На мінулым тыдні ў Расонскай школе разгарнулася сапраўдная восеньская выстава- кірмаш, у якой прынялі ўдзел вучні 1-х-11-х класаў. Як патлумачыла намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Алена Таратутка , мерапрыемства прайшло жыва і цікава. Свята стала яркай падзеяй, якая з'яднала школьнікаў як Расонскай школы, так і ўсяго раёна. 
Арганізатары прапанавалі вучням пазмагацца ў 5-ці намінацыях: «Прадстаўленне каманд», «Выраб з прыродных матэрыялаў», «Кулінарны шэдэўр», “Гародніна - гігант» і «Мадэлі касцюмаў з экалагічных матэрыялаў». Хлопцы і дзяўчаты (не без дапамогі бацькоў) папрацавалі на славу: сталы прагіналіся ад кулінарных дэлікатэсаў, вочы разбягаліся ад багацця вырабаў, юныя мадэлі дэманстравалі модныя сукенкі, зробленыя з экаматэрыялаў. Увогуле, жыццё кіпела, як на сапраўдным кірмашы.
Па завяршэнні выставы журы падвяло вынікі. Зрабіць гэта было вельмі цяжка – гэтак добра падрыхтаваліся вучні. У кожнай намінацыі знайшоўся свой лідэр . Усяго ў гэты дзень Граматы атрымалі 25 каманд.
Зборнай камандзе пяцікласнікаў і шасцікласнікаў даверылі прадстаўляць Расонскую школу на раённым кірмашы сярод устаноў адукацыі раёна, які праходзіў на базе Цэнтра дзяцей і моладзі 26 кастрычніка.
На свята сабраліся прадстаўнікі з 7-мі школ. Каб прыцягнуць пакупнікоў, вучні загадзя зрабілі касцюмы, намалявалі цэннікі, з густам расставілі тавар.
Нядзіўна, што ў Цэнтры дзяцей і моладзі было не праціснуцца. Пры гэтым школьнікі выглядалі радаснымі і шчаслівымі. І гэты кірмаш толькі пацвердзіў , што школы мабілізаваны на вялікую важную агульную справу. Усе стараліся не толькі зарабіць грошы, але і ўразіць. Дарэчы, атрыманыя ад продажу тавараў сродкі пойдуць на школьныя патрэбы. Юныя прадаўцы тавару прынеслі столькі , што хапіла і прадаць, і самім начаставацца.
Між тым, кірмаш – гэта яшчэ і агляд школьных талентаў. Таму на мерапрыемстве ацэньваліся не толькі кулінарныя шэдэўры, але і вырабы, і касцюмы, і гародніна -гігант.
Ва ўсіх пяці намінацыях перамогу атрымала зборная Расонскай школы, другімі сталі вучніСяляўшчынскай школы, трэцімі – Клясціцкай.
У Расонскай школе падобнае мерапрыемства прайшло ўпершыню, але, як запэўніла Алена Таратутка, абавязкова стане традыцыйным, як і раённы восеньскі кірмаш .