турыстычнага злёту. За пяць гадоў (менавіта столькі праводзіцца гэтае свята турызму) злёт стаў сустрэчай дружбы і экстрыму.
Да месца «дыслакацыі» ўдзельнікі прыбылі ў поўным узбраенні: з палаткамі, кацялкамі і іншай амуніцыяй, а галоўнае – з добрым настроем. На «Залатых пясках» іх чакалі арганізатары і журы злёту адначасова – дырэктар ФСК «Старт» Сяргей Вэштар, начальнік аддзела па справах моладзі Наталля Дзедзінец, прадстаўнік РК БРСМ Наталля Ломыш, галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі Аляксандр Лебедзеў. У гэтым годзе аспрэчваць прызавыя месцы прыбылі толькі чатыры каманды: УП ЖКГ, лясгаса, ДРБУ-109, РАА.
Праграма злёту, як звычайна, уключала ў сябе некалькі відаў спаборніцтваў. Асноўныя з іх – арыентаванне, трыятлон, перацягванне каната, конкурс мастацкай самадзейнасці, а таксама турысцкая падрыхтоўка, спаборніцтвы па дартсе, турысцкім быце. Аднак у гэтым годзе практычна ўсе этапы ўтрымлівалі ў сабе тую ці іншую тэхнічную складанасць.
Адкрыліся спаборніцтвы агульным пастраеннем каманд, прывітаннем арганізатараў, узняццем сцяга.
...Зрэшты, свой намер перамагчы трэба было пацвердзіць на справе, таму адразу пасля адкрыцця каманды пачалі рыхтавацца да арыентавання ў заданым накірунку па компасе. Гэта – адно з галоўных па важнасці выпрабаванняў.

Заданне разлічвалася на хуткасць і кемлівасць. Такое майстэрства лепей за іншых прадэманстравала каманда УП ЖКГ: за лічаныя хвіліны спартсмены справіліся з пастаўленай задачай.
З мінімальнай колькасцю штрафных ачкоў і з найбольшай лічбай заліковых балаў прапанавалася камандам прайсці турысцкі трыятлон: крос, плаванне на матрасе і пераадольванне такой перашкоды, як мышалоўка.

Калі з кросам спраўляліся без праблем, то на водным этапе прыйшлося няпроста. Праплыць без штрафаў сумелі не ўсе каманды,зрэшты, як і прапаўзці праз мышалоўку.
Пасля сур’ёзных фізічных нагрузак удзельнікаў злёту праследавала толькі адно жаданне – падсілкавацца. Аднак стравы паходнай кухні трэба было яшчэ прыгатаваць. Пакуль працэс разгортваўся, журы ацэньвала агульны выгляд і абсталяванне лагера .
На «салодкае» ў першы дзень арганізатары пакінулі конкурс мастацкай самадзейнасці – «Адзін дзень з жыцця арганізацыі». Фантазія і акцёрскае майстэрства турыстаў дзівілі не менш, чым іх сіла іцягавітасць! Журы было ў захапленні! Авацыі «зняла» каманда лясгаса, якая на імправізаванай сцэне разгарнула сапраўднае тэатралізаванае гумарыстычнае прадстаўленне. Насмяяліся ад душы.
...Другі дзень запомніўся арыгінальным валейболам (шэсць чалавек гулялі коўдрай), дартсам.
Тэхнічная складанасць этапаў прыйшлася па гусце ўсім удзельнікам. Бо перамога саладзей, калі яе дабівацца ўпартай працай. Ды і самі спаборніцтвы толькі выйграюць, таму што становяцца сапраўды цікавымі.

У гэтым годзе «золата» дасталася камандзе Расонскага аддзела адукацыі, «серабро» – у руках каманды ДРБУ, «бронза» – за лясгасам. На чацвёртым месцы – УП ЖКГ.
Па традыцыі развіталіся фразай: «Да новых сустрэч!».
...Адзінае, пра што шкадавалі госці і ўдзельнікі злёту, дык гэта пра адсутнасць новых каманд. З года ў год спаборнічаць едуць адны і тыя ж калектывы, а сёлета і то менш. Хацелася б пашырыць геаграфію ўдзельнікаў. Аматары турызму збіраюцца разам, на жаль, не так часта. Злёт – выдатная магчымасць задаволіць «голад» у турысцкіх зносінах,паказаць спартыўную падрыхтоўку работнікаў арганізацый. І перш за ўсё ў гэтым павінны быць зацікаўлены іх кіраўнікі, якія апошнім часам расчароўваюць сваёй абыякавасцю да такіх мерапрыемстваў. Ёсць над чым падумаць...