Сям’ю Зінаіды Валянцінаўны і Пятра Васільевіча Кушняровых з аграгарадка Сакалішча аднавяскоўцы паважаюць не толькі за тое, што яна з’яўляецца прыкладам для пераймання ў пытаннях сямейнага ладу і дабрабыту. Яна ўнікальная яшчэ тым, што муж з жонкай, якія даўно пайшлі на заслужаны адпачынак, працягваюць працаваць на карысць дзяржавы і людзей.
Амаль трыццаць гадоў таму Зінаіда Валянцінаўна і Пётр Васільевіч Кушняровы пераехалі з горада Сарова Ніжагародскай вобласці, а калі больш дакладна – з закрытага пункта Арзамас-16, дзе ў савецкі час збіраліся месяцаходы. Перасяліліся з Расіі ў Беларусь, на сакалішчанскую зямлю, бліжэй да роднай сястры Зінаіды Валянцінаўны, тут і прыжыліся. Самі ж муж з жонкай родам з Верхнядзінскага раёна.
На пенсію жонка пайшла з пасады загадчыцы фермы, хаця іншы раз прыходзілася выконваць функцыі брыгадзіра, лабаранта, а яшчэ аператара машыннага даення. Аднак не паспела жанчына ў снежні адсвяткаваць 55-годдзе, як ужо ў студзені наступнага года ёй прапанавалі ўзначаліць мясцовы комплексны прыёмны пункт тады яшчэ ўнітарнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва. І вось 10 гадоў яна ў страі – кожны дзень на тэлефоне ці ў падворным абходзе сваіх кліентаў. Каму стрыжку прапануе, каму рамонт абутку. За гэты перыяд Зінаіда Валянцінаўна заслужыла павагу і ўдзячнасць не толькі мясцовых жыхароў, але і з нагоды 65-годдзя ў пачатку снежня 2013 года за паспяховую працу была адзначана Ганаровай граматай КУП “Наваполацкбыт”.
Пётр Васільевіч – па спецыяльнасці будаўнік, што некалі збіраў месяцаходы, у роднай Беларусі таксама рэалізаваўся – працаваў у Сакалішчанскай школе і рабочым, і качагарам, а з 2013 года – прараб у сельгаспрадпрыемстве “Сокал”. Мужчына таксама на добрым рахунку ў калег і кіраўніцтва – заўсёды запатрабаваны ў гаспадарцы, а мог бы ўжо 8 гадоў быць на заслужаным адпачынку!
Па словах гэтых працалюбівых лю-дзей, калі з задавальненнем ходзіш на работу, то і дома ўсё паспяваеш, а ў душы застаешся маладым! Прынамсі, Кушняровы ўвесь час даглядалі вялікую гаспадарку – карова, конь, свінні, куры, вялізны агарод. Апошнім часам ад утрымання свіней прыйшлося адмовіцца па вядомых падставах, затое развялі курэй і гусей. Весці хатнюю гаспадарку бацькам актыўна дапамагаюць два сыны і нявесткі – усе разам праводзяць палявыя веснавыя і восеньскія работы. Дзеці падтрымліваюць бацькоў наконт таго, што тыя і на пенсіі працягваюць працаваць на карысць дзяржавы і людзей. Ды і ўнукам добры прыклад падаюць!
Хай так яшчэ будзе доўгія гады!