Сёння прагучыць першы ў 2012-2013 навучальным годзе званок для 971 вучня ўстаноў адукацыі Расоншчыны, у тым ліку, 99 першакласнікаў. Калі да гэтай колькасці галоўных віноўнікаў урачыстасці пад назвай Дзень ведаў дадаць педагогаў, бацькоў, бабуль і дзядуль, то 1 Верасня па праву можна назваць усенародным святам.Асаблівы гэты дзень і для начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Віктара Мельнікава, з якім я сустрэлася напярэдадні, каб пагутарыць пра рэальнасць і перспектывы адукацыі Расоншчыны. – Віктар Віктаравіч, перш за ўсё дазвольце павіншаваць Вас са святам, а ў Вашай асобе і ўсіх педагогаў раёна. Хай работа прыносіць толькі задавальненне, а галоўным дасягненнем стане падзяка вучняў. Творчасці, цярплівасці і імкнення рухацца наперад!– Дзякуй за добрыя словы. Я таксама віншую ўсіх, хто мае дачыненне да вучэбна-выхаваўчага працэсу, з Днём ведаў і жадаю ўсяго найлепшага.
– З якім настроем сустракаеце свята? – Безумоўна, як і любы педагог, адчуваю радасць і хваляванне. Аднак пры гэтым разумею, што ў наступаючым навучальным годзе перад сістэмай адукацыі раёна стаяць як традыцыйныя, так і новыя задачы, над рашэннем якіх трэба шмат працаваць.
– Што Вы маеце на ўвазе? – Жыццё не стаіць на месцы, і мы абавязаны крочыць разам з ім. Гэта датычыцца стварэння для выхавання і навучання дзяцей годных умоў, што адпавядаюць строгім сучасным патрабаванням. І калі пытанні матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння школ у апошнія гады мы падцягнулі, то з дашкольнымі ўстановамі адукацыі сітуацыя больш складаная. Перш за ўсё, мы абавязаны стварыць для дашкалят развіваючае асяроддзе, куды ўваходзяць цацкі, дыдактычны матэрыял, развіваючыя гульні, абсталяванне і многае іншае. Пакуль вышэйпералічаным 13 устаноў дашкольнай адукацыі Расоншчыны забяспечаны толькі на 70 працэнтаў, хаця сёлета набыта цацак, абсталявання і мэблі на 60,8 мільёна рублёў. Патрабуюць рамонту і самі дзіцячыя сады, якія на сяле ў асноўным размяшчаюцца ў старых або прыстасаваных будынках.
– З 1 верасня Янкавіцкая дзіцячы сад- школа будзе функцыянаваць у рэжыме дзіцячага сада. Ці будзе ў наступным 2013 годзе працягвацца аптымізацыя ўстаноў адукацыі раёна?– На жаль, у свеце той дэмаграфічнай сітуацыі, што складваецца ў раёне, іншага шляху няма. Колькасць дзяцей змяншаецца. Калі ў 2011-2012 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі навучаліся 1008 вучняў, то сёлета іх будзе на 37 менш. Таму на парадак дня выходзяць пытанні падвозу дзяцей і забеспячэння вучняў сярэдняга і старэйшага звяна з сельскіх населеных пунктаў месцамі ў інтэрнаце пры Расонскай школе. Калі спыніцца на падвозе дзяцей, то з панядзелка ім зоймуцца пяць аўтобусаў. Яшчэ адзін для Расонскай школы, што будзе абслугоўваць маршрут Янкавічы-Сяляўшчына-Альбрэхтава – Расоны, будзе набыты да 25 верасня. Да слова, яго кошт каля 430 мільёнаў рублёў. Для дзяцей і падлеткаў, што жывуць у аддаленых вёсках, набываем праязныя на аўтобусы аўтапрадпрыемства №10. Іншымі словамі, мы адсочваем як будзе дабірацца да дзіцячага сада або школы кожны непаўналетні жыхар раёна. Канешне, ёсць пэўныя праблемы з вадзіцельскімі кадрамі і абсталяваннем школьных аўтобусаў у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі, але мы іх стараемся вырашаць у рабочым рэжыме.
Што датычыцца інтэрната пры Расонскай школе, то сёлета выказалі жаданне ў ім пражываць 10 чалавек. Таму ўпершыню за некалькі гадоў там быў зроблены годны касметычны рамонт, працягваецца рамонт даху. Думаю, у наступныя гады колькасць жадаючых атрымліваць адукацыю ў райцэнтры будзе павялічвацца.
