Спецпроект

ЛЮДИ И СУДЬБЫ

НЕ СТРАЧВАЮЦЬ ЖЫЦЦЁВУЮ СІЛУ ВЫТОКІ ТРАШЧАНКАЎ

15 октября 2012 | 54263 | Ольга Лебедева | 81226 | 187 | 0 | 0 | 25 | 116 | 176
Балюча ўсведамляць, што нашы вытокі паступова затухаюць, страчваюць свае жыццёвыя сілы, і некаторыя з іх знаходзяцца ўжо на апошнім подыху. Вёскі і хутары знікаюць з геаграфічных карт і твару зямлі.  А ў старых дамах вітае яшчэ дух гісторыі з яе войнамі, папялішчамі, галоднымі гадамі, перабудовамі,  са сваімі сямейнымі каштоўнасцямі, радасцямі і стратамі.
Цэлых 100 год споўнілася сядзібе Лявона Дзмітрыевіча і Яўгеніі Рыгораўны Трашчанкаў, што ў аграгарадку Дворышча. Не кожныя муж з жонкай могуць пахваліцца, што пражылі менавіта ў бацькоўскай хаце ў згодзе 57 гадоў, пранеслі каханне,  узаемапавагу адзін да аднаго праз усе выпрабаванні, не страцілі сваіх вытокаў. 


Радавому гнязду –
100 гадоў


Перадаюцца з пакалення ў пакаленне Трашчанкаў праўдзівыя аповеды пра гісторыю роду і апошняга радавога гнязда, не губляюцца карані, не забываецца мінулае...

Яшчэ ў далёкім 1905 годзе пра-дзед Дзмітрыя Лявонавіча, якога клікалі Макей, абаснаваўся з сям’ёй на тэрыторыі Дрэтуньскай воласці. У яго адзін за адным нарадзіліся 24 “пастрэлы” – больш хлопчыкаў, чым дзяўчынак. Крыху драбнейшай  была сям’я дзеда Назара – 19 дзяцей. А часы тады былі смутныя, неспакойныя – сяляне пасля Ленскага расстрэлу рабочых падпальвалі ўгоддзі памешчыкаў. І вось Назар са сваімі старэйшымі сынамі звярнуўся ў воласць, каб яму выдаткавалі пад будаўніцтва сядзібы пагарэлае ўгоддзе. Дасталося ўрочышча “Сухая Рэчка”, якое за зіму дружнай талакой выразалі, абчасалі бярвенні і вывезлі на 2 конях і санях з падсанкамі ў вёску Навіны. Усе дошкі з таўшчэзных бярвенняў напілавалі ўручную. За вясну паставілі зруб, летам абшылі ўнутры і звонку, а ў 1912 го-дзе сям’я засялілася ў новую хату. 



А праз 26 год перавезлі сядзібу ў Дворышча. Колькі ж нацярпелася радавое гняздо Трашчанкаў! Адна толькі Вялікая Айчынная чаго каштавала. У 1942 годзе, калі нямецкая авіяцыя бамбіла школу, адзін снарад трапіў у пярэднюю палову дома.  Выкінула вокны, асколкамі зрашаціла шафу, столь, падлогу,  пабіла дах. Бацька і тыя, хто не быў на фронце ці ў партызанах (а гэта дзеці і падлеткі), узяліся за ўзнаўленне сядзібы.



– Я навучыўся крыць дах, зашываць франтон, – расказвае Дзмітрый Лявонавіч. – А бацька мой быў выдатны плотнік…
Перад злучэннем партызан з часцямі Чырвонай Арміі вёска зноў падверглася бамбёжцы. І зноў пацярпела сядзіба Трашчанкаў усур’ёз.

– У гэты час мы хаваліся ў вёсцы Перавоз, – працягвае ўспамінаць Дзмітрый Лявонавіч. – Якая была радасць, калі сустрэліся з нашымі войскамі! Па вяртанні ў родную вёску зноў заняліся рамонтам хаты…

 Аднаўлялася ў пасляваенныя гады і мястэчка – з’явіліся магазін, медпункт, майстэрні.Запрацавала школа. Трынаццацігадовы Дзмітрый уладкаваўся працаваць у калгас, а ў 1951 годзе быў прызваны на армейскую службу ў вайсковую часць 05920 Уральскай  ваеннай акругі.

