Моладзь – нашы сучаснасць і будучыня. Якія хлопцы і дзяўчаты сёння прыйдуць на змену сталаму пакаленню, такое заўтра чакае краіну і кожнага з нас. У маладых людзей калектыву Расонскага ДРБУ-109 сумнявацца няма прычын. Пачынаючыя дарожнікі – актыўныя, жыццярадасныя людзі, кожны з якіх гатовы падставіць сяброўскае плячо.
Бухгалтар Вера Пецеранкова ( на здымку злева) па жыцці аптымістка і патрыёт сваёй вялікай і маленькай радзімы. Пацвярджэнне таму – удзел у шматлікіх мерапрыемствах раённага ўзроўню, членства ў Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі. Для Веры Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – асаблівае свята з пачуццём гонару і радасці за сваю краіну.
Зрэшты, як і для Наталлі Сініцы (на здымку справа) – дыспетчара ДРБУ-109, характэрнай рысай якой з’яўляецца мэтанакіраванасць. Дзяўчына марыць пабудаваць дом, падмурак якога ўжо закладзены. Максім Ціток – старшы майстар будаўніча-мантажных работ – таксама чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. – Я хачу за доўгае і адначасова кароткае жыццё шмат паспець. Перш за ўсё важна не ўпасці ў вачах сваіх бацькоў, апраўдаць іх надзеі і давер.
А 3 ліпеня для мяне – святочны, напоўнены добрым настроем і радасцю дзень. Ён з’яўляецца сімвалам самавызначэння беларускай дзяржаўнасці, сімвалам гераізму нашых прадзедаў, якія здолелі перамагчы фашызм.
Мы не маем права падводзіць іх, бо цяпер ад нас залежыць, якой будзе Беларусь праз дзесяць – дваццаць гадоў!
Маладыя людзі павіншавалі ўсіх расонцаў з надыходзячым святам і пажадалі здароўя, шчасця, поспеху і дабрабыту.