На Расоншчыне жыве шмат хлебасольных людзей, якія ветлівыя з кожным, хто пераступае парог іх хаты. Яны і гутарку падтрымаюць, і стол накрыюць, кіруючыся старажытнай славянскай прымаўкай “Чым багаты, тым і рады”. Да ліку падобных гаспадароў у аграгарадку Сяляўшчына адносіцца сям’я дэпутата Янкавіцкага сельскага Савета Анатоля Іосіфавіча Анцана і яго жонкі Аляксандры Арсенцьеўны.Гасціннасць гэтых людзей я змагла ацаніць на ўласным вопыце, калі некалькі дзён таму завітала да іх. У садзе, сярод яблынь і кветак, мяне чакаў стол з прысмакамі, у асноўным прыгатаванымі з таго, што вырашчана самімі гаспадарамі. “Паспрабуйце, калі ласка,” – звярнулася да мяне Аляксандра Арсенцьеўна, падсоўваючы бліжэй талеркі. Адмовіцца, шчыра кажучы, было цяжка.
Муж і жонка нарадзіліся на Расоншчыне, у сялянскіх сем’ях, таму працаваць на зямлі і даглядаць хатнюю жывёлу навучыліся з дзяцінства. Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута працавалі ў Бухаўскай школе. Анатоль Іосіфавіч – дырэктарам і настаўнікам матэматыкі, Аляксандра Арсенцьеўна – настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Там і ажаніліся. У Бухаве нарадзілася іх старэйшая дачка.
У 1980 годзе перабраліся ў Сяляўшчыну, дзе абзавяліся ўласным домам. Ён быў толькі што пабудаваны і патрабаваў яшчэ шмат сіл і намаганняў з боку новых гаспадароў. Маладыя з энтузіязмам узяліся за справу і адначасова пачалі заводзіць хатнюю жывёлу, бо якая вясковая сядзіба без падсобнай гаспадаркі? Спачатку ў хляве з’явіліся качкі, потым некалькі парасят і карова. Прафесія настаўніка аднімала ў мужа і жонкі шмат часу, аднак адмаўляцца ад падсобнай гаспадаркі яны не збіраліся. Дапамагала ўзаемавыручка. Пакарміць жывёлу, падаіць карову магла як Аляксандра Арсенцьеўна, так і Анатоль Іосіфавіч, які выдатна з гэтым спраўляўся, дзякуючы даўнішнім урокам матулі. Затое на стале заўсёды былі некалькі відаў мяса, свежыя малочныя прадукты. Асабліва яны былі дарэчы, калі вучыліся дзеці. А іх у сям’і трое.
Сёння Анатоль Іосіфавіч і Аяксандра Арсенцьеўна на заслужаным адпачынку і могуць шмат часу прысвячаць любімаму занятку. У іх хляве двое парасят, козы Мілка і Прыгажуня, казёл Кузя і з дзясятак курэй.
– Многія сцвярджаюць, што трымаць парасят – не выгадна, – разважае жанчына. – Канешне, калі іх карміць хлебам або камбікормам, то так. Але ж можна і інакш. Мы, напрыклад, вырошчваем бульбу і буракі на сваім участку, штогод каля 40 сотак засяваевым збожжавымі культурамі. Некалькі год таму набылі электрычны млын, на якім перамолваем збожжа для свіней. Таму ў магазіне для іх іншы раз купляем толькі вітамінныя дабаўкі. Свінні вырастаюць неблагія. Мяса і сала ўдосталь і сабе, і сем’ям дзяцей.
Вырашчанага на агародзе хапае і для кармлення Мілкі, Прыгажуні і Кузі. Тыя ж бульба, буракі, а ячшэ кукуруза, кабачкі, трава ўваходзяць у рацыён жывёлы. Каб нарыхтаваць на зіму для коз сена і венікаў з лазы, не трэба шмат намаганняў. А, як не круці, паўтара літра каштоўнага казінага малака ад Мілкі (Прыгажуня пакуль што не доіцца), выдатнае дапаўненне да стала сям’і. Гаспадыня робіць тварог, варыць малочныя супы для ўнукаў.
У планах сям’і аднавіць развядзенне трусоў і паспрабаваць заняцца пчалярствам. Для гэтага ў іх ёсць амаль усё неабходнае.
Ёсць у Анатоля Іосіфавіча і яшчэ адно захапленне, якому ён прысвячае ўлетку даволі значную частку свайго часу, – садоўніцтва. Пасадку пладова-ягадных дрэў гаспадар пачаў адразу пасля засялення ў новы дом. Паступова іх колькасць павялічвалася, у тым ліку дзякуючы таму, што гаспадар умее прышчэпліваць дрэвы, эксперыментуючы з сартамі. Расліны, удзячныя за догляд, радуюць мужа і жонку багатымі ўраджаямі яблыкаў, сліў, алычы, вішняў, грушаў. Таксама, як шчодра адорвае морква, баклажаны, агуркі, капуста, цыбуля, памідоры і іншыя прадстаўнікі царства гародніны, што вырошчваюць Анцаны на ўласным агародзе. З усяго гэтага гаспадыня рыхтуе сокі, кампоты, варэнне, салянкі, салаты, марынаваную гародніну і іншыя нарыхтоўкі. На пытанне: “Колькі ўсяго літраў?”– яна засмяялася і адказала: “Некалькі соцень”.
Паспявае Аляксандра Арсенцьеўна займацца і любімымі кветкамі. Іх каля дома і ў садзе вельмі многа. Розныя па вышыні, форме, афарбоўцы, яны ствараюць своеасаблівы рознакаляровы дыван, які прыцягвае позірк любога, хто праходзіць побач.
Як дэпутат Анатоль Іосіфавіч для сваіх выбаршчыкаў з’яўляецца не толькі прыкладам выдатнага бацькі, дзядулі, гаспадара, а і дарадчыкам, і памочнікам у іх штодзённых праблемах. То дарогу пачысціць ад снегу, то вулічнае асвятленне аднавіць, то выпісаць у мясцовай гаспадарцы арганікі – з гэтымі і іншымі пытаннямі звяртаюцца жыхары вуліцы Азёрная да свайго дэпутата. І Анатоль Іосіфавіч імкнецца кожнаму дапамагчы.
Фота аўтара.