На такое незвычайнае і нават на першы погляд недарэчнае пытанне я
прапанавала адказаць мужчынам напярэдадні жаночага свята. І вось, што
пачула...
Пётр Чымкоўскі, 27 гадоў, супрацоўнік раённага вузла паштовай сувязі:
– Што святкуем? Міжнародны жаночы дзень. Гэта ў календары адзінае
свята, калі мужчыны дораць сваім жанчынам – жонкам, мамам, сёстрам,
бабулям – не толькі кветкі і падарункі, але і ўвагу ў выглядзе вымытага
посуду, падлогі або прыгатаванай вячэры.
Дарагія дзяўчаты, жанчыны, і я віншую вас з надыходзячым святам 8
Сакавіка! Жадаю вам кахаць і быць каханымі, знайсці гармонію і святло ў
сваёй душы, і няхай здзяйсняюцца ўсе вашы мары…
Жэня, 17 гадоў, вучань 11 класа Расонскай школы:
– Шчыра кажучы, не ведаю, што мы святкуем у гэты дзень. Дакладней не
разумею навошта патрэбна гэтае свята, калі мужчыны падкрэсліваюць
сваю ўдзячнасць жанчынам за тое, што яны ёсць. Нехта нясе сваёй каханай
велізарны дарагі букет, у кагосьці адна ружа ці тры цюльпаны, бо так
прынята на 8 Сакавіка. Але ж не ў букетах праяўляецца каханне, а ў
штодзённай увазе да жанчын. Чаму б не падарыць букет у звычайны дзень?
Сапраўдны мужчына заўсёды ведае, як у любы час зрабіць так, каб
каханая адчувала сябе каралевай, самай адзінай і непаўторнай. Таму,
паважаныя мужчыны, давайце ператвараць несвяточны дзень у святочны. І
не абавязкова дарыць для гэтага кветкі. На мой погляд, лепш
арыгінальныя і незвычайныя падарункі.
Ну і паколькі ўсё ж існуе 8 Сакавіка, я віншую жанчын з гэтай нагоды і
жадаю ўсяго самага найлепшага.
Дзмітрый Бельскі, 36 гадоў, намеснік старшыні па жывёлагадоўлі
сельгаспрадпрыемства «Дворышча-Рас»:
– Адзначаем Міжнародны жаночы дзень – вельмі прыгожае і пяшчотнае
свята. Кожны год з прыходам вясны мы, моцная палова чалавецтва ад
малодшага школьніка і да пажылога мужчыны, схіляемся перад нашымі
дзяўчынамі і жанчынамі, адорваем іх падарункамі, кветкамі, добрымі
словамі і пажаданнямі.
На мой погляд, 8 Сакавіка – галоўнае вясенняе свята, калі кожная без
выключэння жанчына адчувае сябе шчаслівай, прыгожай і самай каханай.
Таму жадаю, каб з нашымі чароўнымі жанчынамі, заўсёды побач былі
моцныя і надзейныя мужчыны, а жанчыны ў сваю чаргу заставаліся для
нас кахаючымі і вернымі палавінкамі. Хай у вашым жыцці будзе
больш шчаслівых і радасных імгненняў. Вы – гэта ўсё, што ў нас ёсць.
Толькі дзеля вас мы гатовыя на сапраўдныя подзвігі і неразважлівыя
ўчынкі. Са святам!
Запісала Алена КІРЫЛАВА. Фота аўтара.