ЭКОЛОГИЧЕСКАЯ СТРАНИЧКА
ПАХНЕ ВЕРАСАМ МЕСЯЦ ВЕРАСЕНЬ
6 сентября 2012 |
51034 | Ніна Герасімава | 814648 | 188 | 0 | 0 | 478 | 68 | 589
Чаму ў нас першы месяц восені называюць вераснем? Адказ на гэтае пытанне, мяркую, ведае кожны беларус: у верасні нашы сасновыя бары не толькі найбольш багатыя на грыбы, яны дзівосна прыгажэюць ад лілова-ружовага або фіялетавага покрыва з зарасляў верасу, ад іх зыходзіць, кружыць галаву непаўторны водар.
Гэты рэліктавы вечназялёны кустарнік мільёны гадоў назад узнімаўся над зямлёй на 3-4 метры. Цяпер рэдка сустракаюцца экзэмпляры вышэй за 50-70 сантыметраў. Але па-ранейшаму прываблівае верас розных насякомых сваім салодкім нектарам, які называюць “напоем багоў”. Вопытныя пчаляры лічаць верас выдатным меданосам, атрымліваюць па 200 кг мёду з гектара багатага верасам лесу. Верасовы мёд, апеты многімі паэтамі і празаікамі, вельмі духмяны, прыемнага цёмнага колеру, крышачку аддае горыччу.
Не толькі мёд, але і сам верас здаўна карыстаецца павагай у знаўцаў траў. Цвіце ён з чэрвеня і да позняй восені ў барах, на высечках, пажарышчах, махавых тарфяніках. У верасе любяць расці падасінавікі, падбярозавікі. Неаднойчы трапляліся мне на пясчаных баравінах вялікія сямейсты цвёрдых цёмна-карычневых баравікоў. А як даводзяцца шкадаваць, што не трапіў у такое месца раней, калі пераварочваеш іх вялікія чарвівыя ўжо шляпы.
У народнай медыцыне з лячэбнымі мэтамі выкарыстоўваюць лісцікі і дробныя кветачкі верасу як мачагонны, патагонны, супрацьзапаленчы, антысептычны, вяжучы, супакойлівы сродак. А адзін з траўнікаў называе верас “лекарством от одиночества и застоя ума”.
Успамінаецца, як аднойчы ў рэдакцыю райгазеты спецыяльна прыйшла з Бірузова пажылая жанчына, былая партызанская медсястра Лідзія Іларыёнаўна Сівоха. Ёй вельмі хацелася падзяліцца з чытачамі сваім вопытам выкарыстання гэтай цудоўнай расліны для ўмацавання здароўя. І, гледзячы на яе – такую бадзёрую і энергічную ў сталым ўжо узросце, нельга было засумнявацца ў карысці яе парад. “Піце верас замест чаю і будзеце здаровымі”,– пераконвала яна. Тады былі надрукаваны яе рэкамендацыі. Мяркую, што варта ўзгадаць некаторыя з іх.
Пры хваробах нырак, мачавога пузыра, гастрытах з павышанай кіслотнасцю, рэўматызме, падагры ўжываюць такі настой: 1 сталовую лыжку кветак і лісця заліць 300 мл кіпню, настойваць 2 гадзіны, працадзіць і піць па 1/3 шклянкі 3-4 разы ў дзень.Як супакойлівы сродак ужываць настой 1 чайнай лыжкі кветак верасу ў шклянцы кіпню (250 мл). Піць цёплы, па 100 мл. 2-4 разы ў дзень. Наогул, верас можна заварваць і піць як чай, калі хочаш і колькі хочаш.
Такім чынам, апынуўшыся у лесе побач з пахучым прыгожым кустарнікам, які даў назву першаму асенняму месяцу, збярыце, хоць крыху яго верхавінак. Можа быць, спатрэбяцца. Толькі будзьце беражлівымі да прыроды–ніколі не рвіце расліны з каранямі.