Пра тое, што бу-дзе ўрачом, расонская дзяўчына Юлія Кошалева ведала яшчэ год з дванаццаці. Таму ў старшых класах упарта “штудзіравала” біялогію і хімію. Выдатна здала выпускныя іспыты і атрымала дастойны вынік па цэнтралізаваным тэсціраванні. Стала студэнткай Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта на бюджэтнай выснове. Спецыялізацыю Юлія абрала ўрача-тэрапеўта. Аднак пры размеркаванні на практыку выйшла па-іншаму. Першыя месяцы інтэрнатуры прайшлі ў дзіцячым аддзяленні адной з віцебскіх бальніц, затым – у дзіцячай кансультацыі ў Расонах побач з вопытным урачом-педыятрам Наталляй Красновай.
Дзяўчына хвалявалася, што прыйдзецца працаваць менавіта з дзецьмі, перажывала, што не знойдзе падыходу і агульнай мовы з маленькімі пацыентамі.
Атрымалася ўсё наадварот. Хаця складаных выпадкаў, калі прыходзілася ратаваць дзіцячыя жыцці, за час інтэрнатуры ў віцебскіх установах аховы здароўя хапіла.
Цяпер малады, абаяльны доктар для дзяцей – самая лепшая Юлія Сяргееўна. Дзе б яна ні знаходзілася – у Віцебску ці ў Расонах. За месяцы інтэрнатуры дзяўчына ездзіла на выклікі разам з урачом-педыятрам, вяла прыём у дзіцячай кансультыцыі. І ўжо паспела заваяваць сабе добрую рэпутацыю і сярод калег, і сярод пацыентаў з іх бацькамі. “Самае цяжкае ў рабоце ўрача, – гаворыць Юлія, – граматна і дакладна выставіць дыягназ. – Ад гэтага залежыць поспех барацьбы з хваробай. Хаця і не думала пра педыятрыю, калі паступала ва ўніверсітэт, цяпер жа ні грама не шкадую. Работа мне падабаецца, і гэта ад шчырага сэрца. Радуе, калі адразу ўдаецца знайсці падыходы да дзяцей, нават самых замкнутых і негаваркіх. Потым вызначыць дыягназ і падабраць схему лячэння, дзякуючы якой маленькі пацыент хутка пераадолее хваробу.
Прыемна, што ў Расонскай бальніцы і кіраўніцтва, і калектыў ўстановы аховы здароўя мяне прынялі цёпла, як родную. З першых дзён адчувала, што мне дапамогуць, падкажуць, калі што. Асабліва я ўдзячна Наталлі Пятроўне Красновай за падтрымку і бясцэнны вопыт, якім, не шкадуючы часу і сіл, вопытны ўрач усе гэтыя месяцы дзялілася са мной».
Часова Юлія Сяргееўна пакінула малую радзіму, каб працягнуць вучобу і практыку ў Віцебску. А летам, пасля заканчэння вышэйшай установы і здачы дзяржаўных іспытаў, зноў вярнецца на Расоншчыну ўжо ў якасці ўрача-педыятра.
Маленькія пацыенты з нецярплівасцю чакаюць Вас, Юлія Сяргееўна!..