17 красавіка ў Даўгаўпілсе адбылася сустрэча ўдзельнікаў праекта «Бела Дзвіна – 2». Намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Галіна Падвіцельская і начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Тадэвуш Пальчэўскі як партнёры Латгальскага рэгіёна наведалі турыстычны горад Латвіі. Магчыма, вы ўпершыню чуеце геаграфічную назву «Бела Дзвіна» і думках у сябе пытаецеся, дзе яна знаходзіцца.
– Там, дзе працякае рака Дзвіна – Даўгава, у самым цэнтры Еўропы, вы і знойдзеце «Белу Дзвіну». Яна ўключае ў сябе частку тэрыторыі Віцебскай вобласці (Расонскі раён у тым ліку) і Латгальскага рэгіёна Латвіі, – расказвае Га-ліна Аляксееўна. – Мы пачалі супрацоўніцтва з выканаўчым камітэтам праекта яшчэ некалькі гадоў таму. Тады з 2008 па 2010 гады пры падтрымцы Еўрапейскага саюза на тэрыторыі Віцебшчыны і Латгальскага рэгіёна быў рэалізаваны праект «Бела Дзвіна», накіраваны на развіццё трансгранічнага турызму. Гэты праект насіў больш тэарэтычны характар, чым практычны. Партнёры праекта знаёміліся адзін з адным, абмяркоўвалі варыянты рэалізацыі планаў, распрацоўвалі канцэпцыю развіцця турызму ў трансгранічнай прасторы. У рамках першага праекта ў нас была добраўпарадкавана зона адпачынку ў Межне.
Новы этап «Бела Дзвіна» стартаваў у 2012 годзе. Да яго далучылася яшчэ адна краіна – Літва. З павелічэннем удзельнікаў прыйшло і павелічэнне бюджэту праграмы. Мерапрыемствы новага этапу будуць накіраваны на развіццё турыстычнай інфраструктуры, а таксама на прамое прасоўванне турпрадукта, яго рэкламаванне і пазіцыянаванне. Тэорыя будзе прадстаўлена ў мінімальным аб’ёме.
Па выніках жа сустрэчы ў Даўгаўпілсе плануецца выпусціць карты для турыстаў, устанавіць тэрміналы, размясціць турыстычныя паказальнікі, уладкаваць трансгранічныя турыстычныя зоны. У нашым раёне гэта ўстаноўка двух інфатэрміналаў, столькі ж інфармацыйных стэндаў і білбордаў, каля 20 дарожных знакаў, 10 інфармацыйных тумбаў, набыццё фотакамеры. Яшчэ – уладкаванне зон адпачынку ў Расонах, Краснаполлі і Межне.
Увогуле, “Бела Дзвіна” – своеасаблівы магніт для турыстаў і рамантыкаў з усіх куткоў свету. Тут ёсць усе інгрэдыенты для падрыхтоўкі апетытнай турыстычнай стравы, якая прыйдзецца па гусце самаму патрабавальнаму гурману падарожжаў. А значыць, наплыву турыстаў будзем чакаць і ў наш адноўлены рэгіён.