Пытанне «Кім быць?» спрадвеку стаіць перед юнакамі і дзяўчатамі, што вучацца ў старэйшых класах. І адказаць на яго бывае ой як складана: то з прыярытэтамі і захапленнямі ніяк не магчыма вызначыцца, то жыццёвага вопыту не хапае.
Дапамагчы будучым абітурыентам з выбарам вырашыла кіраўніцтва аддзела адукацыі і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, якія арганізавалі экскурсію ў Віцебскую ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны. 
25 юнакоў і дзяўчат – вучняў Расонскай і Клясціцкай школ – выказалі жаданне пазнаёміцца са знакамітай вышэйшай навучальнай установай. Там іх сустракаў выкладчык Андрэй Аляксандравіч Лагуноў, які напярэдадні прыязджаў на Расоншчыну, каб сустрэцца са старшакласнікамі Расонскай, Краснапольскай, Клясціцкай і Заборскай школ, паказаць ім відэастужку і расказаць пра Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Менавіта Андрэй Аляксандравіч і прапанаваў арганізаваць падобную прафарыентацыйную экскурсію.
У выніку дэлегацыя з нашага раёна наведала кафедры паразіталогіі і інвазійных хвароб жывёлы, хірургіі і музей вышэйшай навучальнай установы, зазірнула ў аўдыторыі і вучэбныя кабінеты. Будучыя абітурыенты на свае вочы пабачылі наколькі цікава тут вучыцца, ім расказалі якія перспектывы адкрываюцца перад выпускнікамі.
Акрамя таго, хлопцы і дзяўчаты наведалі факультэт беларускай філалогіі і культуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, дзе даведаліся якую кваліфікацыю атрымліваюць яго выпускнікі, кім можна працаваць у будучым, пра конкурс на дзённую форму навучання ў мінулым годзе, памер кошту платнага навучання, а таксама пабывалі ў музеі кнігі ( на здымку).
У бліжэйшы час для старшакласнікаў раёна плануецца арганізаваць наведванне мехмайстэрняў і даільнай залы ў сельгаспрадпрыемстве «Сяляўшчына», каб пазнаёміць іх з умовамі працы спецыялістаў і кадраў рабочых прафесій у сельгасвытворчасці.