Амаль у кожнай школе ёсць педагогі, якія выхавалі не адно пакаленне дзяцей. Гэта настаўнікі, якія ўжо не асацыіруюцца з тым прадметам, які яны ўсё жыццё выкладалі. Яны па-за гэтым. У нашых успамінах ў іх няма глобуса або цыркуля, сшыткаў у лінейку або ў клетку – у іх ёсць усмешка, зморшчынкі ў кутках вуснаў і вочы: ясныя, добрыя, якія глядзяць на цябе так, як і шмат гадоў назад,–з любоўю.
Наша газета ўжо пісала, што восенню споўнілася 80 гадоў настаўніку Расонскай школы Зінаідзе Сцяпанаўне Сутовіч, якая аддала амаль усё сваё творчае жыццё сярэдняй школе, дзе 36 гадоў выкладала матэматыку. І не варта думаць, што добрыя словы, сказаныя Зінаідзе Сцяпанаўне яе калегамі і вучнямі, – даніна юбілею. Для школы Зінаіда Сцяпанаўна самы важны чалавек, той самы, хто нібы трымае час у яе не такіх ужо і старых сценах.
Мабыць, самы часты эпітэт, што гучыць з вуснаў настаўнікаў-калег і выпускнікоў у адрас Зінаіды Сцяпанаўны, – незвычайная. У чым незвычайная? У тым, што валодае дзіўна рэдкімі ў наш час якасцямі: здольнасцю разумець людзей у любых сітуацыях і бязмежным аптымізмам. Гэта адчувалася ў час нашай доўгай і цікавай размовы.
Дарэчы, на кубак кавы да гэтай унікальнай жанчыны мы напрасіліся самі.
…Гаспадыня адчыніла дзверы, і я не паверыла сваім вачам. «Не можа быць!» – мільганула ў думках. Усмешлівая, элегантнага ўзросту, з акуратнай прычоскай, жанчына зусім не выглядала на свае гады. А прапісананая дата нараджэння (1932 год) у яе пашпарце яўна здавалася памылкай! А як яна размаўляе: мілагучная, граматна пастаўленая мова нібы лілася з вуснаў. І памяць… Зінаіда Сцяпанаўна памятае кожную дэталь свайго жыцця…Як жыла на сваёй радзіме – у Смаленскай вобласці, Руднянскім раёне, – як упершыню пайшла ў школу ў далёкім 1939 годзе і тады зразумела, што абавязкова будзе настаўніцай.
– У першым класе я адвучылася толькі адну чвэрць і захварэла, – успамінае Зінаіда Сцяпанаўна. – Мы жылі на хутары, а хадзіць у сямігадовую школу ў суседнюю вёску ў мяне не было сілы. Так я засталася дома. Аднак вучыцца ўсё роўна не перастала. Паколькі мая маці мела толькі два гады вучобы за плячыма, а гэта лічылася няскончанай адукацыяй, да яе дамоў прыходзіла настаўніца. Мы сядзелі каля гэтай настаўніцы як мышы – слухалі і запа-міналі, што яна тлумачыла. Толькі тая пойдзе, як я тут жа выканаю дамашняе заданне за маці. Да таго, як пайсці ў школу зноў, я ведала ўсе літары, табліцу множання, умела чытаць.
У школе Зіне было лёгка: яна хутка выконвала заданні і дапамагала іншым. 7 гадоў праляцелі, і дзяўчына разам з аднакласнікамі паступіла ў Аршанскае педагагічнае вучылішча. Аднак мясцовыя настаўнікі адгаварылі дзяцей там вучыцца, маўляў, пасля гэтага вучылішча размяркоўваюць толькі на хутары. Тады было прынята рашэнне працягнуць вучобу ў сярэдняй гарадской школе, якую Зінаіда паспяхова закончыла і паступіла ў Віцебскі настаўніцкі інстытут імя Кірава, на фізіка-матэматычны факультэт.
У 1954 годзе маладая настаўніца села ў цягнік Арол-Рыга і прыехала працаваць у Расонскі раён. І адразу ў старэйшых класах. Ці варта казаць, як няпроста зацікавіць школьным прадметам моладзь, якая да таго ж з табою амаль аднагодкі! Гэты этап жыцця, як усё складанае, але цікавае, Зінаіда Сцяпанаўна успамінае з вялікай цеплынёй.