Адным  з “ядзерных
салдат” маршала
Жукава стаў
дварышчанскі хлопец


Служба вадзіцеля Дзмітрыя Трашчанкі далёка ад родных мясцін была хаця і напружанай, але яму цікавай. Калі да дэмабілізацыі заставалася некалькі месяцаў, абвясцілі пра вучэнні на Тоцкім ваенным палігоне. І ў жніўні 1954 года вайсковую часць, дзе служыў расонскі хлопец, накіравалі менавіта туды.

А 14 верасня  на палігоне прайшлі першыя ў Савецкім Саюзе вайсковыя вучэнні ва ўмовах рэальнага ядзернага выбуху.  Праўда пра гэтую па-дзею захоўвалася ў тайне 25 год. У тым ліку і Дзмітрый Лявонавіч даваў падпіску пра яе нявыдачу. Цяпер ён успамінае пра падзеі верасня 54-га і дзякуе лёсу, што пакінуў яму жыццё.

У той час ніхто – ні мірнае насельніцтва, ні салдаты – нават не здагадваўся, якая канкрэтна зброя праходзіць іспыты. Безумоўна, не ведалі і пра страшэнныя наступствы такіх “эксперыментаў”.

Кіраўніцтва вучэннямі даручылі першаму намесніку міністра абароны маршалу Савецкага Саюза Георгію Жукаву, а строга засакрэчанай акцыі далі цынічнае кодавае названне “Сняжок”. Па афіцыйных даных у эксперыменце прынялі ўдзел 45 тысяч чалавек, 600 танкаў і самаходна-артылерыйскіх установак, 500 гармат і мінамётаў, 600 бронетранспарцёраў, 320 самалётаў, 6 тысяч цягачоў і аўтамабіляў. На адным з іх, «ГАЗ-63»,   у складзе 1 эшалона разам з астатнімі “ядзернымі салдатамі” рухаўся да месца вучэння сяржант Трашчанка.

У выходных раёнах размяшчэння войскаў было адрыта звыш 380 траншэй, пабудавана звыш 500 бліндажоў і іншых сховішч. За двое сутак да пачатку іспытаў на Тоцкі палігон  прыбылі вышэйшыя военачальнікі.

Загад пра скідванне па радыё быў даведзены да экіпажа бамбардзіроўшчыка Ту-4 , які ўжо знаходзіўся ў паветры пад камандаваннем маёра Васіля Кутырчава.
– З пяці радыястанцый узвода выбралі нашу. Я ўзяў карабін, 10 патронаў, процівагаз і бягом у парк, завёў машыну і паехаў да казармы, – расказвае Дзмітрый Лявонавіч.– А праз 10 хвілін мы загружаліся на платформу ў горадзе Камышлаў. Пасля замацавання машын, “кукушка” пацягнула нас да эшалона. Раніцай былі на станцыі Аргаяш Чэлябінскай вобласці.  Разгрузіліся і рушыліся ў раён сканцэнтравання.  Экіпажы танкаў занялі свае месцы ў машынах, задраіўшы люкі… За 10 хвілін да нанясення ядзернага ўдару быў дадзены сігнал “атамная трывога”.

 Як успамінае Дзмітрый Лявонавіч, з рэпрадуктараў прагучалі кодавыя словы “Лёд ідзе!”, па якіх частка асабовага саставу ўдзельнікаў вучэнняў пайшла ў сховішчы.
Роўна ў 9 гадзін 34 хвіліны з вышыні 8 тысяч метраў была скінута плутоніевая бомба РДС-2 (кодавая назва “Таццянка”) з трацілавым эквівалентам 40-60 кілатон.
 «Таццянка» ўзарвалася праз 45-48 секунд пасля скідвання на вышыні прыкладна 350 метраў з адхіленнем ад цэлі на 280 метраў. 

