
Ва ўсіх гаспадарках раёна прайшлі сходы механізатараў, у якіх прынялі ўдзел спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, прадстаўнікі райвыканкама. На іх абмяркоўваліся пытанні падрыхтоўкі і правядзення надыходзячай уборачнай кампаніі.
На адным з іх – у сельгаспрадпрыемстве «Сяляўшчына» – па-прысутнічала і я. Падобныя сходы напярэдадні важных сельскагаспадарчых кампаній для сяляўшчынскіх хлебаробаў ужо сталі традыцыяй. Яны дазваляюць, вобразна кажучы, «зверыць стрэлкі гадзіннікаў», больш дакладна зразумець, па якіх прынцыпах будзе арганізавана работа, на што трэба звярнуць асаблівую ўвагу.
Пачаткам уборкі збожжавых культур у гаспадарцы вызначана 25 ліпеня. Пра гэта паведаміў дырэктар сельгаспрадпрыемства Віктар Амосаў. Акрамя таго, ён акрэсліў агульную карціну правя-дзення ўборачнай. Яго дапоўніў галоўны аграном гаспадаркі Барыс Іваноў, які агучыў лічбы, што датычыліся ўборачных плошчаў і плануемага ўраджаю. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на павышэнне якасці правядзення жніва, скарачэнне страт да мінімуму.
Галоўны эканаміст Наталля Рудніцкая азнаёміла хлебаробаў з асноўнымі прынцыпамі аплаты працы на жніве, мерамі матэрыяльнага заахвочвання і выплатамі за перамогу ў спаборніцтвах сярод экіпажаў.
Шмат спраў перад пачаткам уборачнай у інжынернай службы гаспадаркі. На сённяшні дзень пакуль не гатовы выйсці ў поле два камбайны. Пра гэта ў сваім кароткім выступленні гаварыў галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства Міхаіл Голубеў. Ён прызваў механізатараў беражліва падыходзіць да даручанай тэхнікі, дапамагаць адзін аднаму ў правядзенні рамонту.
Яшчэ адно пытанне, якое па-вінна пастаянна знаходзіцца ў полі зроку хлебаробаў – выкананне правілаў аховы працы, тэхнікі бяспекі і пажарнай бяспекі. На жаль, вопыт мінулых гадоў гаворыць пра тое, што за халатныя адносіны да падобных рэчаў некаторыя механізатары – жыхары іншых рэгіёнаў нашай краіны – плацілі жыццямі і здароўем. Каб падобнае не здарылася на сяляўшчынскіх палетках, пра асноўныя правілы тэхнікі бяспекі прысутным напомніла спецыяліст па ахове працы Наталля Папова.
Што датычыцца забеспячэння пажарнай бяспекі, то тут хлебаробам дапамогуць супрацоўнікі РАНС, якія будуць несці дзяжурства прама на полі. Акрамя таго, галоўнаму інжынеру было даручана звярнуць асаблівую ўвагу на камплектацыю камбайнаў медаптэчкамі, сродкамі пажаратушэння і індывідуальнай аховы.
На сходзе таксама прысутнічалі, задавалі і самі адказвалі на пытанні старшыня раённага Савета дэпутатаў Генадзь Фёдараў і загадчык сектара эканомікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Любоў Мацулевіч.