Напярэдадні Новага года ўсе дзеці, незалежна ад узросту, абставін або матэрыяльнага становішча, шчыра вераць у казку і цуд. І калі ў дружных, шчаслівых сем’ях ролю чараўнікоў з задавальненнем выконваюць бацькі, то ў нядобранадзейных, як правіла, ніхто не звяртае ўвагі на дзіцячыя мары і жаданні. Шаснаццаці выхаванцам дзіцячага сацыяльнага прытулку ў гэтым сэнсе пашанцавала, бо іх навагоднія жаданні выконвалі звыш дзесяці добрых “чараўнікоў”, што прадстаўлялі мясцовую выканаўчую ўладу, дзяржаўныя і прыватныя структуры раёна. 
… Напярэдадні ранішніка ў дзіцячым сацыяльным прытулку, як і ў любой іншай установе адукацыі, панавала святочная атмасфера: прыбраная зала, прыгажуня-ёлка, шматлікія госці. Дзеці і падлеткі, ва ўзросце ад трох да сямнаццаці гадоў, вельмі хваляваліся і чакалі, калі загучаць першыя акорды музыкі і яны ўвойдуць у залу. На кожным з выхаванцаў – карнавальныя касцюмы, якія хлопчыкі і дзяўчынкі рыхтавалі разам з супрацоўнікамі ўстановы. Тут і маленькая Божая кароўка, і Мальвіна з велізарным блакітным бантам, і Марскі Цар, і Цыганка, і Індыянка, і бліскучая Ноч, а таксама Фокуснік, Бураціна, Фея Кветак і іншыя казачныя персанажы. Ужо праз лічаныя хвіліны дзеці практычна забыліся пра дарослых, якія сядзелі ў зале, і з цікавасцю назіралі за дзействам, што для іх падрыхтавалі работнікі Цэнтра дзяцей і моладзі.
Разам з Дзедам Марозам, Снягуркай, Бабай Ягой, Лесуном яны спявалі, вадзілі карагоды, гулялі ў гульні. Кульмінацыяй свята стала абарона касцюмаў, у час якой хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі ў поўнай меры прадэманстраваць свае творчыя здольнасці. Дзеці і падлеткі чыталі вершы і пад апладысменты танцавалі. А Фокуснік наогул парадаваў прысутных некалькімі фокусамі і танцамі.
Потым прыйшоў час падарункаў і выканання жаданняў. Першым да дзяцей звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Шубскі. Ён павіншаваў іх са святам, пажадаў здароўя і выдатнай вучобы і ад імя мясцовай выканаўчай улады падараваў установе кухонны камбайн. Яшчэ Аляксандр Мікалаевіч перадаў выхаванцам вялікі мех з мяккімі цацкамі ад імя дэпутата Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Галіны Жаланавай, якая ўзначальвае і Віцебскую абласную арганізацыю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
У гэты дзень хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі па салодкаму падарунку ад Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Расонскага лясгаса, вытворчага ўчастка ААТ “Полацкі малочны камбінат”, райспажыўтаварыства, цэнтральнай раённай бальніцы, прыватнага прадпрымальніка Таццяны Міхайлавай. Прыватнае прадпрыемства “Яна”, дырэктарам якога з’яўляецца Уладзімір Казлоў, падаравала старэйшым выхаванцам прытулку – парфумерыю, а маленькім – цацкі. Прадстаўнікі раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў, райкама БРСМ уручылі падарункі, пра якія ў сваіх лістах да Дзеда Мароза пісалі дзеці.
Наваполацкае аддзяленне Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь завітала на свята з садавінай, прысмакамі і машынкай для стрыжкі валасоў, аддзел адукацыі райвыканкама і прафсаюз работнікаў адукацыі – з электрамясарубкай, мячыкамі і прысмакамі, раённы вузел паштовай сувязі – з цукеркамі і дзіцячымі часопісамі.
Грашовыя падарункі зрабілі УП ЖКГ, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, цэнтр банкаўскіх паслуг № 217 г. п. Расоны філіяла № 214 ААТ “АСБ Беларусбанк”. Трэба было бачыць вочы падлеткаў і асабліва малых дзяцей, калі вакол крэслаў, на якіх яны сядзелі, нават не хапала месца для падарункаў!
Дырэктар установы Святлана Ганчарова ад імя работнікаў і выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулку шчыра падзякавала гасцям за ўвагу і сапраўднае навагодняе свята, якія яны здолелі зрабіць для дзяцей.
Пасля фотаздымка на памяць, шчаслівыя хлопчыкі і дзяўчынкі заспяшаліся да святочнага стала з прысмакамі. Ад іх шчырых, удзячных усмешак станавілася вакол яшчэ больш светла і радасна. Дарослыя таксама ўсміхаліся ў адказ, бо быць чараўнікамі і рабіць падарункі не менш прыемна, чым іх атрымліваць.