Менавіта так ахарактарызавалі свой шлюб героі гэтага матэрыялу. У 2013-м годзе Кацярына Трафімаўна і Уладзімір Фёдаравіч Дударавы з вёскі Драгунова адзначаюць 53-ю гадавіну сумеснага жыцця. Паказальная дата, згадзіцеся, а для нашага хуткага часу проста фантастычная. У адзін з цёплых красавіцкіх дзён я завітала да Дударавых, каб запытаць пра сакрэты сямейнага жыцця, якія і праз палову стагоддзя дазваляюць глядзець у родныя вочы з цяплом і ласкай.
БАЦЬКА – НАДЗЕЙНАЯ АПОРА ДЛЯ ПАСЛЯВАЕННАЙ СЯМ’ІАбодва яны нарадзіліся перад самай вайной, таму ёсць у арсенале іх успамінаў і галоднае дзяцінства, і пакуты ваеннага часу. Адно слова «вайна» выклікае ў старых буру эмоцый. Пасля вайны ў сям’і Кацярыны Трафімаўны на 4-х дзяцей засталася адна маці – бацька загінуў, абараняючы Айчыну. А вось юны Валодзечка разам з сястрой засталіся без бацькі і маці, як кажуць, круглымі сіротамі. “Што казаць, не жылі, а выжывалі. Што елі, што апраналі? Маці было вельмі цяжка, ды і мы імкнуліся дапамагаць, чым маглі. Пра Валодзю і казаць нечага – маці растралялі немцы, бацька загінуў на фронце. А ў пасляваенны час галоўнай апорай у сям’і быў бацька – ён і зямлю заарэ, і малатком папрацуе, і капейку нейкую прынясе,” – разважае пажылая жанчына.
ДАСТАТАК
ПРЫЙШОЎ НЕ АДРАЗУАжаніліся яны ў пачатку 1960 года, праз год нарадзіўся іх першынец Анатоль, а яшчэ праз тры гады другі сын – Саша. Трэцяга, малодшага, яны, на жаль, страцілі праз тры тыдні пасля яго нараджэння.
“Без бацькоў нам вельмі цяжка было зажывацца. Усё самі. Напрыклад, хату ў Драгунове муж сам будаваў, прычым, вы не паверыце, начамі. А што рабіць, ён трактарыстам у мясцовым саўгасе працаваў – з цямна да цямна ў полі. І вось пры- едзе ён дадому, трохі падсілкуецца, і ідзём хату будаваць. А пасля працоўнага дня моц ужо не тая, але нічога не зробіш – жыццё патрабавала.
Мы разам дошкі на падлогу апрацоўвалі, а вось печ мне давялося з печніком самой класці – мужа з работы не адпусцілі, дык я і пясок сама насіла, і цэглу. А Валодзя амаль усю мэблю сваімі рукамі зрабіў, я ўжо не кажу пра вокны, дзверы,” – гаворыць Кацярына Трафімаўна.
МЕДАЛЁЎ НЕ АТРЫМАЛІ,
АЛЕ ЎДАРНІКАМІ
ПРАЦЫ БЫЛІАдразу пасля школы Кацярына нікуды вучыцца не паступіла – стала кладаўшчыком на калгасным скла-дзе. Спачатку загадвала невялікім памяшканнем, потым прапанавалі быць кладаўшчыком у большым складзе. Але яна не згадзілася: працоўнае месца размяшчалася ў 4-х кіламетрах ад дому, а гэта вельмі далёка, улічваючы наяўнасць малых дзяцей. Таму некаторы час была паляводам, а потым “перакваліфікавалася” ў даяркі. Была жанчына і дэпутатам райсавета, яе партрэт рэгулярна размяшчалі на Дошцы гонару роднай гаспадаркі.
Мужчына ўсё жыццё быў верны сваёй справе – працаваў механізатарам, з гэтай “пасады” і на пенсію пайшоў.
І муж, і жонча часцяком атрым-лівалі адзнакі – “Ударнік працы”, “Лепшая даярка” і “Лепшы на пасяўной” ці “Лепшы на ўборачнай”. А колькі грамат і падзяк за жыццё яны атрымалі!
Нягледзячы на занятасць на рабоце Дударавы ўвесь час трымалі вялікую гаспадарку: карова, свінні, куры, вялікі агарод. Да слова, ад каровы зусім нядаўна адмовіліся – здароўе ўжо не тое, а вось астатнюю гаспадарку трымаюць.
“А чаго ад зямлі адмаўляцца ці парсючкоў з курачкамі не трымаць? Дзеці і на пасяўную, і на ўборачную прыязджаюць, заўсёды дапамагаюць. І яйкі, і мяса, і садавіна-агародніна – усё сваё!” – гаворыць дбайная гаспадыня.
ДЗЯЦЕЙ НАВУЧЫЛІ
ПРАЦАВАЦЬ І
ЛЮДЗЕЙ ПАВАЖАЦЬКалі зайшла размова пра дзяцей, твары маіх суразмоўнікаў пасвятлелі. Сыны – галоўны гонар у гэтай сям’і. Абодва атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю і пайшлі працаваць. Абодва с поспехам атабарыліся ў горадзе – працуюць на нафтаперапрацоўчым прадпрыемстве. У абодвух сыноў добрыя сем’і. Дзеці падаравалі бацькам траіх ўнукаў і аднаго праўнука.
–Ведаеце, гляджу на сваіх дзяцей і ўнукаў, і душа радуецца. Усё ў іх у парадку: добрая работа, кватэры, новая мэбля ў іх, адпачываюць яны цікава і нас, бацькоў, не забываюць, – кажа шчаслівы бацька.
Але галоўнае, што ўздымае настрой бацькоў, гэта адносіны адзін да аднаго ў сем’ях сыноў. І не толькі таму, што сыны добра выхаваныя, да працы прывучаныя, але і з нявесткамі ім пашчасціла.
–Нявестачкі ў нас з вышэйшай адукацыяй, акуратныя, ветлівыя, клапатлівыя, ні ад якой працы не адмаўляюцца, – разважае гаспадыня.
На маё пытанне, як атрымалася сыноў добрых вырасціць, бацькі ў адзін голас кажуць: нічога такога асабістага не рабілі – навучылі працаваць і людзей паважаць, не красці, не маніць – жыць па чалавечых законах. За такую жыццёвую школу дзеці вельмі ўдзячны бацькам і кожны раз, калі ёсць такая магчымасць, імкнуцца ў бацькоўскі дом, каб дапамагчы ў полі, парадаваць заморскім прысмакам ці проста абняць дарагіх людзей. А ці не дзеля гэтага мы жывём, каб быць патрэбнымі і любімымі?!