![]()
З 19 па 22 чэрвеня у г.п. Акцябрскі Гомельскай вобласці прайшоў VII рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Ужо чацвёрты раз у ім прымаў удзел наш славуты народны фальклорны калектыў “Крыніца” (на здымку) Янкавіцкага сельскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Надзеі Канстанцінаўны Кавалёвай. Ён адзіны з аўтэнтычных гуртоў прадстаўляў Віцебшчыну.
“Берагіня” – унікальны і самабытны фестываль, які за перыяд свайго існавання ператварыўся ў важную падзею культурнага жыцця Беларусі. Яго ўдзельнікі – лепшыя дзіцячыя фальклорныя калектывы і аўтэнтычныя гурты нашай краіны і бліжняга замежжа. І вельмі прыемна, што ў іх лік па праве ўваходзіць “Крыніца”. Яе ўдзельнікі вярнуліся з фестывалю з багатай калекцыяй Дыпломаў і памятных падарункаў, сярод якіх прынтар. Так, тры нашы танцавальныя пары – Алена Сяргееўна Хамчаноўская і Сяргей Васільевіч Бірукоў, Таццяна Анатольеўна Свярдлова і Станіслаў Фёдаравіч Казлоў, Жанна Нікіфараўна Васенічава і Міхаіл Пятровіч Малашэнка – яскрава выступілі на ХІІ рэспубліканскім конкурсе пар-выканаўцаў народных побытавых танцаў, што праходзіў у межах фестывалю. Яны прадэманстравалі сваё танцавальнае майстэрства ў чацвёртай узроставай групе (носьбіты) і былі адзначаны Дыпломамі за пераемнасць і захаванне традыцый танцавальнай культуры свайго краю. А ўвесь калектыў па выніках фестывалю ўзнагароджаны Дыпломам за захаванне рэгіянальнай этнаграфічнай музычнай спадчыны.
Наогул праграма рэспубліканскага фестывалю была багатай і разнастайнай. Расонскія аматары фальклорнага мастацтва мелі магчымасць, акрамя выступленняў, паўдзельнічаць у творчых майстэрнях, народным свяце “Рудабельскае Купалле”, на прэзентацыі выставы “Фоталетапіс 20 гадоў”, у круглым стале і г.д.
Мы віншуем наш славуты калектыў з выдатным выступленнем і жадаем творчага натхнення і новых канцэртных нумароў!