– У Расонскай школе мяне адразу абралі сакратаром настаўніцкай камсамольскай арганізацыі. І вось я ўжо выступаю на кастрычніцкіх святах з трыбуны, вітаю працоўных. Я пасябравала з вучнямі, узяла класнае кіраўніцтва. Са сваім класам мы і на суботнік, і на танцы, – з усмешкай узгадвае Зінаіда Сцяпанаўна. – Адным словам, жылі актыўна.
Праз два гады Зінаіда сустрэла свайго будучага мужа, таксама настаўніка, праўда, фізічнага выхавання. Згулялі вяселле. Яшчэ праз два гады нарадзілася дачушка Галя.
Так закіпела сямейнае жыццё. У хуткім часе з’явіўся і сын Гена. Сутовічы заўсёды жылі дружна. Зінаіда Сцяпанаўна прызнаецца, што ніколі не дазваляла сабе спрачацца з мужам, хаця цяжкасцяў заўсёды хапала. Яна разумела, што дзеці павінны выхоўвацца ў шчаслівай сям’ і і бачыць, гэта.
З маленства Галя была памоч-ніцай маці – правярала школьныя сшыткі, а калі стала ўжо ладнай дзяўчынай, заявіла, што таксама будзе настаўніцай. Маці не супярэчыла, хаця і марыла, каб дачка была медыкам.
Калі дзеці былі народжаныя, дом пабудаваны, яна паступіла зноў, на завочнае аддзяленне.
За столькі гадоў працы ў школе што запомнілася на ўсё жыццё?– пацікавілася я ў Зінаіды Сцяпанаўны.
–Як адзначалі святы. І Кастрычніцкія, і Новы год, і Дзень настаўніка святкавалі дружна і з размахам. Стагадовы юбілей школы быў добры. Гэта той, на якім прысутнічаў Пётр Машэраў. І 130-годдзе школы стала знамянальнай датай. А яшчэ – франтальная праверка,па выніках якой школа атрымала 7 Грамат Міністэрства асветы.
– Хто з Вашай сям’і яшчэ пайшоў па педагагічным шляху?
– Давайце падлічым: муж – фізкультурнік, я , дачка Галя і яе свякроў – матэматыкі. Сын пайшоў па ваеннай сцежцы, аднак ажаніўся на настаўніцы, зноў жа матэматыкі. Маладыя нарадзілі мне ўнучку, якая сёння ўжо працуе настаўнікам у Віцебскім тэхнічным каледжы. Атрымліваецца шасцёра. Так што можна сказаць, што наша сям’я –цэлая дынастыя.
– Чаму абралі матэматыку, а не штосьці іншае?
– Я ведала ўсе прадметы добра, але, пэўна, гэта генетыка: у маёй маці быў матэматычны склад мыслення.
– Вы працавалі разам з дачкой у адной школе?
– Так. І гэта добра, мы часта абмяркоўвалі розныя сітуацыі. Падтрымлівалі адна адну. У рэшце рэшт, вучыліся адна ў адной. Калі падлічыць, у Галіны 3 поўныя выпускі, а ў мяне 5.
– Як быць добрым настаўнікам?
– Працаваць так, каб кожны вучань змог паверыць у свае сілы, зацікавіцца прадметам і паказаць добрыя вынікі. Матэматыка – няпростая, але вельмі неабходная навука, і калі дзіця і не запомніць якіх-небудзь тэарэм, яно ўсё роўна навучыцца шмат чаму: лагічна думаць, шукаць выйсце са складанай сітуацыі і праводзіць выразную сістэматызацыю розных паняццяў.
Зінаіда Сцяпанаўна – настаўнік ад Бога. Яна ўзнагароджана Граматамі Міністэрства, мае медаль за доблесную працу. Застаецца актыўнай і сёння : узначальвае педагагічную арганізацыю ветэранаў працы.
...Людзі змяняюцца, змяняецца час, але непарушнымі застаюцца тыя самыя «вечныя» каштоўнасці, на якіх створаны гэты свет,– сумленнасць і дабрыня. Настаўнік не можа, не мае права не быць носьбітам гэтых паняццяў. Прыклад Зінаіды Сцяпанаўны амаль па-сучаснаму цвёрда гэта даказвае. А добрыя людзі, як і настаўнікі, заўсёды побач. І ніколі не бываюць былымі ...