–    Хвілін праз пяць пасля выбуху, – старанна падбіраючы словы, гаворыць Дзмітрый Лявонавіч, –  пачалася артпадрыхтоўка, затым удар з паветра нанеслі бамбардзіроўшчыкі ў суправаджэнні знішчальнікаў. Частка самалётаў пры гэтым прайшла праз радыёактыўнае воблака. А яшчэ хвілін праз сем да эпіцэнтра выбуху прыбылі дазоры радыяцыйнай разведкі.  Я чуў, што адзін з дазіметрычных атрадаў, накіраваных да эпіцэнтра, быў укамплектаваны з адбываючых пакаранні, а яго камандзір атрымаў загад расстрэльваць асуджаных  на месцы пры любым праяўленні непаслушэнства… Але гэта толькі чуткі…     Затым праз раён атамнага выбуху па загадзе Жукава сталі рухацца вайсковыя   калоны. З-за пылу немагчыма было нічога разгледзець. Таму тэхніка пераадольвала паражоную зону з хуткасцю 10 - 40 км у гадзіну. Ніякай спецыяльнай амуніцыі ў байцоў не было: стандартнае бавоўна-папяровае адзенне, шынель, накідка ды процівагаз. Калі паступіў загад зняць процівагазы, мы літаральна вываліліся з кабін, усе мокрыя і пакрытыя пылам. Паветра прагрэлася амаль да 40 градусаў.  А што такое радыяцыя, нам ніхто не тлумачыў. Потым замест санапрацоўкі – купанне ў паражонай радыяцыяй рэчцы…

Як гаварылася ў адным з дакументаў , «пересечённая местность в районе, намеченном для взрыва атомной бомбы, обеспечивала всестороннюю оценку воздействия атомного взрыва на инженерные сооружения, военную технику, животных и позволяла выявить влияние рельефа местности и растительного покрова на распространение ударной волны, светового излучения и проникающей радиации». Яшчэ вельмі цікавіла ваенных, наколькі будуць праходнымі для танкаў пасля атамнага выбуху лясныя абшары.

“Безумоўна, праз раён атамнай бамбардзіроўкі прагналі не ўсе 45 тысяч удзельнікаў вучэнняў, – упэўнены Дзмітрый Лявонавіч. – Але сваю дозу апрамянення схапілі ўсе, акрамя самага высокага начальства…” Як потым высветлілася, мэтамі вучэнняў на Тоцкім палігоне былі даследаванні ўздзеяння атамнай бомбы сярэдняга калібру на ўчастку загадзя падрыхтаванай абароны. А таксама на ўзбраенне, ваенную тэхніку, жывёл… Жадалі ўстанавіць ступень абаронных якасцяў розных збудаванняў, рэльефу мясцовасці і расліннага покрыва ад уздзеяння атамнага выбуху. Вывучылі і практычна праверылі асаблівасці арганізацыі наступальных і абарончых дзеянняў часцей і злучэнняў, дзеянняў войск пры прарыве абараняльных палос услед за атамнымі ўдарамі і г.д…

Пра “атамных салдат” успомнілі толькі пасля падзей у Чарнобылі, але многім так і не ўдалося атрымаць кампенсацыю за страчанае здароўе.
У 1994 годзе на Тоцкім палігоне ў эпіцэнтры выбуху ўстанавілі памятны знак – стэлу са званамі, якія плачуць па пацярпелых ад радыяцыі.

І можна толькі здагадвацца, якія наступствы падзеі 14 верасня 1954 года мелі для сямей “атамных салдат” Жукава: многія, перш чым стаць інвалідамі, паспелі абзавесціся дзецьмі.

– Мы паехалі, – працягвае аповед Дзмітрый Лявонавіч, – а вось мясцовыя жыхары засталіся. Чытаў адно  інтэрв’ю прафесара Арэнбургскай дзяржаўнай медыцынскай акадэміі Міхаіла Скачкова. Ён расказаў, што вынікі даследаванняў імунітэту жыхароў Сарочынскага раёна ашаламляюць. У дзяцей фактычна не працуе сістэма інтэрферону – абароны арганізма ад раку. Атрымліваецца, што трэцяе пакаленне людзей, якія перажылі атамны выбух, жыве з прамой схільнасцю да анкалогіі…

У 1992 годзе ўдзельнікі Тоцкіх вучэнняў, якія засталіся жыць, аб’ядналіся  ў Беларускі камітэт ветэранаў падраздзяленняў асаблівай рызыкі. І дагэтуль не разумею: ці рэльна быў так запатрабаваны вопыт наступлення праз эпіцэнтр ядзернага выбуху і атамнага эксперымента над людзьмі? Вось і атрымліваецца, што савецкія маршалы проста задаволілі сваю дапытлівасць, адначасова  высветліўшы, што савецкі салдат можа ісці ў атаку праз эпіцэнтр атамнага выбуху…

– Дзякуй бацькам, што выгадавалі мяне фізічна і псіхічна здаровым, загартаваным, прывучылі мужна пераадольваць цяжкасці.

Тры крокі
 да брыльянтавага
 вяселля


Дэмабілізаваўшыся, Дзмітрый Лявонавіч вярнуўся ў Дворышча. Тут сустрэў і сваё каханне. Ажаніўся, разам з любай сумленна працаваў на карысць калгаса.

