Муж і жонка Дзіна Малышава і Алег Худоба лічаць неабходнай справай працаваць на прысядзібным участку. Як жа без гэтага, калі ёсць уласны дом? Мінулым летам яны вырасцілі гарбуз вагой 44 кілаграмы 500 грамаў !
– Гэта звычайны гарбуз, – кажа Дзіна Анатольеўна. І нічога асаблівага для таго, каб ён «вымахаў» такі вялікі, мы не рабілі. А вось урадзіўся ж!
Насамрэч, у гэтай працавітай сям’і ўсе захоплены зборам і набыццём насення, якое нярэдка заказваюць па пошце. І семкі гарбуза былі набыты цікаўнасці дзеля. У зямлю пасадзілі дзве, а ўраджай сабралі ў 8 штук.
З гарбузоў гаспадыня гатуе кашу і супы, якія так любяць дамачадцы. Пячэ Дзіна Анатольеўна і бліны. Яны атрымліваюцца ярка-жоўтыя і вельмі смачныя. Кажа, што гарбуз можна і запякаць, але гэтага яна яшчэ зрабіць не паспела. Зрэшты, ядуць у гэтай сям’і і гарбузовыя семкі – такія карысныя для здароўя.
Акрамя кулінарыі, практычная жанчына выкарыстоўвае гарбуз і ў іншых мэтах. У сапраўднай гаспадыні нічога не знікае, усяму знойдзецца прымяненне.
Яшчэ Дзіна Анатольеўна абмовілася, што ў гэтым годзе ў іх на ўчастку не толькі гарбуз ідзе на рэкорд, але і рэдзька. Адна з іх дасягнула вагі ў 3 кілаграмы 700 грамаў. Вось дык гародніна, вось дык гаспадыня !