У мінулыя выхадныя ў райцэнтры прайшоў галоўны восеньскі кірмаш.
У гэтым годзе восеньскія сельскагаспадарчыя распродажы ў раёне пачаліся з 8 кастрычніка і завяршыліся галоўным кірмашом у райцэнтры 12 кастрычніка. Расонскае райпа пабывала ў Гарбачэве, Клясціцах, Сакалішчы, Сяляўшчыне, Дворышчы, Краснаполлі і Забор’і. У Расонах у гандлі прынялі ўдзел райпа, сельгаспрадпрыемствы раёна – ААТ «Расонскі аграсэрвіс», КУП «Сяляўшчына», КУП «Дворышча -Рас», ААТ«Клясціцы», а таксама сялянска-фермерскія гаспадаркі, лясгас,Расонская школа, індывідуальныя прадпрымальнікі з Міёраў і Міёрскага раёна, Полацка. Актыўна ўдзельнічалі ў кірмашы Дом рамёстваў, работнікі культуры. У гэты раз гандаль значна пашырыў асартымент прапанаванай прадукцыі, таму што ўлічылі папярэднія пажаданні пакупнікоў .
Раніцай у суботу прадаўцы, што расклалі тавары на прылаўках і вітрынах, чакалі свайго пакупніка. Бойка ішоў гандаль бульбай, капустай, цыбуляй, морквай і іншай гароднінай. Акрамя сельгаспрадукцыі, выдатна раскупляліся саджанцы дрэў і кветак. У шырокім асартыменце сваю прадукцыю, у тым ліку і навінкі, прадставіў наш хлебазавод–тарты, піражкі з рознымі начынкамі, а таксама выпечку.

Прыцягваў мінакоў духмяны пах шашлыкоў, і тыя, хто ўжо закончыў з пакупкамі, маглі паспрабаваць іх у спецыяльна збудаваных палаткавых кафэ. Там жа прапанавалася падсілкавацца і гарачай поліўкай.

Але кірмаш – гэта не толькі закупка харчоў да зімы, перш за ўсё гэта свята. Тут госці могуць не толькі набыць свежыя прадукты, але і ўспомніць пра старыя традыцыі патанцаваць і павесяліцца. Арганізатары падумалі і пра культурную праграму: са сцэны лілася народная песня ў выкананні фальклорнага калектыву «Крыніца», трукі паказвалі юныя акрабаты, а скамарохі жартавалі і забаўлялі публіку.

Наведвальнікаў восеньскага кірмашу было дастаткова. Аднак можна было пачуць розныя меркаванні наконт арганізацыіі мерапрыемства і асартыменту. Адным усё прыйшлося даспадобы, другім – наадварот. Арга-нізатары ўважліва вывучылі попыт і прапановы насельніцтва на кірмашы, і будзем спадзявацца, што яны абавязкова ўлічаць пажаданні ўсіх тых, для каго, уласна, працуюць вытворцы і нарыхтоўшчыкі .

