9-гадовай дзяўчынцы з глыбінкі Беларусі ўвайсці ў лік пераможцаў Міжнароднага фестывалю-конкурсу – не проста поспех, а феерычнае прызнанне таленту і артыстызму юнага даравання. Менавіта такім чынам можна ахарактарызаваць вынікі выступлення салісткі ўзорнай эстраднай студыі «На-дзея» Юліі Івановай на 6 Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячай і юнацкай творчасці «Окно в Европу», што прайшоў у Санкт-Пецярбургу.
Паспрабаваць свае сілы ў вакале ў паўночную сталіцу прыехалі 150 дзяцей і падлеткаў з Казахстана, Беларусі, Украіны і, зразумела, самой Расіі, геаграфія якой была прадстаўлена ад Сочы да Уладзівастока. Наша Юля выступала ў намінацыі «Эстрадна-джазавы вакал (сола)», узроставая катэгорыя 9–11 гадоў.
У першым туры фестывалю-конкурсу яна бліскуча выканала песні «Мир цветной» і «Утро», што дазволіла ёй і яшчэ 17 выканаўцам у гэтай намінацыі прайсці ў фінальны другі тур, дзе і разгарнулася жорсткая барацьба за прызавыя месцы. Юная вакалістка з Расон настолькі натхнёна і дасканала праспявала сусветна вядомую «Ава-Марыю», што члены журы аднадушна аддалі ёй трэцяе прызавое месца, а разам з ім кубак і Дыплом.
– Вельмі таленавітая і перспектыўная дзяўчынка, – дзялілася сваімі меркаваннямі наконт выступлення Юлі на фестывалі з кіраўніком студыі «Надзея» Таццянай Фамінчук старшыня журы – дацэнт Маскоўскага інстытута сучаснага мастацтва, старшы выкладчык эстраднага вакалу Расійскай акадэміі тэатральнага мастацтва і Дзяржаўнага музычнага каледжа эстраднага і джазавага мастацтва Людміла Афанасьева.
– Думаю, што ў яе вялікая будучыня. Таму прапаную паўдзельнічаць у Міжнародным конкурсе «Улыбка мира» ў горадзе Адзінцова і ва Усерасійскім вакальным турніры «Голос Будущего» ў Валгаградзе. Думаю, і там Юля мае шанец заняць высокае месца.
На конкурсе было адзначана не толькі вакальнае майстэрства расонскай зорачкі, а і высокія прафесійныя якасці самой Таццяны Мікалаеўны. Наш выкладчык атрымала Удзячны ліст, у якім напісана: «Вы внесли свой особый, так необходимый одарённым детям, вклад в развитие их способностей и таланта.
Только благодаря Вашей творческой деятельности и высокой профессиональной подготовке удалось добиться такого успеха. Хочется пожелать Вам успехов в Вашей работе, направленной на воспитание у детей чувства прекрасного, на развитие их способностей и талантов. Большое Вам спасибо, и надеемся на дальнейшее сотрудничество».
Слова Таццяне Мікалаеўне:
– Пяцідзённая паездка на фестываль-конкурс у Санкт-Пецярбург не адбылася б, калі б не падтрымка старшыні райвыканкама Аляксандра Шубскага, які зацікаўлены ў прасоўванні нашых таленавітых дзяцей на вялікую сцэну, што, безумоўна, працуе на фарміраванне іміджу Расонскага раёна. Асаблівая ўдзячнасць і прадпрымальнікам Юрыю Жынгелю і Анатолю Барадулькіну, якія падтрымалі нас фінансава і абяцалі гэта рабіць і надалей. Думаю, агульнымі сіламі не толькі Юля, але і іншыя маленькія дараванні Расоншчыны змогуць у поўнай меры раскрыць свой талент.