Рэдакцыйны аўтамабіль лёгка з’ехаў на падворак з вясковай вуліцы. Чамусьці, паслухаўшы гаворку старшыні Янкавіцкага сельскага Савета Таццяны Кальнінай, адразу можна было здагадацца, не ведаючы нумару дома, – гэта сядзіба Яфіменкаў. Сапраўдных гаспадароў на сваёй зямлі. Выраз “дом сапраўднага гаспадара пачынаецца з брамы ў яго двор” у дачыненні да Фёдара Уладзіміравіча і Вольгі Сцяпанаўны напаўняецца сэнсам спаўна. Аказваецца, прыхарошыць і акультурыць уласны падворак, агарод, сядзібу можна і так, што пазайздросціць кожны. Усё зроблена з толкам, з густам і любоўю.
— Ёсць такая прымаўка: «На адным месцы i камень мохам абрастае», — нагадвае Фёдар Яфіменка, ветлівы малажавы мужчына. — Я люблю жывёлу, люблю зямлю. Вiдаць, маё прызначэнне – быць тут, у Сяляўшчыне. Так, запрашалi паехаць у iншы сельскi раён, але сям’я не згадзiлася, ды i я быў з iмi згодны. Мы прывязаны да гэтых мясцiн, i я лiчу, што тут я больш карысцi прынясу — людзям i зямельцы.”
Больш за 20 год адпрацаваў Фёдар Уладіміравіч вадзіцелем у калгасе, цяпер – на пажарнай машыне ў Сяляўшчынскім лясніцтве.
Як кажуць у сельскім Савеце, залатыя рукі і шчырае сэрца ў мужчыны. Калі бярэцца за справу – робіць яе сумленна, па-гаспадарску. Прыклад таму – добраўпарадкаваная не так даўно Лазарава крыніца. Лясніцтва выдаткавала будаўнічыя матэрыялы, сельсавет грошы, а ўсю работу спраўляў Фёдар Яфіменка. Будынак накрыў шыферам, зрабіў новую агароджу, лесвіцу, упрыгожыў тэрыторыю і пад’езд да святога месца – усё адзін, сваімі рукамі, не шкадуючы асабістага часу. Апошняга ў вяскоўца амаль няма. Работай у лясніцтве не завалены, але па хатняй гаспадарцы многае трэба паспець. У хляве ў Яфіменкаў – карова, свінні, куры... Агарод 40 сотак і небывалыя ўраджаі садавіны і гародніны – што ў нарыхтоўкі, што на корм скаціне. Усё, як належыць. Трэба ж дачушкам-студэнткам дапамагаць. Адна вучыцца ў Гомельскім медыцынскім універсітэце, другая – у Полацкім дзяржаўным. Атрымаць вышэйшую адукацыю вясковым дзяўчат на сёняшні час не так ужо і лёгка. А вось паступілі і вучацца на бюджэтнай аснове!
Фёдар Уладзіміравіч, як чалавек дасведчаны ва ўсiх праблемах сельскай гаспадаркi, з задавальненнем дзелiцца сваiмi думкамi на розныя тэмы вясковага жыцця...
Што значыць любiць зямлю?
Гэта ўсё ад бацькоў, ад каранёў. Вось а 5-й гадзiне я прачынаюся – і на вуліцу. Там перакапаць, там апрацаваць, там яблыньку падвязаць, жывёліну накарміць. Усё гэта раблю разам з жонкай – яна ў мяне сапраўдная гаспадыня, маці, жонка! Ды і прырода вясковая вабiць, яна ўзяла мяне «ў палон».
Гаспадар на зямлi — гэта той чалавек, якому даверылi кавалак зямлi, i ён атрымлiвае ад яго аддачу. Зямля для гэтага i iснуе, каб даваць збожжа, малако i мяса, — гэта ж таксама з зямлi, бо жывёлу мы кормiм тым, што на ёй расце. У гаспадара кожны кавалачак зямлi дагледжаны. Гаспадар рацыянальна выкарыстоўвае зямлю i атрымлiвае з яе максiмум карысцi.
Для чаго аграгарадкі?Аграгарадкi ствараюцца для таго, каб чалавеку было лягчэй працаваць на зямлi. Газ, ацяпленне, добраўпарадкаванне, магчымасць адпачыць, зручнасцi, школа, асфальтаваныя дарогi, клуб, а таксама праца i заробак. Вырашэнне ўсiх сацыяльных i культурна-бытавых праблем дазволiць селянiну больш працаваць, больш аддаваць часу вытворчасцi. У вёсцы — выдатнае жыццё. Мне падаецца, што тут кожны кусцiк родны, а вось гэтыя дрэвы я сам садзiў. Канешне, i ў горадзе, калi б трэба было, прыстасаваўся б. Але мяне не цягне жыць у гэтых клетках. Я люблю свабоду i свежае паветра. Шкада толькi, што жыццё хутка праходзiць. Прыйшоў маладым юнаком, а цяпер ужо і ўнукі не за гарамі. Хочацца яшчэ жыць i працаваць!
Як змагацца з п’янствам? Усё ж мяркую, што жорсткiмi забаронамi не дапаможаш. Трэба болей весцi прапаганду супраць п’янства, расказваць пра дзяцей п’янiц i як iм жывецца. Мне балюча бачыць, як спiваюцца сем’i, як iх дзецi недаядаюць. I крыўдна за людзей, бо цяпер ёсць усе ўмовы, каб жыць i гадаваць дзяцей. Таму трэба гэтым людзям дапамагаць, падказваць, як жыць далей, i выхоўваць — у працы i ў культуры. Канешне, цяжка з iмi размаўляць. Некаторыя становяцца на нармальны шлях, а некаторых даводзiцца пазбаўляць бацькоўскiх правоў.
Каб зарабiць, трэба працаваць. Сялянiну цяпер не будуць плацiць толькi за тое, што ён прыйшоў на працу i адсядзеў тут сем гадзiн. Мы людзей не крыўдзiм: гультаям i п’янiцам налiчваем меней, а тым, хто працуе добра, — болей. Колькi зарабiў — столькi i атрымай.
Я жадаю сялянам настойлiва i ўпарта працаваць, каб палепшыць сваё жыццё. Быць аптымiстам, нiколi не апускаць рукi i верыць, што далей будзе лепей, чым цяпер.
Ці стане прэстыжнай праца калгасніка?Праца калгаснiка стане прэстыжнай, i не праз шмат гадоў, а хутка. Цяпер у многiя моцныя гаспадаркi моладзь з задавальненнем iдзе працаваць. Ды i праца селянiна механiзуецца. На сучаснай ферме замест васьмi даярак працуюць толькi дзве i аўтаматыка. За кошт гэтага i павышэнне заробку адбудзецца.
Дарэчы, Яфіменкі і сябе забяспечваюць прадуктамі, якасць якіх цяжка пераацаніць, і дзяржаве дапамагаюць. У прыватнасці, штодзень здаюць па 20 літраў малака.
Вось такі стыль жыцця – ні хвіліны без справы. Яшчэ і ў лес паспяваюць Яфіменкі ездзіць – па грыбы ды ягады.
На жаль, нядоўга гутарыла з Фёдарам. Няёмка было адрываць яго ад спраў. А раз яны ў мужчыны ёсць, то, упэўнена, ніякімі крызісамі яго не запалохаць. Праўду нашы продкі казалі: пільнуй гаспадаркі – будуць у гаршчку скваркі.