Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу ўшаноўваюць не толькі тых, для каго ён з’яўляецца прафесійным святам, але і добраахвотных памочнікаў, што дапамагаюць аграрыям у іх нялёгкай працы. Да іх адносяцца і члены шасці студэнцкіх атрадаў, якія сёлета былі сфарміраваны са старшакласнікаў Расонскай і Клясціцкай школ для ўборкі бульбы ў сельгаспрадпрыемстве “Сяляўшчына”.
Амаль тры вераснёўскія тыдні каля 158 юнакоў і дзяўчат шчыравалі на сяляўшчынскіх бульбяных палетках плошчай 65 гектараў, тым самым узяўшы на сябе асноўную нагрузку па ўборцы другога хлеба.
Каб падзякаваць членам чатырох студэнцкіх атрадаў з Расонскай школы і ўручыць падарункі пераможцам спаборніцтва, ва ўстанову адукацыі завіталі начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Наталля Дзедзінец і бухгалтар райкама БРСМ Наталля Ломыш. У сваёй прамове Наталля Віктараўна Дзедзінец адзначыла важнасць справы, якой займаліся старшакласнікі, як для сельгаспрадпрыемства “Сяляўшчына”, так і ў цэлым для раёна. Бо працавалі хлопцы і дзяўчаты з энтузіязмам, многія з іх выконвалі даведзеныя нормы выпрацоўкі. Усяго на рахунку расонскіх школьнікаў 367,9 тоны бульбы. Лепш за іншых працавалі дзевяцікласнікі – члены студэнцкага атрада “Бульбашы”. Невыпадкова, менавіта прадстаўнікі гэтага працоўнага атрада ўвайшлі ў тройкі пераможцаў і ў індывідуальных спабор-ніцтвах. Так, сярод хлопцаў выдатна праявіў сябе Алег Юрчанка (на здымку) з 9 “В” класа. Ён сабраў 919 вядзёр бульбы, за што атрымаў ад сельгаспрадпрыемства заработную плату ў памеры амаль 900 тысяч рублёў. На рахунку Яўгена Мітрафанава з 10 “В” класа 778 вядзёр, а Аляксандра Амосава з 10 “А” класа – 721 вядро. Сярод дзяўчын не было роўных Надзеі Караткевіч з 10 “В” класа. Яна сабрала 715 вядзёр бульбы, што склала ў грашовым эквіваленце звыш 700 тысяч рублёў. Другой у індывідуальным спаборніцтве з вынікам 654 вядры стала Марына Шаркова з 9 “Б” класа. Трэцяе месца падзялілі паміж сабой Таццяна Смірнова з 9 “В” класа і Вікторыя Рамарэнка з 9 “Б” класа, якія сабралі адпаведна 635 і 634 вядры бульбы.
Усе вышэйпералічаныя хлопцы і дзяўчаты за выдатную працу атрымалі падарункі ад райкама БРСМ і аддзела па справах моладзі. Таксама, як і яшчэ восем старшакласнікаў Расонскай школы, якія праявілі сябе ў час летніх канікулаў, працуючы на добраўпарадкаванні фермы сельгаспрадпрыемства “Сяляўшчына”. Гэта Дзмітрый Краўчанка, Яна Жолудзева, Паліна Гладун, Віталія Латышава, Марыя Мартынава, Яўген Дзям’яненка, Наталля Зайцава і Сяргей Рашатняк.
Аддзел па справах моладзі райвыканкама адзначыў сувенірамі намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Расонскай школы Таццяну Лямніцкую і настаўніка фізкультуры і дапрызыўнай падрыхтоўкі Сяргея Лісава. Таццяна Іванаўна непасрэдна займалася фарміраваннем студэнцкіх атрадаў і арганізацыяй выездаў старшакласнікаў на работу на ферму, а Сяргей Міхайлавіч з’яўляўся адным з лепшых кіраўнікоў студатрада, а таксама ён пастаянна дапамагае ў правядзенні раённых спартыўна-масавых мерапрыемстваў.
Што датычыцца пераможцаў індывідуальных спаборніцтваў на ўборцы бульбы сярод старшакласнікаў Клясціцкай школы, то заслужаныя ўзнагароды яны атрымаюць у бліжэйшы час. Аднак імёны і прозвішчы самых працалюбівых і адказных ужо вядомы. Перш за ўсё гэта адзінаццацікласніца Вікторыя Пірог. Дзяўчына працавала ўпоравень з расонскімі хлопцамі, сабрала 898 вядзёр і атрымала заработную плату ў памеры звыш 800 тысяч рублёў. Другой і трэцяй сталі адпаведна Юлія Вілім і Алена Карповіч. Сярод хлопцаў вызначыліся Алег Габрусёнак, Уладзіслаў Ганебны і Аляксей Фальчанка.