Падчас веснавых школьных канікулаў удзельнікам узорнага фальклорнага калектыву «Нежачкі» прадставіўся яшчэ адзін шанец паказаць сваё веданне народных мясцовых традыцый. Справа ў тым, што ў канцы сакавіка адбыўся другі рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячых калектываў фальклорнага накірунку «Веснавы танок». Асноўная мэта гэтага свята рэгіянальнага фальклору – падтрымка культурных традыцый беларускага народа і далучэнне да агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцяў маладога пакалення.
Паколькі агляд-конкурс праходзіў у першы веснавы месяц, ды яшчэ напярэдадні Вялікадня, то канкурсантам прапанавалася прадставіць на суд журы веснавыя абрадава-калядныя комплексы – Гуканне вясны і Вялікдзень (валачобны абрад). Самае галоўнае патрабаванне да выступленняў калектываў – данесці самабытнасць народных абрадаў у той ці іншай мясцовасці. Члены журы таксама звярталі ўвагу і на ўзровень вакальнага майстэрства, на выкарыстанне мясцовых традыцый падчас танца і ваджэння карагодаў, на касцюмы і атрыбуты святочных абрадаў. Пераможцаў вызначылі ў трох намінацыях. У адной з іх – «Лепшае ўвасабленне абраду валачобніцтва» – нашыя юныя землякі сталі другімі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з «Нежачак» імкнуліся перадаць мясцовы каларыт гэтага святочнага абрадавага дзеяння на Расоншчыне. Яны праспявалі традыцыйныя валачобныя вітальна-віншавальныя песні, якія прызначаліся для родных, хросных, а таксама гаспадароў дома, куды маглі завітаць валачобнікі, каб павіншаваць усіх са святам Уваскрашэння Хрыстова. Па абраду валачобнікі абменьваліся яйкамі, частаваліся кулічамі, якія асвяцілі ў царкве, ну і, канешне, радаваліся завяршэнню посту. Узнагародай за перамогу хлопчыкам і дзяўчынкам стаў адпачынак у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня», дзе яны з карысцю і цікава правялі час на працягу трох тыдняў.