Толькі калі нарадзілася дачка Га-ліна, Дзмітрый Лявонавіч стаў адчуваць наступствы ядзерных іспытаў – штодзённым стаў галаўны боль, пачалі балець сэрца, страўнік, суставы. Жонка Яўгенія Рыгораўна прымусіла пайсці да ўрачоў. Яны правялі абследаванне і забаранілі гаспадару працаваць. А як забяспечваць дабрабыт сям’і? Як гадаваць дзяцей? 

Да таго ж, сям’я Трашчанкаў папоўнілася яшчэ адной дачушкай Наталляй, сынам Аляксандрам.
Дзмітрый Лявонавіч стаў ху-дзець на вачах, з’явіліся рэзкія перапады настрою. Гаспадыня ўпотайку плакала і вышуквала рэцэпты народнай медыцыны, выразала артыкулы з газет і часопісаў, раілася з вопытнымі ўрачамі, каб аблягчыць боль і падтрымаць  блізкага чалавека. Адзін выдатны лекар параіў завесці пчол і штодзённа ўжываць мёд і прадукты пчалярства – праполіс, пяргу, матачнае малачко.  Так і зрабілі Дзмітрый Лявонавіч і Яўгенія Рыгораўна – у хуткім часе на прысядзібным участку “абаснавалася” пасека. Гаспадыня абагуліла ўсе назапашаныя веды па “выгнанні” радыяцыі з арганізма і рабіла настоі,  мазі, адвары. Да таго ж, у рацыёне ўдвая болей стала малочных прадуктаў, ягад, садавіны, гародніны. Яўгенія Рыгораўна зрабілася  галоўным доктарам для мужа – ён без пярэчання прымаў  яе рэкамендацыі  і прымаў лячэнне бездакорна. Праз непрацяглы час хвароба стала адступаць. Не шкадуючы сіл, уся дружная сям’я працавала на зямлі – трымалі, акрамя пасекі, гектар зямлі, прысядзібную гаспадарку, сад.

– Дзякуй за ўсё жонцы, бацькам, дзецям, – гаворыць Дзмітрый Лявонавіч. – Без іх падтрымкі і дапамогі, напэўна, ужо не было б мяне на гэтым свеце.
Што тычыцца працы, то ад яе ўсё роўна гаспадар не адмовіўся – перайшоў у кантору ўлікоўцам.

Дзеці падраслі, параз’ехаліся, стварылі свае сем’і. Але часта наведваюць любімых бацькоў і радавое гняздо. Тым больш, што цяпер Яўгеніі Рыгораўне па прычыне хваробы і інваліднасці патрэбны старанны догляд, чуласць і дапамога.
 Шасцёра ўнукаў, трое праўнукаў праводзяць водпускі, выхадныя і канікулы толькі ў бабулі з дзядулем. І хаця яны самі стараюцца справіцца па гаспадарцы, дружныя сем’і сына і двух дачок заўсёды побач. На кожнае свята вялікая сям’я з збіраецца толькі ў старэйшых Трашчанкаў. Так было і 25 верасня, калі гаспадары святкавалі 57 год сумеснага жыцця. Толькі тры гады, а гэта значыць, тры крокі, тры імгненні аддзяляюць былых залатых юбіляраў да брыльянтавага вяселля.  Дзмітрый Лявонавіч не пажартаваў, калі паабяцаў жонцы падарыць пярсцёнак з брыльянтам: толькі не хварэй, жыві доўга, любая жанчына!

У чым сакрэт іх сямейнага шчасця? Зразумела, у павазе адзін да аднаго. “І галоўнае, – адзначае Яўгенія Рыгораўна, – неабходна ўмець выбачаць свайму мужу, па дробязях не трымаць крыўды доўгі час”. А Дзмітрый Лявонавіч дадае: “Мы заўсёды стараліся зразумець адзін аднаго, выслухаць і дараваць”.

Дзеці шчаслівыя ад таго, што ў іх такія цудоўныя бацькі, і жадаюць ім моцнага здароўя. Мараць, каб яны яшчэ доўгі час сустракалі іх на парозе роднага дома.

