
Зборная каманда Расонскага лясгаса заваявала трэцяе месца і кубак на абласным конкурсе вальшчыкаў лесу «Лесаруб – 2012», што прайшоў у пасёлку Балбасава Аршанскага раёна. Прадстаўнікі ўсіх лясгасаў Віцебшчыны, зборных Беларусі розных узроставых катэгорый сабраліся на штогадовыя адкрытыя спаборніцтвы. На старт выйшла 21 каманда. Сярод іх і нашы прызёры – майстар лесу Уладзімір Гарэлаў з Забор’я, вальшчыкі лесу Васіль Раманаў і Сяргей Місюк з Краснаполля і Клясціц.У праграме шматбор’я былі валка дрэў строга па вызначаным маршруце, раскрыжоўка, пілаванне бярвення, абразанне сукоў, мантаж ланцугу для бензапіл. Спаборніцтвы прайшлі ў атмасферы здаровай канкурэнцыі па міжнародных правілах. Судзілі рэферы міжнароднай катэгорыі з Мінска.
Паколькі прафесія вальшчыка з’яўляецца дастаткова небяспечнай, то вялікая ўвага на ўсіх этапах надавалася выкананню правілаў тэхнікі бяспекі. – У асабістым заліку да прызавога трэцяга месца мне не хапіла 2 ачкі, – кажа адзін з удзельнікаў каманды Уладзімір Гарэлаў.
– Але, тым не менш, мне давялося спаборнічаць з дзеючым чэмпіёнам Беларусі, якому і дасталося першае месца. Я ж стаў чацвёртым, набраўшы 1558 ачкоў (чэмпіён свету набіраў 1630). У гэтым годзе выступаць было крыху складаней, чым звычайна: па-першае, мы змагаліся па сусветных стандартах і ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў стаў у разы вышэй, па-другое, падвяло надвор’е, ўвесь час ішоў дождж.
Дарэчы, Уладзімір Гарэлаў удзельнічае ў спаборніцтвах такога кшталту больш за дзесяць гадоў і для яго яны сталі спортам і захапленнем адначасова. Кожныя, натуральна, запамінаюцца і цешаць па-свойму: калі грашовымі ўзнагародамі і прызамі, а калі прыемнымі ўспамінамі. Грамат пераможцы ў індывідуальным заліку ва Уладзіміра шмат. Ёсць і сур’ёзныя ўзнагароды: у 2007 годзе ён стаў другім у рэспубліцы па валцы лесу. Каго не вельмі радуе падобнае становішча спраў, так гэта жонку майстра, якая па-сапраўднаму раўнуе яго да пілы.
– Не тое, каб яна не ўхваляла майго захаплення, – тлумачыць Уладзімір. – Справа ў тым, што спаборніцтвы, як правіла, прыпадаюць на гарачую пару сельскагаспадарчых работ каля дому. Мы ж у вёсцы жывём, а значыць, і агарод, і гаспадарка маюцца. А перад спаборніцтвамі трэба падрыхтавацца: патрэніравацца, сабраць інструменты, сабрацца з думкамі, вось я і знікаю на час.
Дарэчы, для выступленняў Уладзімір выкарыстоўвае спецыяльную пілу «Штыль». Яна адрозніваецца ад звычайных хуткасцю, асаблівай укамплектаванасцю. Інструмент майстар беражэ як зрэнка вока, і ў чужыя рукі ніколі не перадае. На пытанне «Ці ёсць у майстра любімы этап спабор-ніцтваў» ён паціскае плячыма:
– Цяжка сказаць. Кожны від значны і па-свойму цікавы. Але тое, што самы непрадказальны і складаны – валка, – гэта дакладна. У гэтым годзе ў конкурсную праграму ўвялі новы этап – эстафету. Новаўвядзенне ўспрынялі на «ўра», як удзельнікі, так і гледачы спаборніцтваў, паколькі гэта перш за ўсё прыгожае відовішча.
– Ці хвалюецеся перад выхадам на этап? – пытаюся Уладзі-міра. – Вядома, хваляванне прысутнічае. Але ўсё-такі звычка працаваць на публіцы і велізарная колькасць выступленняў, якія засталіся ззаду, выпрацавалі пэўны імунітэт да страху. Я навучыўся спраўляцца з хваляваннем і магу з упэўненасцю сказаць, што ўсяму можна навучыцца, галоўнае – жаданне.
Бо ў нас у краіне зусім нядаўна сталі практыкаваць камандныя зборы, але нават гэта не замінае мне дома, на працы, у вольны час практыкавацца з пілой. Любое майстэрства павінна адточвацца.
І хай не ўсім лесарубам на гэты раз пашанцавала, майстэрства яны не стомяцца ўдасканальваць. Пасля заканчэння конкурсу ўдзельнікі вярнуліся на свае лясныя дзялянкі, каб у наступным годзе выступіць без сучка і задзірынкі.
Па выніках спаборніцтваў першае месца заваявалі глубачане, за якімі размясціліся прадстаўнікі Бягомльскага і Расонскага лясгасаў. Усе пераможцы атрымалі грашовыя прызы і каштоўныя падарункі. Не былі забыты і юніёры.
І яшчэ адзін момант: гэтым летам нашым лесарубам адпачываць няма калі. 21 ліпеня яны будуць адстойваць гонар вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Ёсць надзея, што апынуцца яны і на юбілейным, 30-м сусветным першынстве, якое пройдзе ў алімпійскім спарткомплексе «Раўбічы».