З 27 па 29 жніўня ў Мінску праходзіў рэспубліканскі агляд якасці хлебабулачных вырабаў “Ласунак-2012”. Паў-дзельнічалі ў гэтым конкурсе прафесіяналаў і расонскія хлебапёкі. Ды так, што ўзялі залаты медаль агляду, як лепшыя вытворцы пячэння і сухароў!
Галоўнай мэтай агляду было выяўленне лепшых ўзораў хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, якія выпякаюцца ў рэспубліцы. Да ўдзелу ў “Ласунку-2012” запрашаліся хлебапёкі з усёй рэспублікі. У выніку за лепшы смачны прадукт у 6 намінацыях паспрачаліся 78 удзельнікаў з розных абласцей рэспублікі, якія прадставілі 317 найменняў хлебабулачных вырабаў.
Вырабы пекараў ацэньвала кампетэнтнае журы, у склад якога ўваходзілі вядучыя спецыялісты пякарнай і кандытарскай галін прамысловасці Беларусі, прадстаўнікі міністэрстваў аховы здароўя і гандлю, а таксама прадстаўнікі дзяржстандарту і грамадскага аб’яднання па абароне правоў спажыўцоў. Кожнаму ўзору-канкурсанту прысвойваўся зашыфраваны нумар, таму журы прапанавалася пакаштаваць выраб, вытворца якога быў для яго невядомым. Смакавыя якасці вырабаў ацэньваліся па 5-бальнай шкале.
Для хлебакамбіната расонскага РАЙПа гэта быў першы такі маштабны конкурс. Па словах начальніка вытворчасці Тамары Пятроўны Багрэй, якая прадстаўляла на “Ласунку-2012” прадукцыю свайго камбіната, агляд даў магчымасць не толькі сябе паказаць, але і з калегамі з другіх рэгіёнаў навесці сувязі і кантакты. “Мы працуем, як кажуць, па-даўнейшаму, а многія нашыя калегі, перайшлі на камп’ютарную тэхніку, дзе машына сама да грама адмярае патрэбную колькасць рэчываў, дзе парушэнне тэхналогіі – практычна немагчымая з’ява. У нас зусім іншая карціна – тым больш прыемна нам было атрымаць залаты медаль за наша пячэнне «Аўсяначка» і сухары «Кіеўскія»! Гэта сапраўдны стымул для далейшага развіцця прадпрыемства!” – кажа Тамара Пятроўна.
Залаты медаль “Ласунка-2012” у намінацыі “Пячэнне і сухары” начальнік вытворчасці атрымала ўжо на 8-й рэспубліканскай канферэнцыі, якая праходзіла ў Мінску ў сярэдзіне верасня.
Напрыканцы нашай размовы Тамара Багрэй падзякавала свайму калектыву за добрую працу, якая у выніку прывяла да перамогі ў рэспубліканскім конкурсе прафесіяналаў. Віншуем калектыў Расонскага РАЙПа і мы, і жадаем расонскім хлебапёкам не спыняцца на дасягнутым і ісці далей: перамагаць у конкурсах і радаваць, нас, спажыўцоў, новымі ўзорамі вышэйшай якасці!