10 кастрычніка ў Расонскім Доме культуры сабраліся без перабольшання самыя творчыя людзі Расоншчыны–артысты, мастакі, музыкі, супрацоўнікі музея, бібліятэкары, майстры народных рамёстваў. Адзін раз у год яны аказваюцца ў нязвыклай для сябе ролі гледачоў. А яшчэ ўсе разам – у ролі віноўнікаў урачыстасці .Нягледзячы на тое, што на дварэ восень, якая не песціць нас сонцам і цяплом, у зале панавала па-сапраўднаму цёплая атмасфера. Бо тут сабраліся людзі, аб’яднаныя адной важнасці справай – ствараць іншым святы, упрыгожваць жыццё землякоў , радаваць іх і духоўна ўмацоўваць. Не выпадкова так часта менавіта работнікаў культуры называюць бясконца адданымі сваёй справе. Прагучала гэтая думка і ў словах намесніка старшыні райвыканкама Галіны Падвіцельскай , якая звярнулася да прысутных з віншаваннем. Яна сардэчна падзякавала работнікам культуры за іх уменне даставіць землякам радасць сваім талентам і бязмежнай фантазіяй, за карпатлівую працу з дзецьмі і падлеткамі ў гуртках, секцыях і студыях устаноў дадатковай адукацыі. Галіна Аляксееўна пажадала прысутным моцнага здароўя, творчых дасягненняў, поспеху.
– Ваша прафесія адна з лепшых у свеце, – дадаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Віктар Мельнікаў. – Таму, што вы кожны дзень дорыце людзям дабрыню, цяпло, радасць, ўсмешку. Вы вучыце гэтаму дзяцей. Віктар Віктаравіч таксама адзначыў асаблівую важнасць і неабходнасць гэтага свята.
За заслугі ў галіне культуры і творчыя дасягненні начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Волкава ўручыла ўзнагароды многім работнікам галіны.
Ганаровыя граматы ў гэты дзень атрымалі дырэктар музея баявой садружнасці Ніна Свяжынская, майстар-метадыст Дома рамёстваў Алена Калаур, дырэктар Дома культуры МПМК-63 Леанід Заваротны, бібліятэкар бібліятэкі МПМК-63 Надзея Саўчанка, настаўнік дзіцячай школы мастацтваў Алена Старавойтава, галоўны бухгалтар аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Фёдарава, кіраўнік калектыву эстрадных спеваў Таццяна Фамінчук. Падзяку старшыні райвыканкама атрымала дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Алена Парфёнава.
Алена Віктараўна Старавойтава – настаўнік дзіцячай школы мастацтваў па класе харэаграфіі. Атрымала ўзнагароды за добрасумленную працу і прафесійныя дасягненні ў галіне культуры.
– Людзі, якія фарміруюць культуру Расоншчыны, вельмі розныя. Розныя па характарах і па асабістых памкненнях, яны выкарыстоўваюць розныя метады працы і розную манеру зносін са сваімі калектывамі і гледачамі. Але без кожнага з нас немагчымая агульная карціна. Асабіста для мяне важна, каб людзі не страцілі цягу да прыгожага, у дзяцей фарміраваўся мастацкі густ, наладжвалася сувязь пакаленняў, апяваліся прыгажосць і любоў, культурная адукацыя была даступна ўсім. Безумоўна, прыемна атрымліваць узнагароды, калі твая праца ацэньваецца і не застаецца без увагі. Усіх калег віншую са святам: поспеху ў жыцці сямейным і прафесійным.
Іна Генадзьеўна Ермакова – кіраўнік узорнага дзіцячага цымбальнага аркестра. Сёлета абрана Чалавекам года Расоншчыны.
– Значэнне дзейнасці школы мастацтваў для дзяцей вялікае: заняткі музыкай развіваюць творчае мысленне, уменне слухаць, выхоўваюць дысцыплінаванасць, адказнасць, адчуванне дачынення да агульнай справы. А ўсё гэта неабходна для гарманічнага развіцця сучаснага чалавека. Дзякуй за давер і ўзнагароды. Са святам, Вас, калегі!
Надзея Канстанцінаўна Кавалёва – кіраўнік народнага фальклорнага калектыву «Крыніца» Янкавіцкага сельскага Дома культуры.
За высокія і творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў намінацыіі «Лепшы клубны работнік» Надзея Канстанцінаўна ўзнагароджана Ганаровай граматай аблвыканкама і грашовай прэміяй.
– Натуральна, кожная ўзнагарода – гэта не толькі прыемны момант, але і пацвярджэнне таго, што калектыў працаваў нездарма.
Калектыў наш рознаўзроставы і разнапланавы, але ўсіх яго ўдзельнікаў аб’ядноўвае адно – любоў да песні. Народная песня з’яўляецца правадніком высокага ладу пачуццяў і думак, магутнай духоўнай зброяй. Вельмі важна, каб людзі не страцілі цягу да прыгожага, імкненне пераадольваць штодзённасць жыцця з дапамогай гармоніі і прыгажосці. Наш калектыў імкнецца, як мага прасцей і шчыра данесці гэтую ідэю да слухачоў.