Абноўленыя Расоны, як сталіца абласнога свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі –2010», у час урачыстасцяў прынялі каля 1000 членаў афіцыйных дэлегацый з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны і, як мінімум, столькі ж удзельнікаў і гасцей. Але галоўнымі дзеючымі асобамі гэтага грандыёзнага свята, як павялося яшчэ ў нашых продкаў, былі людзі, «чые рукі пахнуць хлебам» – лепшыя земляробы Прыдзвіння. Ім ад усіх нас паклон і шчырая ўдзячнасць! Сонечна-жоўты – колер жытнёвага поля. Менавіта ён у большай ступені запаўняў прастору свята: гандлёвыя палаткі, вырабы майстроў з саломкі, падрумяненыя караваі і нават восеньскае лісцё пад нагамі нагадвалі пра цяжкую, але такую неабходную працу хлебароба.
Пра тое, наколькі важна расціць і ўбіраць хлеб, неаднойчы на працягу «Дажынак», у тым ліку і ў час узнагароджання лепшых хлебаробаў, падкрэсліваў старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалаевіч Косінец (пра гэта пойдзе гаворка крыху ніжэй). Аднак сваё прыбыванне на расонскай зямлі ён пачаў з наведвання Расонскай сярэдняй школы імя П. М. Машэрава. Бо не павіншаваць педагогаў з надыходзячым прафесійным святам Аляксандр Мікалаевіч проста не мог. Прыезда высокага госця чакалі, да яго рыхтаваліся. Падарыўшы букет кветак дырэктару ўстановы Ірыне Міхайлаўне Мірановіч, старшыня аблвыканкама хуткімі крокамі накіраваўся ў актавую залу, дзе сабраліся ветэраны педагагічнай працы і цяперашнія настаўнікі Расонскай школы. Пасля прывітання і слов віншаванняў Аляксандр Мікалаевіч спыніўся на перспектывах развіцця Расонскага раёна, пры гэтым больш падрабязна звярнуўшы ўвагу на галіну адукацыі. На яго думку, Расонская школа – як легендарная ўстанова адукацыі, дзе пачынаў свой прафесійны шлях вядомы сын беларускага народа і палітычны дзеяч Пётр Міронавіч Машэраў, павінна стаць адной з лепшых на Віцебшчыне. Для гэтага ёй будзе аказана ўсебаковая падтрымка і перш за ўсё ў паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнага становішча. Першай прыступкай у дадзеным плане стаў падараваны Аляксандрам Мікалаевічам сучасны камп’ютэрны клас. Потым будзе і рэканструкцыя памяшканняў, і аснашчэнне новым абсталяваннем, і падтрымка з боку выкладчыкаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, якія павінны будуць дапамагчы расонскім педагогам узняць якасць адукацыі ў школе на больш высокі ўзровень. У якім накірунку будзе рухацца педагагічны калектыў – вырашаць яму: рабіць акцэнт на фізічным выхаванні, на выкладанні замежнай мовы, ці іншага прадмета. Галоўнае другое – са школы павінны выходзіць адукаваныя маладыя людзі, якія ведаюць якой прафесіі прысвяцяць сваё жыццё і з жаданнем застацца рэалізоўваць сябе на Расоншчыне. Таксама па даручэнні кіраўніка вобласці ў бліжэйшы час будзе вывучацца пытанне наконт адкрыцця ў нашым райцэнтры сярэдняй спецыяльнай установы адукацыі, магчыма, для падрыхтоўкі спецыялістаў у лесаперапрацоўцы.
Яшчэ адна праблема, якая турбуе старшыню аблвыканкама – стварэнне для педагогаў належных умоў для жыцця і прафесійнай дзейнасці, каб у іх падтрымлівалася жаданне працаваць творча і з энтузіязмам. У сваю чаргу настаўнікі падзяквалі Аляксандра Мікалаевіча за ўвагу, якую ён надае Расоншчыне, і за тое многае, што было зроблена напярэдадні абласнога свята «Дажынкі».
Наступным аб’ектам наведвання старшыні аблвыканкама стала выстава сельскагаспадарчай тэхнікі, якая ў якасці падарунка будзе перададзена ў сельгаспрадпрыемствы раёна.
Прайшоўшы паміж радоў вырабаў народных майстроў, Аляксандр Мікалаевіч павярнуў на гарадскі стадыён. Там яго чакалі юныя спартсмены, для якіх старшыня аблвыканкама таксама падрыхтаваў падарункі. Праўда, хлопцы крыху збянтэжаліся, калі Аляксандр Мікалаевіч кожнаму з іх працягваў руку, каб павітацца і спытаць пра планы на будучае. А потым з цікавасцю разглядалі футбольныя мячы, хакейныя клюшкі і іншы спартыўны інвентар, якімі цяпер можна будзе ўдосталь пагуляць.
Даўшы станоўчую адзнаку зменам, якія адбыліся на стадыёне за апошні час, старшыня аблвыканкама наведаў будынак ДТСААФ, дзе ў бліжэйшы час пачнуцца заняткі аўташколы. Каля яе ў рад выстраіліся легкавыя аўтамабілі. Хоць цяпер садзіся за руль і пачынай асвойваць азы вадзіцельскага майстэрства.
Пра гісторыю будаўніцтва фізкультурна-спартыўнага комплексу Аляксандру Мікалаевічу расказала начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму Аксана Міхайлаўна Патапава. Праўда, расказ доўжыўся толькі некалькі хвілін, бо кіраўнік абласной выканаўчай улады на свае вочы пажадаў убачыць зробленае. Вялікая спартыўная зала, раздзявальні, буфет – усё яму спадабалася. Аднак, апошняй кропкай у будаўніцтве ФАКа, павінны стаць увод у эксплуатацыю басейна. Аляксандр Мікалаевіч і адразу ж вызначыў даты ўрачыстага адкрыцця – 18 снежня 2010 года, напярэдадні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
...Каля раённага Дома культуры тоўпся народ, у чаканні старшыні аблвыканкама.

