Падарунак коштам 618 млн. рублёў зрабіла УЗ “Расонская ЦРБ” упраўленне аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама . Гэта новенькі рэанімабіль “Фольксваген-Крафтэр”, цалкам укамплектаваны неабходным абсталяваннем для падтрымання і выратавання жыцця. У прасторным салоне, па словах галоўнага ўрача Аляксея Шчаўкуна, можна праводзіць нават простыя аперацыі – настолькі прыстасавана ўсё для неадкладных выпадкаў.
Калі падрабязней казаць пра абсталяванне, то гэта, у першуую чаргу, многафункцыянальная каталка, зручная для транспартыроўкі і пагрузкі хворых. Безумоўна, дэфібрылятар, інгалятар, апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, электракардыёграф, спецыяльная ўкладка для аказання экстраннай медыцынскай дапамогі, прыстасаванні для наладкі інфузійнай тэрапіі хворых, цэнтралізаваная сістэма падачы кісларода, электраадцмактвальнік, кандыцыянер, ацяпляльнік аўтаномны, электраўмывальнік і іншае. Усе паверхні ўнутры салона зроблены з матэрыялаў, прызвычаеных для стэрыльнай апрацоўкі.
Дарэчы, на новым рэанімабілі ўжо выратавана адно жыццё – у мінулую нядзелю на “Фольксваген-Крафтэр” у Віцебскую бальніцу даставілі экстраннага хворага, пацярпелага ў ДТЗ.
Кіруе новым аўто лепшы, самы вопытны вадзіцель Расонскай ЦРБ Аляксандр Хмялькоў. За тэхнічным станам разам з ім будзе сачыць інжынер-механік Юрый Яцкоўскі.