Ужо тры пакаленні сям’і Петах, што жыве ў аграгарадку Клясціцы, прысвяцілі сябе лясной гаспадарцы Расонскага раёна. Родапачынальнікам дынастыі з’яўляецца Ласла Ілітавіч, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця. Ён працаваў трактарыстам на трылёўцы лесу ў Кавалёўскім лесапункце. А яго справу працягнулі сын і ўнучка. 
23-гадовым хлопцам Ілья Лаславіч ( на здымку) стаў у працы паплечнікам свайго бацькі. Маючы кваліфікацыю трактарыста і вадзіцеля, ён таксама вырашыў уладкавацца на Кавалёўскі лесапункт, дзе займаўся трылёўкай лесу на працягу 12 гадоў. У 2003 годзе Ільі Лаславічу прапанавалі пасаду лесніка ў новым Якубоўскім лясніцтве і мужчына згадзіўся на гэтую прапанову. Але перад тым, як прыступіць да выканання новых службовых абавязкаў, прайшоў навучанне ў цэнтры павышэння кваліфікацыі работнікаў лясной гаспадаркі ў пасёлку Ждановічы. З гэтага часу Ілья Лаславіч з’яўляецца адным з лепшых леснікоў Якубоўскага лясніцтва, якіх, дарэчы, тут працуе дзесяць.
Заўсёды і ў любы час года лесніку ёсць чым заняцца. Ілья Лаславіч адказвае за ўсё, што адбываецца на тэрыторыі яго абходу плошчай у 961 гектар. Сярод асноўных штодзённых спраў папярэджванне парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі, незаконных парубак, сенакашэння, выпасу хатняй жывёлы, крадзяжоў, кантроль за станам і аховай лясоў, выкананнем тэрмінаў і правілаў палявання, аказанне дапамогі майстру лесу ў правядзенні лесагаспадарчых і лесакультурных работ, удзел у адводзе лесасек і многае іншае.
Вось і ў гэтыя красавіцкія дні перад Ільёй Лаславічам і іншымі работнікамі лясніцтва стаіць няпростая задача – за кароткі тэрмін пасадзіць елку і сасну на 18 гектарах. На яе выкананне накіраваны намаганні і дачкі Ільі Лаславіча, Вольгі Ільінічны Петах, якая пасля заканчэння Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа ўжо другі год працуе майстрам лесу. Дзяўчына выдатна спраўляецца са сваімі службовымі абавязкамі, адначасова атрымлівае вышэйшую адукацыю на завочным аддзяленні Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Пры гэтым, самым строгім суддзёй яе працоўнай дзейнасці з’яўляецца бацька. Ён і параіць можа, і заўвагу зрабіць, калі дзесьці памылілася.
Вось так, крок за крокам падымаючыся ўверх па службовай лесвіцы, пачынаючы ад дзядулі-трактарыста і заканчваючы ўнучкай – майстрам лесу, на карысць лясной гаспадарцы працуюць прадстаўнікі сям’і Петах. І хай іх лясная дынастыя толькі множыцца...