– У мінулым навучальным годзе ніводны прадстаўнік Расоншчыны не заняў прызавое месца на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Пытанне работы з адоранымі дзецьмі штогод абмяркоўваецца як ва ўстановах адукацыі, так і на ўзроўні аддзела адукацыі. Чаму воз і цяпер там?– Сапраўды, прадстаўнікі Расонскага і Лёзненскага раёнаў у мінулым навучальным годзе не змаглі на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды заняць прызавые месцы. Чаму? На мой погляд, не працуе формула паспяховага алімпіяднага руху: “Каб падрыхтаваць алімпіядніка, трэба мець настаўніка, які можа, вучня, які жадае, і адміністрацыю, якая створыць для іх работы спрыяльныя ўмовы”. Асабліва гэта датычыцца Расонскай школы, дзе вучыцца наша асноўнае багацце – 590 дзяцей і падлеткаў. На ўзроўні пачатковай школы настаўнікі вылучаюць дзяцей з патэнцыялам будучых алімпіяднікаў і па меры магчымасці працуюць з імі, але, калі адораныя вучні пераходзяць у сярэдняе звяно, яны проста раствараюцца ў агульнай масе. Калі б кожны з іх знаходзіўся на асаблівым уліку, з ім працаваў ужо з пятага класа самы высокакваліфікаваны зацікаўлены педагог, пастаяна падтрымліваючы ў хлопчка ці дзяўчынкі інтарэс да свайго прадмета і паступова падводзячы да алімпіяднага ўзроўню, тады і вынікі былі б. А ў нас пакуль што выходзіць хаатычна. Калі дзіця само па сабе вельмі таленавітае і мэтанакіраванае, яно з мінімумам намаганняў настаўніка прабівае само сабе дарогу. Прыклад, выпускніца Расонскай школы Надзея Шубанава, якая вучыцца на трэцім курсе факультэта міжнародных адносін БДУ па спецыяльнасці “Міравая эканоміка”, маючы адзін з лепшых сярэдніх балаў паспяховасці не толькі сярод аднакурснікаў, а і ўсіх, хто авалодвае гэтай спецыяльнасцю. Дзяўчыну адарыў Гасподзь здольнасцямі, якія дапамагалі ёй і займаць месцы на алімпіядах рознага ўзроўню, і цяпер дапамагаюць быць адной з лепшых студэнтак галоўнай ВНУ краіны. Але такіх , як Надзея, нямнога. І з менш таленавітымі дзецьмі можна дасягнуць вялікіх перамог, толькі пры гэтым трэба больш намаганняў, як настаўнікаў, так і самога вучня.
У гэтым накірунку я ўскладаю асаблівую надзею на новага дырэктара Расонскай школы Алену Марозаву, а таксама на арганізацыю міжшкольных факультатываў, бо менавіта на факультатыўных занятках і рыхтуюцца алімпіяднікі.
І яшчэ хачу дадаць, што ўстановам адукацыі з сельскіх раёнаў, усё ж аб’ектыўна цяжка змагацца на прадметных алімпіядах з прадстаўнікамі ліцэяў і гімназій, якія аддаюць перавагу профільнаму навучанню. Таму я не маю нічога супраць таго, каб нашы дзеці паступалі ў ліцэі і гімназіі. Ёсць жаданне вучыцца там, няхай вучацца. Вось і сёлета, навучэнцамі Мінскага абласнога дзяржаўнага ліцэя сталі тры былыя дзевяцікласнікі Расонскай школы, з чым я іх і віншую.
– Ідэю стварэння міжшкольных факультатываў, калі старшаклас-нікаў з розных устаноў адукацыі будуць прывозіць да высокакваліфікаванага настаўніка, напрыклад, у Расонскую ці Клясціцкую школы, мы з Вамі абмяркоўвалі ў мінулы раз… – Сапраўды. Аднак пакуль што ідэя патрабуе дапрацоўкі, бо шмат нюансаў рознага кшталту, пачынаючы ад дадатковых грашовых сродкаў і заканчваючы раскладам. Міжшкольныя факультатывы паспяхова працуюць у другіх рэгіёнах Віцебшчыны, таму і мы пойдзем па гэтаму шляху.
– Напярэдадні новага навучальнага года ўстановы раёна наведала супрацоўнік Дэпартамента якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Якія заўвагі былі выказаны?– З асноўных, праблема арганізацыі работы з адоранымі дзецьмі, якую мы ўжо абмеркавалі і праблема правядзення прафарыентацыйнай работы. На жаль, выпускнікі нашых устаноў адукацыі рэдка выбіраюць спецыяльнасці, у якіх ёсць патрэба на Расоншчыне. Таму варта больш канкрэтна працаваць з падлеткамі кіраўнікам і спецыялістам мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый, сустракацца з імі, падрабязна расказваць, праводзіць экскурсіі па вытворчасці і г. д. А адміністрацыя школ са свайго боку будзе ствараць умовы для падобных зносін.
– Дзякуй, Віктар Віктаравіч, за змястоўную, вельмі цікавую размову. І яшчэ раз, са святам! Маргарыта АЛЯКСЕЕВА. Фота аўтара.