
У апошні дзень лета супрацоўнікі дзённага аддзялення для інвалідаў ТЦ САН арганізавалі для сваіх падапечных сапраўднае свята на прыродзе – пікнік на возеры ў вёсцы Глаты. Аказваецца, такія мерапрыемствы сталі добрай традыцыяй: не першы год для маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі ладзяцца выязныя пасяджэнні аддзялення. У гэтую паездку, акрамя таго, запрасілі і бацькоў маладых людзей.–Месца, дзе мы размясціліся для адпачынку, было вельмі прыгожым – лес, возера, свежае паветра і да таго ж добрае надвор’е. Супрацоўнікамі аддзялення былі накрыты сталы з рознымі прысмакамі – «салдацкая» каша, прысмакі да чаю і ліманад. Хутка распалілі касцёр і сталі смажыць шашлыкі і бульбу. На свежым паветры любая ежа самая смачная! – распавядае ў сваім лісце ў рэдакцыю маці адной з наведвальніц аддзялення Ніна Фёдараўна Карніенка.
Усе былі ў выдатным настроі і з задавальненнем узялі ўдзел у турыстычнай эстафеце, жартоўнай гульні – стральба з рагаткі па мішэнях, за-біванне мяча ў вароты – і проста весяліліся ля кастра. Палавілі маладыя людзі і рыбу на мясцовым возеры.
Трэба адзначыць, што ў пікніку паўдзельнічалі 19 чалавек, якіх даставілі да месца адпачынку на аўтамашыне ТЦ САН. Пры гэтым адпачываючыя вельмі свядома падышлі да працэсу ўзаемадзеяння з жывой прыродай. Спачатку яны прыбралі месца, дзе збіраліся размясціцца, і гэта ж зрабілі пасля таго, як пікнік завяршыўся.
Дадому ўсе ехалі ў найлепшым настроі, поўныя самых станоўчых эмоцый і пыталіся ў сваіх педагогаў, калі зноў змогуць пабыць у лесе каля возера ў такой добрай кампаніі.
–Маладыя людзі, безумоўна, не часта маюць магчымасць пабыць на прыродзе, і кожная такая экалагічная вандроўка выклікае ў іх шмат эмоцый. А гэта так прыемна, так здорава – той рэдкі выпадак, калі людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць адчуць сябе паўнавартаснымі людзьмі ў поўнай меры, бо прырода дае энергію, моц. І мы кожны год імкнёмся зрабіць для іх такое свята! І ўдвая прыемна, што бацькі нашых дзяцей падтрымліваюць і дапамагаюць нам у гэтым, – гаворыць супрацоўніца аддзялення Алена Сліж.
P.S. У працяг тэмы можна сказаць, што і восень у аддзяленнях дзённага знаходжання ТЦ САН сустрэлі дастойна – правялі штогадовы фестываль весеньскіх букетаў. У фэсце прынялі актыўны ўдзел не толькі наведвальнікі аддзялення для інвалідаў і аддзялення для пажылых людзей, але і самі супрацоўнікі ТЦ САН.
У выніку якіх тут толькі букетаў не было – з традыцыйных восеньскіх вяргіняў, астраў, а яшчэ з каліны, рабіны, а таксама з лекавых траў. Быў тут нават “драўляны” букет.
Выстава кветак пасля фестывалю яшчэ доўга радавала хараством восеньскіх колераў і пахаў!