Якім чынам арганізаваць вольны час падлеткаў, каб выклікаць у іх цікавасць да заняткаў фізічнай культурай і спортам, выхаваць патрыятызм і маральнасць? Думаю, што арганізатары раённай спартландыі сярод падлеткаў – аддзелы адукацыі, па справах моладзі, унутраных спраў, фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама, а таксама райкам БРСМ – знайшлі годны адказ на гэтае пытанне. Пацвярджэнне таму– наяўнасць ва ўдзельнікаў спаборніцтваў шчырага інтарэсу і здаровага духу саперніцтва, што панавалі ў спартыўнай зале ФСК “Старт”.
… Перад тым, як даць свісток на пачатак першага этапу спартландыі, хлопцаў і дзяўчат з Расонскай (гэтая ўстанова адукацыі выставіла дзве каманды), Дварышчанскай, Заборскай, Клясціцкай і Краснапольскай школ віталі начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Наталля Дзедзінец і начальнік РАУС Аляксандр Ліленка.

Яны выказалі надзею, што спаборніцтвы прыйдуцца даспадобы іх удзельнікам, а фізкультура і спорт стануць любімым баўленнем часу. Потым спартыўная зала ператварылася ў сцэнічную пляцоўку, на якой прадэманстравалі сваё майстэрства выхаванцы старэйшай групы гуртка “Займальная акрабатыка” на чале з трэнерам Арсэнам Грыгаранам. Удзельнікі спартландыі дружнымі апладысментамі суправаджалі кожнае сальта і скачок юных акрабатаў, таксама як і выступленне супрацоўнікаў Наваполацкага аддзела Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Афіцэры прадэманстравалі прыёмы рукапашнага бою, якія яны выкарыстоўваюць і ў час нясення службы, і на спаборніцтвах рознага кшталту. Асабліва хлопцам і дзяўчатам спадабаўся службовы сабака, нямецкая аўчарка, што бездакорна выконваў загады кінолага.
…І вось прыйшоў час памерацца спрытнасцю і хуткасцю. Арганізатары, каб выявіць каманду-пераможцу, падрыхтавалі насычаную праграму, большая частка якой складалася з эстафет: бегавая, а таксама з выкарыстаннем мячыкаў і элементаў спецадзення супрацоўнікаў аддзела Дэпартамента аховы. Акрамя таго, хлопцы і дзяўчаты гулялі ў міні-футбол з велізарным мячом, з дапамогай дарца высвятлялі, хто самы трапны, а, перацягваючы канат, хто самы моцны. Іншы раз эмоцыі захліствалі, аднак пры гэтым каманды падтрымлівалі адна адну і падбадзёрвалі.

Перад тым, як журы аб’явіла канчатковыя вынікі, хлопцы і дзяўчаты з задавальненнем пазнаёміліся са зброяй і прыстасаваннямі, якія ёсць на ўзбраенні ў супрацоўнікаў міліцыі. Аўтамат, пісталеты, рацыя, шлемы, металічныя шчыты – усё гэта можна было патрымаць у руках, зброю разабраць-сабраць, выйсці на міліцэйскія радыёхвалі, прымераць шлемы.

… Урэшце рэшт каманды былі пастроены, а члены журы гатовыя аб’явіць пераможцаў. Першае месца ў раённай спартакіядзе заваявала каманда № 2 Расонскай школы ў складзе Валянціны Крыгінай, Насці Барадулькінай, Артура Кузміцкага, Ігара Петачэнкі і Ягора Месаеда. Не намнога па ачках адсталі ад іх Андрэй Мануха, Ігар Волатаў, Улад Кручкоў, Крысціна Балабанава і Кацярына Афанасенка, якія абаранялі гонар каманды № 1 Расонскай школы. Трэцяе месца засталося за камандай Заборскай школы, а менавіта, за Аляксандрай Герасімовіч, Святланай Кравец, Уладам Лажанавым, Аляксандрам Раманоўскім і Віктарам Даўгяла.
Кожны член каманд-пераможцаў атрымаў Дыплом, а ўсе ўдзельнікі спартакіяды флікеры і салодкія падарункі ад РАУС і аддзела па справах моладзі. А завяршылася мерапрыемства абедам у Расонскай школе.