Дзіцячая творчасць, як правіла, адрозніваецца шчырасцю і чысцінёй. У
гэтым можна было пераканацца, наведаўшы раённы этап рэспубліканскай
выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Вясёлы карагод», што прайшоў
на базе Расонскай школы.
На думку педагогаў, уключэнне дзяцей у розныя віды мастацкай дзейнасці –
адна з галоўных умоў паўнацэннага эстэтычнага выхавання асобы і
развіцця ўмення творча працаваць. Магчыма таму актыўнымі ўдзельнікамі
выставы сталі дзеці і падлеткі, якія наведваюць заняткі на пунктах
карэкцыйна-педагагічнай дапамогі пры дашкольных установах і школах раёна
або вучацца ў класах інтэгрыраванага навучання і выхавання.
Сярод творчых работ у наведвальнікаў асаблівы інтарэс выклікала
аплікацыя «Снегіры» з элементамі аб’ёмнага дэкора ў выкананні Аляксандра
Марозава і Яўгена Рубіса з яслі-сада №4, камбініраваная работа «Мой
дом» з выкарыстаннем экалагічнага і прыкладнога матэрыялу ў выкананні
Іллі Караткевіча з Клясціцкай школы. На выставе вучнямі Сакалішчанскай
школы быў прадстаўлены яшчэ адзін від дэкаратыўна- прыкладной творчасці
– «разьба па дрэве».
Як бачна, дзіцячай творчасці няма межаў. Ірына
ГАРЭЛІКАВА.