15 чэрвеня ў раённым Доме культуры адбыўся святочны канцэрт, прысвечаны Дню медработніка. Свята адкрыў галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Аляксей Шчаўкун.
– Я шчаслівы сёння бачыць у гэтай зале людзей, якія, не шкадуючы сябе, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Здароўе – самы каштоўны набытак Рэспублікі Беларусь. На яго варце стаіць вялікая армія вучоных, урачоў, медыцынскіх сясцёр. Важкі ўклад у гэтую высакародную справу ўносяць медыцынскія работнікі Расонскага раёна. Высока ацэньваючы вашу працу, выказваю упэўненасць у тым, што вы і надалей будзеце паспяхова вырашаць задачы па паляпшэнні і ўдасканаленні медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, прафілактычнай і аздараўленчай працы. Віншую вас са святам. Жадаю моцнага здароўя, поспехаў і душэўнага задавальнення ў нашай высакароднай працы.
Аляксей Уладзіміравіч уручыў Ганаровыя граматы ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення Таццяне Васкрасенскай, фельчару Краснапольскай амбулаторыі Таццяне Булыгінай.
У сваю чаргу інспектар па кадрах Таццяна Высоцкая агучыла прозвішчы медработнікаў, якія за шматгадовую працу і ўважлівае стаўленне да хворых будуць прэміраваны і адзначаны падзякай.У спіс увайшло 76 чалавек.
На ўрачыстым вечары прысутнічала і непасрэдны куратар установы аховы здароўя, намеснік старшыні райвыканкама Галіна Падвіцельская. Лепшаму медыцынскаму работніку ўрачу-педыятру Наталлі Красновай Галіна Аляксееўна ўручыла Ганаровую грамату ад райвыканкама. Падзяка старшыні райвыканкама дасталася медыцынскім сёстрам тэрапеўтычнага і хірургічнага аддзяленняў Таццяне Данчанка і Алене Дудко.
– Менавіта ад вас сёння ў значнай ступені залежыць паспяховае выкананне маштабнай агульна-дзяржаўнай праграмы дэмагра-фічнай бяспекі. Паўсядзённы клопат пра здароўе насельніцтва, вяртанне хворых да паўнацэннага жыцця – усё гэта праца, якая патрабуе пастаяннай адданасці, цярплівасці, прафесіяналізму. Жадаю вам добрага здароўя, дабрабыту, поспехаў, – павіншавала ўсіх медыкаў Галіна Аляксееўна.
Не забыліся ў гэты дзень і пра людзей, якіх мы называем ганаровым слова «ветэран». Яны таксама былі адзначаны прыемнымі падарункамі і віншаваннямі.
Для некаторых Дзень медыка стаў не проста прафесійным святам, але і асабістым. І не проста Днём нараджэння, які мы адзначаем штогод, а юбілеем. З гэтай знамянальнай падзеяй павіншавалі медсястру Клясціцкай амбулаторыі Надзею Лушчык, фельчара хуткай медыцынскай дапамогі Зінаіду Гарэцкую. Адзначылі і юбіляраў, якія сустрэнуць сваё свята з дня на дзень: урача- неўролага Ганну Бабіч і педыятра Наталлю Краснову.
Добры настрой у святочны дзень работнікам самай высакароднай прафесіі дарылі самадзейныя артысты РДК, студыі «Надзея», пасёлка Міжкалгасбуда. У адрас кожнага аддзялення, чалавека, калектыву гучалі віншаванні. Артысты выконвалі сольныя песні, танцавалі.