Пачэснае званне атрымалі тыя, чыя невычарпальная энергія, творчы патэнцыял і вялізная працаздольнасць дазваляюць вырашаць самыя складаныя задачы, замацоўваць эканамічныя паказчыкі, ствараць матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці нашай дзяржавы.Сярод іх машыніст аўтакрана ДКУБП “Расонская ПМК-63” Васіль Віктаравіч Сцяпанаў.Пра такіх, як ён, кажуць: «Сціплы, адказны, у працы самаадданы, ў сям’і паважаны». Але адным сказам пра лаўрэата не скажаш – заслужыў больш падрабязнага аповеду.
Так склалася, што наша сустрэча з Васілём Віктаравічам ужо другая. Першая адбылася ў гарачы для кранаўшчыкоў летні перыяд, калі будоўля ідзе поўным ходам.
Тады працаўнік быў названы сярод лепшых расонцаў, якіх ушаноўваюць штогод у час святкавання Дня Незалежнасці нашай дзяржавы. На жаль, размова праходзіла мімаходам, але з першага позірку было зразумела, што перада мной сапраўдны чалавек працы. Мінула палова года, і зноў сустрэліся, цяпер ужо з нагоды новага звання: Васіль Віктаравіч адзіны ў гэтым годзе ад нашага раёна, быў, адзначаны як «Чалавек года Віцебшчыны». І зноў кіпіць будаўніцтва новай фермы ў Клясціцах, а мой суразмоўнік зноў незаменны.
“Нарадзіўся ў вёсцы Сінск, закончыў дзесяцігодку ў Клясціцах, два гады адслужыў у арміі. Потым 20 гадоў адпрацаваў у Сельгастэхніцы: спачатку вадзіцелем, а потым перакваліфікаваўся ў кранаўшчыкі. 17 год працую ў ПМК-63 на той жа пасадзе. Вось і ўся біяграфія,” – усміхаецца суразмоўннік.
Сціпласці, канешне, Васілю Віктаравічу не займаць, але адно тое, што ў наш час чалавек мае толькі два запісу ў працоўнай кніжцы пра штосьці гаворыць! Па словах калег і знаёмых, такое пастаянства ў прыродзе Васіля Сцяпанава – ён чалавек памяркоўны, даручаную справу робіць як трэба, а яго словам заўсёды можна давяраць.
Кіраўніцтва цэніць кранаўшчыка за ўменне правільна спланаваць працу для выканання заданняў па будаўніцтву аб’ектаў, пры гэтым ён не дапускае перарасходу паліва, беражліва ставіцца да тэхнікі, падтрымлівае яе ў патрэбным стане. За гэтыя якасці работнік мае аўтарытэт у калектыве, таму менавіта да яго на стажыроўку накіроўваюць моладзь. Толькі сёлета Васіль Віктаравіч выхаваў двух маладых спецыялістаў. І ў яго, на самой справе, ёсць чаму павучыцца!
Так, дзякуючы зладжанай працы аўтакрана, брыгады каменшчыкаў і мантажнікаў выконваць нормы на 110-115 працэнтаў!
Амаль за 37 гадоў працы на яго рахунку ўдзел у будаўніцтве многіх значных аб’ектаў Расоншчыны: першы кааператыўны шматкватэрны дом, новыя дамы і іншыя аб’екты сацыяльнай сферы ў аграгарадках раёна, новыя фермы. “Прыемна ўсведамляць, што ў раёне шмат пабудоў узведзена з маім удзелам,” – разважае адзін з герояў Прыдзвіння.
Прыемна было атрымаць узнагароду з рук губернатара Аляксандра Косінца, а потым чуць віншаванні ад маці, якая жыццё прысвяціла сельскай гаспадаркі, ганарыцца сынам, і малодшых сясцёр з Наваполацка.
Акрамя знака “Чалавек года Віцебшчыны”, Васіль Віктаравіч атрымаў грашовую прэмію памерам у 10 мільёнаў рублёў. Добры прыклад дачцэ …., якая сёлета атрымае спецыяльнасць інжынера-будаўніка. Што ж, пачатак у дынастыі выдатны – застаецца толькі падтрымліваць добрыя традыцыі працы.