На сённяшні дзень каля 6 200 галоў буйной рагатай жывёлы ўжо пераведзены
на летне-пашавае ўтрыманне. З іх у гаспадарках раёна сфарміравана 20
гуртоў кароў і 8 гуртоў цёлак.
Наколькі паспяхова праходзіць даволі складаны перыяд пераходу
грамадскага статку ад аднаго тыпу кармлення на другое? Што робіцца
спецыялістамі і жывёлаводамі, каб забяспечыць рост вытворчасці малака?
Пра гэта наша размова з начальнікам аддзела інтэнсіфікацыі
сельгасвытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання
райвыканкама
Раісай Мікалаеўнай Дзівульскай.– Наколькі я ведаю, выган статку на пашу пачаўся яшчэ ў канцы красавіка. Чым гэта было абумоўлена?– Сапраўды, першы гурт цёлак сельгаспрадпрыемства «Сяляўшчына» пакінуў жывёлагадоўчыя памяшканні 23 красавіка. Поўнасцю завяршыла выган грамадскага статку сельгаспрадпрыемства «Сокал» 28 красавіка. А на сённяшні дзень уся буйная рагатая жывёла, акрамя цялушак у «Сокале» і ААТ «Клясціцы» і першацёлак у «Краснаполлі», пераведзена на летне-пашавае ўтрыманне.
На мой погляд, рашэнне наконт дастаткова ранняга выгану было абгрунтавана, пра што яскрава гаворыць штодзённы «плюс» па вытворчасці малака.
– Нават нягледзячы на невялікі травастой у канцы красавіка?– У першай веснавой траве мала клятчаткі і цукру, але шмат вады і пратэіну. Таму, каб збалансаваць харчаванне і паступова перавесці кароў і цёлак на зялёную масу, у першыя дні ў большасці гаспадарках раёна была арганізавана падкормка статку сенам, сенажом і патакай. Гэта дазволіла ўтрымаць надоі і забяспечыць жывёлу неабходнай колькасцю харчавання. Бо, напрыклад, карове ў дзень неабходна 60 кілаграмаў травы. Пры невялікім травастоі «знайсці» іх сапраўды цяжкавата.
У сярэдзіне мая падобная праблема здымаецца сама сабой. Трава на пашы падрасла, і яе хапае, каб жывёла была сытая. Цяпер толькі застаецца забяспечваць статак вадой і соллю.
– Перад кожнай падобнай кампаніяй кіраўніцтвам упраўлення, як правіла, праводзяцца семінары і вучобы. Гэты год стаў выключэннем?– На мінулым тыдні на базе сельгаспрадпрыемства «Сяляўшчына» і ААТ «Клясціцы» прайшоў семінар-вучоба з кіраўнікамі гаспадарак, заатэхнікамі, ветурачамі, брыгадзірамі жывёлагадоўлі, замацаванымі за сельгаспрадпрыемствамі. У рабоце семінара прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Шубскі, яго намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Мікалаевіч Зінькевіч і прадстаўнік аблсельгасхарчу Павел Аляксандравіч Шалухін. На мой погляд, мерапрыемства прайшло плённа.
На прыкладзе сяляўшчынцаў мы паказалі, як неабходна арганізоўваць выган статку і сам выпас, звярнулі ўвагу на асаблівасці кармлення ў пераходны перыяд і правядзенне ненатуральнага асемянення. Думаю, атрыманыя новыя веды знойдуць сваё прымяненне на практыцы ва ўсіх гаспадарках Расоншчыны.
– Наколькі добра гурты забяспечаны кадрамі пастухоў, ад якасці работы якіх залежыць вельмі многае?– На кожным гурце працуе па 3 – 4 чалавекі. У большасці мясцовыя. Толькі ў «Сокале» і «Сяляўшчыне» працуюць 5 пастухоў са Столінскага раёна.
– Хто на сёння знаходзіцца ў лідэрах па надоях малака на карову?– Яшчэ раз паўтаруся: вытворчасць малака ў гаспадарках раёна штодзень «плюсуе». А сярод лідэраў падсобная гаспадарка «Аграсервісу» ( на яе рахунку 12,2 літра малака ад адной каровы), сельгаспрадпрыемствы «Дворышча-Рас» і «Сяляўшчына» ( адпаведна 11,3 і 11,2 літра). Пакуль апошнія – краснапольцы (9,9 літра).
Наперадзе – вялікае майскае і чэрвеньскае малако. А каб яно стала рэальным, працуюць усе работнікі жывёлагадоўчай галіны раёна.