
Калі сям’я Тамары і Валерыя Глебка з Наваполацка шукала месца для будучай дачы, то многія знаёмыя раілі ім абявязкова звярнуць увагу на мястэчкі Расонскага раёна. Амаль два тыдні спатрэбілася мужу з жонкай, каб знайсці мілы іх сэрцу куточак у весцы Заазер’е Альбрэхтаўскага сельскага Савета.
«Калі толькі пабачылі Заазер’е, адразу ўпэўніліся ў тым, што расонскі край – самы прыгожы, зялёны, азёрны», – кажа гаспадыня сядзібы Тамара Антонаўна (на здымку). А за два гады стары вясковы домік і запусцелую тэрыторыю каля яго Глебка ператварылі ў сапраўдны аазіс, паглядзеўшы на які змяняецца да лепшага настрой і бярэ белая зайдрасць. Завітаем да іх у госці, спытаем пра летняе жыццё-быццё на Расоншчыне?
Калі рэдакцыйная машына пад’ехала да доміка, які тоне ў кветкавым моры, то сумненняў не было – трапілі па адрасе. Менавіта такі малюнак у мяне склаўся са слоў старшыні Альбрэхтаўскага сельвыканкама Валерыя Іванавіча Субача: «Такі бялюткі, да-гледжаны дом, а навокал ружы-ружы, сажалка, газон. Вы не памыліцеся, я ўпэўнены!»
Іду па сцежцы да прыгожай сядзібы. На вуліцы вось-вось ліне лівень, блішчуць маланкі. Гукаю гаспадароў, якія аказваюцца недзе далёка ад ўваходу. Яны ў палісадніку – даробліваюць перад дажджом неабходныя справы. Праз некалькі хвілін да мяне спачатку выходзіць Валерый Паўлавіч, і толькі тады, калі пайшоў дождж, да нас далучылася яго жонка.
«Ведаеце, па мне дык няхай бульба не ўродзіць, а кветкі растуць,» – смяецца гаспадыня. Хаця сама з гонарам падзялілася, што ў пачатку ліпеня на іх дачным стале былі сваі агуркі, капустачка і маладая морква. І ўсё ж агародам Тамара Антонаўна займаецца між іншым, толькі пасля кветак. Апошнія шыкоўнымі дыванамі аздабляюць участак навокал акуратнага дачнага доміка.
Ружы самых розных расфарбовак – яе вялікае захапленне. Спачатку жанчына іх купляла, але вопыт паказаў, што набыты пасадкавы матэрыял часта не адпавядае яе патрабаванням. Таму вырашыла вывучыць складаную навуку вырошчвання царыцы кветак сваімі сіламі. Яна іх чаранкуе, падрошчвае і ўпрыгожвае свае невялічкія соткі.
А яшчэ ў Тамары Антонаўны добра растуць рознакаляровыя лілеі, а таксама шмат-лікія аднагадовыя кветкі – ад аксамітак да віёл, а колькі ў яе яркай герані!
Для таго, каб буяла яе кветкавае каралеўства, жанчына ўжо сабрала цэлую бібліятэку спецыяльнай літаратуры – ад часопісаў да прафесійных выданняў па ландшафтным дызайне. Педагог па прафесіі, яна і да любімай справы падыходзіць сістэмна. І замест рамана пра каханне чытае пра догляд раслін.
Па словах Тамары Антонаўны, яна ўвесь дзень знаходзіцца са сваімі кветкавымі любімцамі – трэба паліць, узрыхліць, прапалоць, абарваць адквітнеўшыя суквецці, а яшчэ ўнесці ўгнаенні і проста паразмаўляць і пахваліць за новую кветку.
Да любімага захаплення жанчына прыцягнула і мужа – Валерый Паўлавіч ужо не толькі разбіраецца ў назвах раслін, а і актыўна дапамагае жонцы падтрымліваць прыгажосць. Па-першае, ён наладзіў паліў, робіць шпалеры і розныя ўпрыгожванні для кветак.
Муж з жонкай упэўнены, што прыгажосць каля свайго дома можна зрабіць дастаткова хутка. Ім спатрэбілася толькі два гады.
За гэты час яны і дом з лазняю адрамантавалі, і зямлю ў парадак прывялі. Але яшчэ не ўсе мары здзейснены і таму кожны дзень працуюць над сваім эдэмам і не стамляюцца здзіўляцца і радавацца зробленаму.
Прыемна, што гледзячы на іх, суседзі прыходзяць за добрай парадай ці просяць падзяліцца расадай кветак. Радуе іх і тое, што апошнім часам не толькі Заазер’е, але і райцэнтр, а таксама ўвесь раён папрыгажэлі. “Нас задавальняе і тутэйшы сэрвіс, і добразычлівыя людзі, і душэўны камфорт, што пануе навокал. Нават нашы дзеці, якія зусім не цікавяцца дачным жыццём, калі ёсць вольная хвіліна, імкнуцца да нас у госці», – кажа ветлівая гаспадыня.
Што тут скажаш? Відавочна, што калі чалавеку справа па душы, то ў яго і атрымліваецца найлепшым чынам, а ўсе, хто з гэтым сутыкаецца хоць трошкі, а пранікаецца цікавым захапленнем. Хай будзе больш такіх сапраўдных гаспадароў на Расоншчыне!