Не так даўно распрацаваны і вынесены на ўсеагульнае абмеркаванне два варыянты фарміравання дзяржаўнай тарыфнай палітыкі ў галіне электразабеспячэння. Па кожнаму з іх да 2015 года плануецца павялічыць тарыфы на электраэнергію да таго ўзроўню, які будзе адпавядаць поўнаму пакрыццю эканамічна абгрунтаваных затрат. Якіх? Паспрабуем растлумачыць.Справа ў тым, што за апошні час больш, чым у 4 разы павялічыліся цэны на паліўна-энергетычныя рэсурсы для УП ЖКГ. Разам з тым, тарыфы на гэтыя паслугі за некалькі апошніх гадоў павялічыліся нязначна. Па дадзеных Міністэрства энергетыкі, згодна з існуючымі тарыфамі на электраэнергію насельніцтва зараз кампенсуе толькі каля 35 працэнтаў затрат адпаведных арганізацый на яе вытворчасць і дастаўку спажыўцу. За год страты складаюць каля 500 млн.долараў. Для ліквідацыі такога цэнавога і вынесены для грамадскага абмеркавання два варыянты. У чым іх сутнасць?
З гэтым пытаннем мы звярнуліся да начальніка аддзела ЖКГ райвыканкама Вацлава Зялёнкі. Як растлумачыў Вацлаў Міхайлавіч, першы варыянт тычыцца ўкаранення дыферынцыяванай аплаты насельніцтвам паслуг электразабеспячэння ў залежнасці ад аб’ёму спажывання. Гэты механізм аплаты прапануецца ажыццяўляць разам з паэтапным павялічэннем узроўню базавага тарыфу на электраэнергію разам з тэмпамі росту заробкаў насельніцтва. Распрацоўшчыкамі былі вызначаны льготныя аб’ёмы спажывання электраэнергіі на сям’ю ў залежнасці ад колькасці пражываючых (зарэгістраваных) у жылым памяшканні, ад сезона і пліты (газавая ці электрычная). Такія льготныя аб’ёмы будуць аплачвацца па базавым тарыфе. . На першае верасня для памяшканняў з газавай плітой ён роўны 295 рублёў за 1 кВт-г, з электраплітой – 250,6 рублёў за 1 кВт-г. Напаліў звыш таго – плаці па больш высокім тарыфе, які на 1 верасня складае 595 руб/кВт-г. Мяркуецца, што па больш высокім тарыфе будзе аплачвацца электраэнергія і ў жылых памяшканнях, дзе адсутнічаюць зарэгістраваныя грамадзяне.
Калі пачне дзейнічаць механізм дыферынцаванай аплаты за электраэнергію?Эксперты Мінэнерга падлічылі, што па гэтым варыянце неабходна ажыццявіць маштабны збор інфармацыі аб колькасці зарэгістраваных у жылых дамах (кватэрах) грамадзян, таму ўкараненне дыферэнцыяванай аплаты адбудзецца не раней, чым з першых дзён 2013 года. Каб новы механізм аплаты запрацаваў як гадзіннік, трэба правесці дадатковыя зверкі паказчыкаў прыбораў уліку электраэнергіі ў спажыўцоў, праверку плацяжоў, кантроль і актуалізацыю баз звестак па абанентах. Як гэты механізм будзе выкарыстоўвацца на практыцы?
Напрыклад, што будзе плаціць сям’я з трох чалавек у кватэры з электраплітой?
Дапусцім, што гэтая сям’я ў студзені «спаліла» 200 кВт.г электрычнасці. Згодна з табліцай, для гэтай сям’і з кастрычніка па сакавік уключна вызначаны льготны аб’ём электраспажывання 175 кВт.г. Тады за студзень сям’я плаціць за 175 кВт.г па базавым тарыфе, а 25 кВт.г — па больш высокім тарыфе. У выніку кошт аплаты за электрычнасць складзе 58 тысяч 750 рублёў (175 х 250,6 + 25х595,9 = 58750). У параўнанні з дзейнай сістэмай аплаты паслуг за электрычнасць расходы такой сям’і павялічацца на 8 тысяч 630 рублёў (175 х 250,6 + 25 х 595,9 — 200 х 250,6 = 8 630).

Мяркуецца, што гэтая сям’я пачне больш рацыянальна спажываць электрычнасць, што дазволіць знізіць іх электраспажыванне на гэтыя 25 кВт.г. Пасля гэтага сям’я не будзе пераплочваць, а нават зэканоміць свае выдаткі на электрычнасць на 6 тысяч 270 рублёў.
Сістэма дыферэнцыяванай аплаты за электрычнасць не будзе распаўсюджвацца на:– сем’і, дзе ёсць ільготнікі па аплаце электраэнергіі;
– шматдзетныя сем’і і дзіцячыя дамы сямейнага тыпу;
– сем’і, што жывуць у жылых дамах ведамаснага жылога фонду, інтэрнатах;
– членаў садаводчых таварыстваў, дачных і гаражных кааператываў.
Варынт другіЗгодна з другім варыянтам, захоўваецца дзейная сістэма разлікаў з паэтапным больш інтэнсіўным павелічэннем да 2015 года тарыфаў на электрычную энергію для насельніцтва. Такая сістэма з’яўляецца больш простай і не патрабуе вызначэння гранічных аб’ёмаў электраспажывання, звыш якіх будзе ўжывацца павышаны тарыф.
На чым можна зэканоміць?
Дыферынцаваная аплата за электраэнергію,магчыма, пачне дзейнічаць з наступнага года. Але ўжо цяпер нядрэнна паразважаць, на чым можна зэканоміць, каб не “вылецець у трубу”. Слова – нашым чытачам.
Марына Дзюба:
– Напрыклад, замест электрачайніка можна ўпаўне карыстацца звычайным. Непрыкметна, але такія рэчы, як мікрахвалёўка, электрычны чайнік “кушаюць” нямала электраэнергіі. Тэлевізар, бывае працуе без патрэбы. Нават, калі яго ніхто не глядзіць. А ў выхадныя дні – яшчэ і камп’ютэр без перапынку. Думаю, будзем уводзіць у сям’і практуку эканоміі.
Мікалай Салавей:
– Напэўна, самыя “пражэрлівыя” прыборы ў нашай сядзібе – пральная машынка і воданагравальнік. Паколькі ў сям’і двое дзяцей, машынка працуе амаль кожны дзень. Трэба адмаўляцца ад гэтага і не мыць па дзве-тры рэчы ў паўпустой машынке, крыху быць эканомней і разважлівей.
Аксана Беладзед:
– У першую чаргу задумалася наконт камп’ютэра. Звычайна ў працоўныя дні ён працуе па 3-4 гадзіны ў суткі, а вось у выхадныя і ўвогуле не выключаецца. Атрымліваецца, што камп’ютэр магутнасцю 0,4 кВт-г толькі за выхадныя спажывае амаль 6 кВт-г! Думаю, буду эканомней.