22 чэрвеня, спаўняецца 71 год з моманту пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Гэты дзень назаўсёды застанецца ў нашай памяці днём самай вялікай трагедыі. Бо ахвярамі Вялікай Айчыннай стаў кожны другі жыхар нашага раёна.Міхаіл Хітоў – сувязіст 104 асобага супрацьтанкавага палка – памятае пра гэтую дату пастаянна. Ён прайшоў вайну, разам з іншымі салдатамі ўзяў Берлін і там жа сустрэў Перамогу.А ўсё было нібы ўчора: вось ён, прыгажун хлопец 18 гадоў ідзе на працу на чыгуначную станцыю з Балбечына ў Прыбыткі. А над галавой узвываюць два самалёты, зусім не падобныя на савецкія. Бомбы адна за адной ляцяць на мост праз Дрысу. Ад нечаканасці ён пабег яшчэ хутчэй да свайго 17 раз’езда жалезнай дарогі. Трэба ж было папярэдзіць або ратаваць таварышаў. Тады ён яшчэ не ведаў, што гэта, але менавіта такім запомніў пачатак вайны.
Міхаіл зненавідзеў фашыстаў так, што разам з аднагодкамі вырашыў даваць адпор праціўніку і пайшоў у адзін з партызанскіх атрадаў брыгады імя Сталіна, дзе стаў сувязістам.
– Больш за два гады я прабыў у партызанах, – успамінае Міхаіл Маркавіч. – І тут, і на Мя-дзельшчыне.
Ветэран згадвае, што на заданні хадзілі ў асноўным ноччу. Днём нельга было: паліцаі, немцы «абнюхвалі» кожны кут. А цемра дазваляла выбрацца з лесу. З партызан юнака пры-звалі ў войска, адкуль ён і трапіў на 1-шы Беларускі фронт.
Не пералічыць, праз што прайшоў загартаваны болем, жахамі вайны партызан. Як і тыя, хто так імкнуўся перамагчы ворага, ён дайшоў да Берліна. І недалёка ад гэтага горада адбыўся самы памятны ў яго ваеннай біяграфіі бой – трох-дзённая бітва за Зяелаўскія вышыні. Такую назву атрымала аперацыя савецкіх войскаў, якая праводзілася ў рамках Берлінскай наступальнай аперацыі.
– Да наступлення на Берлін мы цэлую зіму стаялі за ракой Одэр. Я не памятаю дату, але дакладна ведаю, што ў красавіку паступіў загад наступаць, – успа-мінае Міхаіл Маркавіч. –Тады і пачалася авіяцыйная і артылерыйская падрыхтоўка на ўчастку 1-га Беларускага і 1-га Украінскага франтоў. Пасля яе заканчэння былі ўключаны 143 пражэктары і пяхота, падтрыманая танкамі, атакавала праціўніка. Чым бліжэй падыходзілі нашы войскі, тым мацней нарастала супраціўленне. Але мы злучыліся з Украінскім фронтам і акружылі немцаў.
Самым хвалюючым і яркім момантам для Міхаіла Маркавіча стала ноч, праведзеная ў пераможаным Берліне. Менавіта там ён сустрэў Перамогу і ўступіў у новае мірнае жыццё.
На працягу ўсіх ваенных гадоў Міхаіл Хітоў ні разу не быў паранены. Па словах ветэрана, ён не думаў пра тое, што над ім навісла, ішоў наперад з думкамі пра тых, каму здабывае мір і свабоду.
Пасля вайны ён служыў у Дрэздэне. Потым вярнуўся дадому. Працаваў у пажарнай службе. Каля трыццаці гадоў прысвяціў працы ў дрэваапрацоўчым цэху ў Расонскім лясгасе. Ветэрана і сёння памятаюць і паважаюць за яго працоўныя і баявыя заслугі.
Міхаіл Маркавіч узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй», «За баявыя заслугі» і іншымі.
Паважаныя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працаўнікі тылу! Дарагія нашы дзядулі і бабулі, бацькі і маці! Вы па-ранейшаму ў страі, нягледзячы на убеленыя сівізной галовы, нягледзячы на пакуты ад горкіх страт. Вы дапамагаеце нам, маладому пакаленню, і сваім прыкладам вучыце нас мужнасці і патрыятызму, самаадданаму служэнню Радзіме. Мы заўсёды памятаем пра свой святы абавязак перад героямі-пераможцамі і будзем прыкладаць усе намаганні для таго, каб вы былі акружаны клопатам і ўвагай. Вечная памяць і нізкі паклон усім, хто змагаўся за Радзіму і аддаў за яе сваё жыццё! Вечная слава героям-пераможцам!