Искать похожите статьи:

НОВОСТИ БЕЛТА
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ

лучшая газета

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ
АРХИВ ГАЗЕТЫ
0000-00 | 2007-декабрь | 2010-февраль | 2010-март | 2010-апрель | 2010-май | 2010-июнь | 2010-июль | 2010-август | 2010-сентябрь | 2010-октябрь | 2010-ноябрь | 2010-декабрь | 2011-январь | 2011-февраль | 2011-март | 2011-апрель | 2011-май | 2011-июнь | 2011-июль | 2011-сентябрь | 2011-октябрь | 2011-ноябрь | 2011-декабрь | 2012-январь | 2012-февраль | 2012-март | 2012-апрель | 2012-май | 2012-июнь | 2012-июль | 2012-август | 2012-сентябрь | 2012-октябрь | 2012-ноябрь | 2012-декабрь | 2013-январь | 2013-февраль | 2013-март | 2013-апрель | 2013-май | 2013-июнь | 2013-июль | 2013-август | 2013-сентябрь | 2013-октябрь | 2013-ноябрь | 2013-декабрь | 2014-январь | 2014-февраль | 2014-март | 2014-апрель | 2014-май | 2014-июнь | 2014-июль | 2014-август | 2014-сентябрь | 2014-октябрь | 2014-ноябрь | 2014-декабрь | 2015-январь | 2015-февраль | 2015-март | 2015-апрель | 2015-май | 2015-июнь | 2015-июль | 2015-август | 2015-сентябрь | 2015-октябрь | 2015-ноябрь | 2015-декабрь | 2016-январь | 2016-февраль | 2016-март | 2016-апрель | 2016-май | 2016-июнь | 2016-июль | 2016-август | 2016-сентябрь | 2016-октябрь | 2016-ноябрь | 2016-декабрь | 2017-февраль | 2017-март | 2017-апрель | 2017-май | 2017-июнь | 2017-июль | 2017-август | 2017-сентябрь | 2017-октябрь | 2017-ноябрь | 2017-декабрь | 2018-январь | 2018-февраль | 2018-март | 2018-апрель | 2018-май | 2018-июнь | 2018-июль | 2018-август | 2018-сентябрь | 2018-октябрь | 2018-ноябрь | 2018-декабрь | 2019-январь | 2019-февраль | 2019-март | 2019-апрель | 2019-май | 2019-июнь | 2019-июль | 2019-август | 2019-сентябрь | 2019-октябрь | 2019-ноябрь | 2019-декабрь | 2020-январь | 2020-февраль | 2020-март | 2020-апрель | 2020-май | 2020-июнь | 2020-июль | 2020-август | 2020-сентябрь | 2020-октябрь | 2020-ноябрь | 2020-декабрь | 2021-январь | 2021-февраль | 2021-март | 2021-апрель | 2021-май | 2021-июнь | 2021-июль | 2021-август | 2021-сентябрь | 2021-октябрь | 2021-ноябрь | 2021-декабрь | 2022-январь | 2022-февраль | 2022-март | 2022-апрель | 2022-май | 2022-июнь | 2022-июль | 2022-август | 2022-сентябрь | 2022-октябрь | 2022-ноябрь | 2022-декабрь | 2023-январь | 2023-февраль | 2023-март | 2023-апрель | 2023-май | 2023-июнь | 2023-июль | 2023-август | 2023-сентябрь | 2023-октябрь | 2023-ноябрь | 2023-декабрь | 2024-январь | 2024-февраль | 2024-март | 2024-апрель | 2024-май | 2024-июнь | 2024-июль | 2024-август | 2024-сентябрь | 2024-октябрь | 2024-ноябрь | 2024-декабрь | 2025-январь | 2025-февраль | 2025-март | 2025-апрель | 2025-май | 2025-июнь | 2025-июль | 2025-август | 2025-сентябрь | 2025-октябрь | 2025-ноябрь | 2025-декабрь | 2026-январь | 2026-февраль | 2026-март |

0000 | 2007 | 2010 | 2011 | 2012 | 2013 | 2014 | 2015 | 2016 | 2017 | 2018 | 2019 | 2020 | 2021 | 2022 | 2023 | 2024 | 2025 | 2026 |

ГОРОСКОПЫ ПО ЗНАКУ ЗОДИАКА



ССЫЛКИ НА РЕСУРСЫ
Россонский районный исполнительный комитет
Витебское областное управление МЧС РБ
Официальный сайт Россонской средней школы имени П.М. Машерова
Туризм и отдых в Россонском районе
Детский правовой сайт
ГЛХУ Россонский лесхоз
ВИДЕО О РОССОНАХ
ФОТОРЕПОРТАЖИ