
Урачыстую частку свята працягнула шырокая канцэртная праграма, распачаць якую выпаў гонар народнаму калектыву “Свяціца”.
Тэматыку падхапілі калектывы “Спадчына”, “Крыніца”, “Вечарына”.
Вакалам пакарылі гледачоў салісты ўзорнай эстраднай студыіі “Надзея” – Аляксандр Падвіцельскі , Раман Гаўрылаў, Кацярына Мацулевіч, Алена Хашчанка, Наталля Грыгор’ева, лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў Юлія Іванова.
Узнімаліся на сцэну і салісты эстрады раённага Дома культуры Валерый Жалязноў, Наталля Матулеўская. Цвіком праграмы стала выступленне гасцей з Віцебска.
– Паважаныя сябры, а зараз прыміце віншаванні ад ансамбля “Северо-запад” і асабіста ад начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Найдэнка, – аб’явілі вядучыя канцэртнай праграмы. У выкананні “Северо-запада” прагучала некалькі песень. І зала “выбухнула”.

Публіка атрымала шчаслівую магчымасць адчуць асалоду ад выдатнага выканання. Кожны агучаны твор суправаджаўся апладысментамі і захопленымі воклічамі “брава”. Магія, прыгажосць, тэмперамент і меладычнасць песень ярка адчуваліся ў зале і сэрцах кожнага з прысутных. Дарэчы, удзельнікі калектыву адзначылі, што не ўпершыню выступаюць на сцэне раённага Дома культуры.
Музычны падарунак працаўнікам сяла падарыла і дырэктар Дома культуры Ларыса Уласава. У яе выкананні прагучала песня “За сяброў”.
Паміж канцэртнымі нумарамі гучалі самыя цёплыя, шчырыя словы ў гонар працаўнікоў вёскі:
–Жадаем вам агню – яркага, саграваючага, дажджу – грыбнога, цёплага, сонейка – ласкавага, непякучага, ветру -– умеранага, спадарожнага, вады – празрыстай, крынічнай, паветра -– чыстага, лёгкага, здароўя – моцнага, сяброў – добрых, спагадных, настрою – выдатнага!
І сапраўды, складзеная гарманічна і з добрым густам канцэртная праграма парадавала ўсіх прысутных цудоўным настроем. А скончылася, як і патрэбна, вершам і песняй “Мой дом – Расоны”.
Сваімі ўражаннямі пра свята падзяліліся і ўдзельнікі мерапрыемства:

Андрэй Фядотаў, пераможца раённых спаборніцтваў з КУСХП “Краснаполле”:
– Сённяшняе свята ўразіла цеплынёй прыёму, выдатнай канцэртнай праграмай і, натуральна, кірмашом. Прыемна разумець, што свята такіх маштабаў робіцца для нас, працаўнікоў зямлі. Гэта падштурхоўвае да новых поспехаў на ніве. Таму лічу, што «Дажынкі» – добрая традыцыя, якую абавязкова варта працягваць.

Андрэй і Вадзім Данчанкі, малады экіпаж з СПК “Дворышча-Рас”:
– Спадабалася ўсё да самых дробязяў. Прыемна, што кіраўніцтва не пакінула нас без увагі, за што шчыры дзякуй. Напэўна, самае галоўнае ў нашай працы–калі яе заўважаюць, а тым больш ацэньваюць такім чынам. Канцэртная праграма парадавала высокім узроўнем, думаем , артысты былі не горш, чым у тэлевізійных праграмах.