Напэўна, самая значная падзея для вучня – развітанне са школай, нават калі гэта школа мастацтваў. Бо пасля яе заканчэння ў кожнага пачынаецца іншае жыццё, па ўласным сцэнарыі. І няхай у такіх школах звычайна не робяць асобна апошняга званка затое ў святочнай, цёплай атмасферы віншуюць выпускнікоў, урачыста ўручаюць пасведчанні аб заканчэнні, граматы, рыхтуюць святочную праграму, дораць песні, музыку і добры настрой.
Вось і ў мінулым месяц май – месяц развітання са школай, якую большасць выпускнікоў будзе прыгадваць усё сваё жыццё. З гэтай нагоды ў актавай зале райвыканкама адбыўся выніковы канцэрт школы мастацтваў і ўручэнне пасведчанняў аб яе заканчэнні.
...Прыгожа апранутыя, крыху ўсхваляваныя, з кветкамі, выхаванцы спяшаліся на ўручэнне. Бо гэта першы ў іх жыцці дакумент аб атрыманні музычнай адукацыі. Прыгадайце сябе і згадзіцеся: ёсць падстава для хвалявання. Тым больш што выпускнікоў віншавалі іх любімыя педагогі, бацькі, першакласнікі ўстановы. Было шмат цёплых слоў, кветак і слёз развітання.
– Хай збудуцца вашыя мары, – жадалі вядучыя Аксана Лавецкая і Віталь Рубіс, – радуйце нас сваёй творчасцю, а мы ў сваю чаргу гатовы заўсёды вас падтрымаць.
…Віншаванні змяняліся выступленнямі навучэнцаў і выпускнікоў.

Доўга апладзіравалі аркестру педагогаў, які сёння з’яўляецца ўпрыгожаннем многіх канцэртаў і мерапрыемстваў.
На сцэну выходзілі выпускнікі харэаграфічнага, музычнага, мастацкага аддзяленняў. І вось настаў самы ўрачысты і доўгачаканы момант: уручэнне пасведчанняў. На сцэну ўзняліся 27 выпускнікоў.
Дырэктар школы Алена Парфёнава кожнаму ўручала дакумент, жадаючы быць упэўненымі, настойлівымі, актыўнымі. Жадала таксама поспеху ў далейшым навучанні. Пры гэтым асобна адзначыла самых яркіх выдатнікаў-выпускнікоў. Гэта музыканты – Уладзіслава Мядзведзева (фартэпіяна), Алена Малашэнка; харэографы – Дзмітрый Паўлаў, Маргарыта Вашкевіч , Юлія Дзялец, Аляксандр Амосаў; мастакі – Дзіяна Адахоўская, Вікторыя Стаўпец, Наталля Хамянок.

Акрамя пасведчанняў, выдатнікам, самым таленавітым дзецям былі ўручаны граматы за актыўны ўдзел у творчым жыцці, старанне вучыцца. Усіх выпускнікоў сустракалі і праводзілі са сцэны апладысментамі і пажаданнямі: “Ідзіце далей!” Мажліва, для кагосьці творчасць сапраўды стане прафесіяй, і апладысменты для іх будуць гучаць яшчэ сотні тысяч разоў. А хтосьці проста пранясе праз гады любоў да мастацтва, дзелячыся сваім душэўным багаццем з іншымі…