"Мая Маруська была самая прыгожая!"У далёкім 1948-м ёй было толькі пятнаццаць, а яму споўнілася семнаццаць. Першы раз яны ўбачылі адзін аднаго на вясковым вяселлі. Мікола – хлопец статны, высокі, з адкрытым позіркам, ды яшчы і гарманіст выдатны. Марыльцы ён спадабаўся з першай хвіліны. Яна ж зусім дзяўчо – тоненькая, хуткая, вельмі сімпатычная – Мікалаю таксама прыйшлася па душы. З таго моманту для яго больш не існавала другіх дзяўчат, жыццё набыло сэнс, а ў душы назаўсёды пасяліўся яе непаўторны вобраз. «Мая Маруська была там самая прыгожая!» – з гонарам кажа мужчына. Ён жа для яе быў самы вясёлы, самы жаданы, самы-самы. Два гады запар яны з нецярплівасцю чакалі нядзелі, каб зноў сустрэцца на танцах, дакрануцца да гарачых далоняў, падарыць усмешку, палюбавацца каханым чалавекам. Па ўсім было бачна, што вясёлы гарманіст і жвавая танцорка складуць выдатную пару. Так і адбылося.
Сапраўдная фата і макароны з малаком
16 красавіка 1950 года ліў моцны дождж, але юная нявеста завяршала сваё вясельнае ўбранне. Спецыяльна купленая фата была ў той час вялікай рэдкасцю, таму Маруся акуратна заколвала яе шпількамі, дадаўшы да цюлевай тканінкі традыцыйныя для вёскі пралесачкі. З люстэрка на яе глядзела 17-гадовая прыгажуня, якую прама сёння яе Міколка будзе клікаць не інакш, як жонка. Ох, Марусечка...
Маладых вязлі на кані, астатнія госці ішлі пешшу. Гасцей у матчынай хаце Мікалая ў Ізабыліна сабралася шмат – вяселле было святам не адной вёскі. Асаблівых прысмакаў тут не назіралася: самымі смачнымі на стале былі катлеты, больш падобныя на дранікі (крышку мяса і многа бульбы) ды варанае мяса. «Вялікім дэлікатэсам – з усмешкай успамінае Марыя Іванаўна, – тады былі макароны, якія з Ленінграда прывёз нехта з гасцей. Іх зварылі і забялілі малаком. Як было смачна, а вось цяпер смешна!».
Два гады маладыя жылі, як галубок з галубкаю: дзень за днём адносіны іх рабіліся больш мудрымі, стабільнымі, пры гэтым заставаліся надзвычай трапяткімі. Можа, таму і праца была ў радасць. Працавалі ў калгасе, вярталіся дамоў і зноў працавалі – ужо ва ўласным двары. Жылі разам са свякрухай Марусі, якую яна яшчэ са сватоў стала зваць маці. «За ўсё жыццё толькі добрае ад яе бачыла, нават позірку ў мой бок няветлівага не было – залаты, дарагі чалавек была яна,» – кажа Марыя Іванаўна і зноў усміхаецца.
Калі Мікалаю споўніўся 21 год, яго забралі матросам на цэлых чатыры гады! Яна абяцала чакаць. Штодзень каханкі слалі адзін аднаму па лісту. Здаецца, якіх падзей можна было назбіраць за адзін толькі дзень у жыцці маладой вясковай жанчыны і служывага марака, які жыве па распарадку? Але гарачыя сэрцы нашэптвалі гімны каханню і ляцелі словы вернасці і прызнанняў у далёкую вандроўку, каб парадаваць закаханага.
Калі любіш - беражэш! Так коратка адказала Марыя Іванаўна на маё пытанне пра сакрэт свайго сямейнага шчасця. Каханага не хочацца параніць нават словам, імкнешся дагадзіць, выклікаць усмешку. Тады ён сам будзе цярплівым, пойдзе насустрач, парадуецца разам з табою.
...Ён будаваў дом, яна была побач. Па гаспадарцы заўсёды разам. Працаваць яны ўмелі і жылі таму заўсёды ў дастатку. Куры, качкі, свінні, свінаматкі, авечкі, карова – тое, што дапамагала вывучыць дачок, дазваляла купіць тэхніку для апрацоўкі вялікага агарода, давала ўпэўненасць і стабільнасць.
У кожнага свае захапленне: ён рэзчык па дрэву і ўвогуле майстар на ўсе рукі. Любіць гаспадар і тэхніку, таму адзін з першых у вёсцы займеў фотаапарат, і цяпер фотаздымкаў у сямейнай пары назбіралася за ўсё жыццё на цэлы архіў. А яшчэ Мікалай Мікалаевіч пчаляр – гэта яго галоўная песня, яго найлепшы адпачынак! З 25 пчаліных хатак цяпер засталося 20: заўсёды з мёдам на зіму не толькі дзеці і ўнукі, але і ўсе знаёмыя, і сябры! Марыя Іванаўна з маладосці шыла, вышывала, вязала. Нават сукенку на другі вясельны дзень старэйшай дачцэ шылі клапатлівыя і ўмелыя рукі маці.
Але і дабрабыт, і захапленні, упэўнены ў сямействе Хацько, могуць атрымацца і быць у радасць толькі на падмурку кахання, якое берагчы трэба з самай маладосці.
Нас ужо семнаццацьКаханнем сваім Марыя і Мікалай не толькі прараслі адзін у аднаго, але і працягнулі свой род. Дзвюх дачок нарадзілі: разумных, добрых, клапатлівых. Тыя прывялі зяцёў – не горш, чым сыноў прынялі іх у сям’і бацькоў. А цяпер багатыя Хацько і на ўнукаў, і на праўнукаў. «Ведаеце, нездарма будаваў Мікола такі вялікі дом. Калі збіраецца ўсё наша сямейства, а нас ужо семнаццаць, то месца хапае ўсім!» – гаворыць з гонарам Марыя Іванаўна. Трэба адзначыць, што ні дзеці, ні ўнукі іх не забываюць. Кожныя выхадныя ў хаце свята – прыязджаюць госці. Апошні раз унучкі не толькі прыехалі павіншаваць дзядулю з бабуляю з Днём Перамогі, а яшчэ і дапамаглі пасадзіць грады, што так прыемна...
Крычалі : "Горка!" у 60 разА месяц назад у дзень 60-й гадавіны сумеснага жыцця Марыя Іванаўна і Мікалай Мікалаевіч прымалі шчырыя віншаванні. У вялікай хаце грала музыка, стаяў дзіцячы гоман, а маладым у 60-ты раз крычалі «Горка». І яны цалаваліся, як у гады маладосці! Застаецца толькі і нам пажадаць гэтаму саюзу доўгіх год шчаслівага жыцця!