– Ой, дзетка, як прыемна, калі пра цябе ўспамінаюць, – пачала нашу размову ардэнаносец, даярка калгаса імя Кутузава Марыя Фёдараўна Шашкова. – На такім свяце два тыдні таму давялося пабываць! Нас, старых, хто працаваў у калгасах і саўгасах, запрасілі ў раённы Дом культуры, каб павіншаваць з Днём працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Мы сядзелі ў першых радах і плакалі. Ад удзячнасці плакалі. Слёзы цяклі з вачэй, калі сам старшыня райвыканкама нам такія добрыя словы гаварыў. І як рукамі кароў даілі, і як жыццё ў гумавых ботах прахадзілі, як ад цяжкой працы хваробы зарабілі. А яшчэ Аляксандр Мікалаевіч сказаў: “Паклон вам нізкі да зямлі, што краіну кармілі і ўсё аддавалі дзеля гэтага”. 
… Марыя Фёдараўна сапраўды адно-сіцца да таго пакалення нашых землякоў, якія на сваіх плячах аднаўлялі разбураную вайной сельскую гаспадарку Расоншчыны. Яна пайшла працаваць у калгас імя Сталіна, цэнтр якога знаходзіўся ў роднай вёсцы Дудчына, адразу пасля заканчэння васьмігадовай школы ў 1953 годзе. Два гады была ўлікоўцам, потым непрацяглы час спрабавала сябе ў якасці свінаркі і цялятніцы. А калі Марыя выйшла замуж за хлопца з вёскі Горы Аляксандра Шашкова, пераехала на малую радзіму мужа і ўладкавалася ў мясцовы калгас імя Кутузава даяркай.
Вось як жанчына ўспамінае той час:
– Вёска тады другая была. Людзей у Гарах шмат жыло. І моладзі, і дзяцей хапала. Магазін, школа, клуб, калгасная кантора – усё на месцы. Ферма таксама стаяла блізка. З першага працоўнага дня за мной замацавалі групу з 14 цялушак. І працавала, і вучылася паралельна. Канешне, адразу вопытныя даяркі ўвялі ў курс справы, аднак ніхто асабліва не цацкаўся: калі прыйшла, значыць, працуй так, як усе. У 50-ыя гады доля даяркі была не з лёгкіх. Даілі кароў рукамі тры разы на дзень. З вядзёр малако злівалі ў бідоны, а потым іх цягнулі да спецыяльнага паглыблення, напоўненага халоднай вадой. Яно выконвала ролю халадзільніка. У гэтую ваду і апускалі бідоны. Кармы грузілі на калёсы, у якія быў запрэжаны конь. Ён ішоў паміж радамі, а даяркі нагружалі кошыкі і разносілі кожнай жывёліне. У асноўным кармілі сенажом, сенам і саломай, а таксама бульбай і буракамі. Некалькі разоў за дзень гной вычышчалі скрабкамі і грузілі ў ваганетку. Потым яе вывозілі з фермы. Што там гаварыць, нават электрычных лямпачак не было. Керасінка больш капціла, чым давала святло. Бывала, трэба ацёл прымаць, а нічога не відаць, хоць вока выкалі. Ад цяжкіх фізічных нагрузак я зарабіла артроз. Мае ногі і цяпер так баляць, што іншы раз сіл няма.
А яшчэ часта ў гаспадарцы былі праблемы з кармамі. Не хапала іх да вясны. Вы нават не ўяўляеце, як балела маё сэрца, калі каровы мычалі ад голаду і слаблі на вачах. Прызнаюся, нават прыходзілася для іх красці ў калгасе салому. Узімку сабяромся з даяркамі і , каб ніхто не бачыў, ідзём да скірды. Замёрзлымі рукамі нацягаем саломы і цягнем на сабе да фермы. Вось так іншы раз і падкармлівалі.
Нягледзячы на падобныя ўмовы жанчыны працавалі і не скардзіліся на жыццё. Стала лягчэй, калі пабудавалі новую ферму, бо ў ёй ужо быў транспарцёр для выдалення гною і малакаправод.70-ыя гады для Марыі Фёдараўны Шашковай у працы сталі самымі паспяховымі. У 1973 і 1976 гадах даярка атрымала знак “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”. І ў гэтым жа 1976 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР яна была ўзнагароджана ордэнам Працоўнай Славы 3 ступені. Гэтай узнагародай адзначаліся поспехі прадстаўнікоў многіх прафесій, у тым ліку і работнікаў сельскай гаспадаркі, за высокую ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур і прадукцыйнасць жывёлы. Марыя Фёдараўна атрымала ордэн за тое, што надаіла за папярэдні год тры тысячы кілаграмаў малака ад кожнай каровы.
Вестка пра высокую ўзнагароду для жанчыны была нечаканай. Безумоўна, стала прыемна, што яе працу заўважылі і адзначылі. На ферме ў Гарах Марыя Фёдараўна з’яўлялася адзіным ардэнаносцам. Узамен яна часта ахвяравала размераным сямейным жыццём. Выхаваннем двух сыноў практычна займалася свякроў, бо іх маці большую частку дня праводзіла на ферме, а бацька – у розныя часы слесар і трактарыст гэтай жа гаспадаркі – таксама быў заняты працай. Нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак Марыя Фёдараўна яшчэ сем гадоў адпрацавала на роднай ферме ўжо ў якасці брыгадзіра. І толькі тады звольнілася, калі кароў перавялі ў Дворышча.
– Усё роўна гаспадарка для мяне засталася сваёй, – дзеліцца жанчына. – На свяце як сынам я ганарылася Мікалаем Адамавічам Муравейкам. Ён як дырэктар “Дворышча-Рас” атрымаў узнагароду за нарыхтоўку кармоў. Наогул, Мікалай Адамавіч – чалавек добры. Заўсёды павітаецца, спытае, як здароўе. Ды і на мерапрыемства мяне, нібы каралеву, на машыне ад самага дома і да райцэнтра даставіў. Дзякуй яму і кіраўніцтву райвыканкама, што не забываюць старых. Для нас гэта сапраўды вельмі важна!