Хто найбольш поўна валодае інфармацыяй наконт правядзення пасяўной, як ні кіраўнік гаспадаркі? Бо менавіта праз яго праходзяць як станоўчыя, так і адмоўныя нюансы любой сельскагаспадарчай кампаніі. Вось я і звярнулася да дырэктара сельгаспрадпрыемства «Дворышча-Рас» Мікалая Адамавіча Муравейкі з просьбай даць мне невялікае інтэрв’ю. – Залог паспяховасці любой працы – людзі. Наколькі дварышчанскія механізатары настроіліся на сёлетнюю пасяўную? – Спецыялісты сельгаспрадпрыемства зрабілі ўсё магчымае, каб механізатары выяз-джалі ў поле з жаданнем працаваць. Напярэдадні кампаніі быў праведзены сход, пастаўлены задачы, абмеркаваны падыходы па аплаце працы. Усе праблемныя пытанні мы пастараліся зняць з парадку дня яшчэ да пасяўной.
Таму цяпер магу канстатаваць, што дварышчанцы настроены толькі на перамогу. У шэсць гадзін раніцы тэхніка выяз-джае на палі і працуе да цёмнага. Таму большасць механізатараў перавыконваюць штодзённыя нормы. А такія, як Анатоль Іванавіч Голубеў (на здымку), што працуе на сяўбе, і Уладзімір Уладзіміравіч Трашчанка, які і ўносіць угнаенні, і культывіруе глебу, наогул займаюць першыя радкі ў раённым спаборніцтве на пасяўной.
– Іншы раз прыходзіцца чуць скаргі наконт невялікіх расцэнак на пасяўной. Нейкім чынам
Вы, як кіраўнік, уплываеце на гэты працэс?– Мы ўжо думалі наконт змяншэння нормы выпрацоўкі, бо ўмовы надвор’я для правядзення работ складаныя. Але ж канчатковае рашэнне яшчэ не прынята.
– Як ацэньваеце якасць сяўбы?– Цяпер здавальняюча. Не буду крывіць душою, у першыя дні пасяўной ад членаў тэхналагічнай групы ў наш бок паступіла некалькі заўваг наконт недастатковасці апрацоўкі глебы. Я поўнасцю згадзіўся з гэтым і яшчэ раз накіраваў тэхніку на дрэнна апрацаваны ўчастак.
Цяпер падобнае не паўтараецца. Хаця зямля сёлета занадта сырая. Таму і прыходзіцца яе падсушваць чызелямі і культыватарамі.
А яшчэ для нас праблема – вя-лікая колькасць на палях камянёў, з якімі змагаемся, але ж пасля праходу тэхнікі яны зноў як быццам бы «вырастаюць» з зямлі.
– Тэхніка не падводзіць? – Практычна не. Праўда, некалькі дзён прыйшлося абыходзіцца без энерганасычанага трактара, які знаходзіўся на рамонце, але і ён цяпер на хаду.
Дызельнага паліва таксама хапае. Па прычыне яго адсутнасці не прастойвалі ніводнай гадзіны.
– Наколькі я ведаю, «Дворышча-Рас», як і большасць гаспадарак раёна, паступова павялічвае плошчы пад збожжавыя культуры. Колькі сёлета плануеце іх пасеяць?– Яравы збожжавы клін гаспадаркі складае 730 гектараў, што на 208 гектараў больш, чым вясной 2009 года. Што датычыцца азімых збожжавых, то восенню мінулага года іх было пасеяна на 419 гектарах. Але ж моцныя маразы зрабілі сваю справу. Каля 100 гектараў азімых трэба перасеіваць. Для гэтых мэт збіраемся набыць элітны ячмень.
– На які ўраджай разлічваеце?
– Калі ўсё будзе добра, плануем сабраць 2985 тон. Ураджайнасць павінна падняцца да 26 цэнтнераў з гектара.
– Поспеху ў працы і дзякуй за размову.