На малочнатаварнай ферме ў Янкавічах галоўны чалавек – Ала Белаводава, яе загадчыца.
Гэтая маладая і энергічная жанчына, нягледзячы на невялікі працоўны
вопыт у жывёлагадоўлі, паспела зарэкамендаваць сябе як выканаўчы,
адказны, працавіты спецыяліст. Яна не баіцца цяжкасцяў і мэтай ставіць
атрыманне якаснай, канкурэнтаздольнай прадукцы як галоўны вынік
напружанай працы.Як толькі пачынаецца працоўны дзень, загадчыца з самага ранку абміне «свае валоданні», зазірне ў кожнае жывёлагадоўчае памяшканне: ці ўсё ў парадку? У яе падначаленні – 23 чалавекі. Усе яны з павагай ставяцца да кіраўніка.
...Сюды, у Сяляўшчыну, сям’я Алы і Георгія Белаводавых пераехала з Полацка год таму. Калі ў далёкім дзяцінстве Ала выхвалялася, што будзе жыць у вёсцы, яна і падумаць не магла, што лёс так і распарадзіцца. Прапрацаваўшы 13 гадоў фельчарам хуткай дапамогі, яна памяняла медыцыну на жывёлагадоўлю.
– Чаму? – са здзіўленнем цікаўлюся ў Алы Мікалаеўны. У цяперашні час моладзь імкнецца з’ехаць у горад, знайсці месца «цяплей», а Вы свядома абралі вёску і сельскую гаспадарку.
– Калі шчыра, то асноўны фактар – жыллё. Пасля заканчэння Полацкага медыцынскага вучылішча я засталася працаваць у горадзе. Спачатку крыху пажыла ў сястры, потым здымала кватэру, пасля чаго засялілася ў інтэрнат, а ў хуткасці выйшла замуж. Зноў прыйшлося арандаваць жыллё, але ўжо з мужам, крыху пазней нарадзілася дачка.
Апошнія гады мы жылі на 17 квадратах у інтэрнаце ўтраіх (а дачцэ 15 гадоў!). Натуральна, мы імкнуліся стаць уладальнікамі ўласнага жылля. З 1997 года стаялі ў чарзе на кватэру, але так атрымалася, што спісы згубіліся. Увогуле, усё ішло так, нібы мы не павінны былі гэтага рабіць.
Тады і паўстала пытанне пераезду ў сельскую мясцовасць. Мы шукалі працу там, дзе давалася жыллё. У Верхнядзвінскім і Полацкім раёнах прапанавалі нядобраўпарадкаванае. Такую вёску, як Сяляўшчына, я наогул не ведала, яе мужу хтосьці падказаў. Спачатку ён сам з’ездзіў, потым мяне прывёз. Мне спадабалася, што сяло на трасе: побач Расоны і Полацк.
І сядзіба прыйшлася па душы: добраўпарадкаваная, цёплая, з газавым ацяпленнем. Вырашылі пераязджаць.
Першапачаткова Алу Мікалаеўну ўзялі заатэхнікам-селекцыянерам на ферму, а мужа – меха-нізатарам і зваршчыкам.
Вядома ж, напачатку нявопытны заатэхнік сутыкнулася з цяжкасцямі: шмат чаго не разумела ў працы. Дапамагалі калегі – галоўны заатэхнік, дзяўчаты-даяркі. Праз год Алу Мікалаеўну прызначылі загадчыцай фермы.
–У мяне ёсць добры настаўнік, Сямён Сямёнавіч Пакатаў, -– дзеліцца Ала Мікалаеўна. – Ён мне не адмаўляе ў дапамозе і шмат чаму вучыць.
А яшчэ заўсёды побач муж. Здарыцца што, патэлефаную, спытаю парады.
– Скажыце шчыра, Вы надоўга ў нашы краі?
– А куды нам ехаць? На Расоншчыну прыехалі з-за жылля, па душы прыйшлася і работа, таму спадзяемся, што назаўсёды.
Са з’яўленнем уласнага дому і «пашырыліся гарызонты»: вясной пасадзілі агарод і сабралі свой першы ўраджай. Прычым нядрэнны: нават нарыхтоўкі на зіму зрабілі. Цяпер хочам завесці гаспадарку: парася, курэй – у вёсцы без гэтага нікуды. У мужа, нарэшце, з’явіўся гараж, у якім ён праводзіць час, займаючыся аўтамабілем.
Па горадзе Белаводавы абсалютна не сумуюць.
– Маё дзяцінства прайшло ў вёсцы, – кажа Ала Мікалаеўна. – Я хацела жыць у сельскай мясцовасці, мабыць, таму і працягнула адукацыю ў Ветакадэміі. Праўда, скончыла толькі тры курсы (па сямейных абставінах). Ды і бацькі працавалі ў гаспадарцы. Так што з чаго пачынала, туды і вярнулася.
Асаблівы рай для сям’ і ў вёсцы летам: любяць Ала і Георгій ўсёй сям’ёй адпачываць на возеры, збіраць грыбы, ягады – добра, што ўмовы цяпер дазваляюць...