Аляксандр Мікалаевіч пад песні ансамбля «Свяціца» практычна ўзляцеў па прыступках і падышоў да мікрафона. Кветкі для дырэктара РДК Л. М. Уласавай, і старшыня аблвыканкама звярнуўся да жыхароў раёна і гасцей свята. У кожным слове яго прамовы адчувалася ўпэўненасць у годнай будучыні Расоншчыны. Аляксандр Мікалаевіч паабяцаў і надалей падтрымліваць наш раён, будаваць тут новыя сацыяльныя і вытворчыя аб’екты. А ў сваю чаргу расонцы павінны падумаць, як павілічыць насельніцтва нашага рэгіёна ў тры разы, а таксама больш старанна і эфектыўна працаваць кожны на сваім месцы. І тут не абышлося без шыкоўнага падарунка. Аляксандр Мікалаевіч уручыў Ларысе Міхайлаўне сертыфікат на набыццё самага сучаснага гука- і святлаабсталявання для РДК прыкладна на 600 мільёнаў рублёў і сімвалічны ключ ад абноўленага будынка. Перарэзаўшы разам са старшынёй райвыканкама А. М. Шубскім чырвоную стужку, кіраўнік вобласці зайшоў у раённы Дом культуры. «Мне здаецца, што я памыліўся, і гэта не раённы Дом культуры ў Расонах. Яшчэ год назад ён знаходзіўся ў безнадзейным становішчы,» – некалькі разоў паўтарыў Аляксандр Мікалаевіч – «На мой погляд, проста здорава». У кожным пакоі яго віталі расонскія самадзейныя артысты. А, пачуўшы задзірыстую мелодыю ў выкананні фальклорнага ансамблю «Нежачкі», старшыня аблвыканкама зрабіў некалькі танцавальных рухаў, а потым з задавальненнем апладзіраваў.
Перад пачаткам шэсця кіраўнік вобласці таксама наведаў Гандлёвы цэнтр.
Мемарыяльны сквер у цэнтры Расон – свяшчэннае для кожнага месца. Тут пахавана звыш трох тысяч салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, партызан і падпольшчыкаў, што аддалі жыццё за свабоду нашага гарадскога пасёлка.
... Аляксандр Мікалаевіч Косінец ішоў па галоўнай алеі Мемарыяла ў маўчанні. У руках чырвоныя гваздзікі, наперадзе – салдаты роты ганаровай варты з вянком ад Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта. Калі вянок і кветкі былі ўскладзены да помніка, высокія госці нелькі імгненняў пастаялі ва ўрачыстай цішыні.
...


Пачаткам афіцыйных мерапрыемстваў стала святочнае шэсце кіраўніцтва Віцебшчыны,

дэлегацый з усіх раёнаў і гарадаў вобласці, самадзейных артыстаў па вуліцы Савецкая.

Пад гукі духавога аркестра сотні людзей накіраваліся да цэнтральнай плошчы свята.


Дошкі з назвамі раёнаў аддзялялі адну дэлегацыю ад другой, але ж і без іх кожны раён меў свой твар, дзякуючы афармленню, народным касцюмам, характэрным той ці іншай мясцовасці, песням. Некаторыя рэгіёны наогул вылучаліся ваеннымі на конях ці барабаншчыцамі ў чырвоных касцюмах.

Іншымі словамі, ярка, прыгожа і запамінальна.
Расонцы, што стаялі ўздоўж вуліцы, віталі гасцей нацыянальнымі флажкамі, паветранымі шарыкамі і шчырымі ўсмешкамі. Такая ў нас традыцыя!