Дастаткова высокай выручкай і выдатным тавараабаротам можа ганарыцца магазін райпа “Тавары для дома”. 80 працэнтаў прадукцыі, якую тут рэалізуюць, – беларускай вытворчасці.

І менавіта яна карыстаецца найбольшым попытам. Пра гэта сведчыць і тое, што ў пакупніках няма недахопу. Толькі станоўчыя водгукі можна пачуць наконт добрушскага фарфору, вырабаў з пластмасы вытворчасці “Палессе”, “Інвед”, “Барысаўская пластмаса”. Асартымент багаты – бочкі і пакеты для засолкі, салатнікі, мерныя кубкі, наборы посуду і інш. Усё гэта “разыходзіцца” штодзённа і не залежваецца на паліцах.
Дарэчы, не так даўно спіс недарагіх і якасных тавараў папоўніўся прасавальнымі дошкамі і прыгожымі наборамі для ванных пакояў, патэльнямі “Шэф-повар” (Мінск). Калі параўноўваць кошт, то, безумоўна, перавага на баку айчыннай прадукцыі. Напрыклад, патэльня “Шэф-повар”сярэдняй змяшчальнасці і аб’ёму каштуе ў “Таварах для дома” 189 тысяч рублёў, а аналагічная расійскіх вытворцаў – 257 тысяч рублёў. Якасць, па словах прадаўца магазіна Ніны Цырыкавай, у нашых патэльняў, як і ў астатніх тавараў айчыннай вытворчасці, ніколькі не гаршэйшая.

Карыстаюцца попытам наборы нажоў, шкляныя кубкі гродзенскай вытворчасцці ў падарункавых упакоўках. Самае прыемнае, што кожны наведвальнік можа знайсці ў краме штосьці карыснае для дома, а таксама выбраць сувенір ці прыемную дробязь для падарунка, арыентуючыся на ўзровень даходу.