5 і 6 верасня Расоншчына прымала дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з усёй Віцебшчыны, якія сабраліся разам для ўдзелу ў абласным семінары па тэме «Выхаваўчая прастора рэгіёна як фактар сацыялізацыі і развіцця асобы дзяцей». У першы дзень, пасля знаёмства з выставай метадычных матэрыялаў і педагагічнага вопыту «Мадэлі педагагічнай дзейнасці ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі» і агляднай экскурсіі па Расонскаму Цэнтру дзяцей і моладзі, удзельнікаў абласнога семінара запрасілі ў раённы Дом культуры. Адкрылі форум дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Ларыса Ляўковіч і дырэктар Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Сяргей Шыбека. Потым слова далі гаспадарам мерапрыемства – намесніку старшыні райвыканкама Галіне Падвіцельскай і начальніку аддзела адукацыі Віктару Мельнікаву, якія спыніліся на стане і перспектывах выхаваўчай прасторы рэгіёна і ролі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў сістэме адукацыі рэгіёна.

Пра арганізацыю вольнага часу школьнікаў раёна расказала прысутным дырэктар Расонскага Цэнтра дзяцей і моладзі Валянціна Шаб-лінская. Па яе словах, у Цэнтры налічваецца 33 аб’яднанні па інтарэсах, у якіх займаюцца 516 дзяцей. Яны размеркаваны па 44 групах, што працуюць па наступных напрамках: мастацкая творчасць, выяўленчае мастацтва, турыстычна-краязнаўчы, тэхнічны, спартыўны, юнацка-біялагічны і іншыя.
Адукацыйная сістэма Цэнтра ўяўляе сабой пяціступеньчатую структуру: першая ступень – падрыхтоўчая, на якой арганізавана работа з дзецьмі малодшага школьнага ўзросту. Менавіта для іх працуюць гурткі «Мазаіка», «Рукадзельніца», «Планета здароўя», «Майстэрня цудаў», лялечна-тэатральны гурток. Другая ступень – арыентацыйная (групы першага года навучання), трэцяя – група самавызначэння, чацвёртая – дапрафесійнай падрыхтоўкі і групы павышанай складанасці, пятая – індывідуалізацыя або індывідуальная работа з таленавітымі і адоранымі дзецьмі. Як вынік паспяховасці дзейнасці пяціступеньчатай структуры, шматлікія Дыпломы і ўзнагароды гурткоўцаў на фестывалях і конкурсах самага высокага ўзроўню.

З цікавасцю ўдзельнікі фестывалю слухалі выступленне настаяцеля Царквы Узнясення Гасподня, айца Аляксандра, які падзяліўся вопытам па ўзаемадзеянні Беларускай Праваслаўнай Царквы з установамі адукацыі па духоўна-маральнаму выхаванню вучняў, і гасцей з Расійскай Федэрацыі – намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Дзіцяча-юнацкага Цэнтра г. Кашыра Таццяну Лаготаву і намесніка дырэктара Дома дзіцячай творчасці г. Пячоры Галіну Сцяпанаву.

Пасля абеду гасцям прапанавалі канцэрт самых вядомых калектываў дзіцячай самадзейнасці раёна і г. Пячоры, а таксама экскурсіі па музею баявой садружнасці, музею Клясціцкай школы і музею партызанскага быту каля вёскі Роўнае Поле. А ўдзельнікаў узорнага калектыву «Школьныя годы» з г. Пячоры прымаў дзіцячы сацыяльны прытулак.
Уражанні ад экскурсій, што атрымалі дырэктары ўстаноў дадатковай адукацыі, па іх словах, былі моцнымі, яркімі і запомняцца надоўга.
Другі дзень абласнога семінара прайшоў у выглядзе пасяджэння абласнога савета дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па тэме «Стан і перспектывы рэгіянальнай сістэмы дадатковай адукацыі на сучасным этапе».